Найсвяцейшае Аблічча

Разнастайныя літургічныя календары падаюць розныя даты цэлебрацыі ўспаміну Найсвяцейшага Аблічча. Каталіцкі Касцёл часцей за ўсё адзначае ўрачыстасць Найсвяцейшага Аблічча ў пятніцу перад Папяльцоваю серадою, а Усходнія Цэрквы — 16 жніўня, прычым у іх традыцыі Найсвяцейшае Аблічча існуе як «Mandilion» («Спас Нерукатворны»). Гэтая ўрачыстаць таксама мае іншую назву: «хуста св. Веранікі». Гэтая рэліквія лічыцца арыгіналам «хусты» і захоўваецца капуцынамі ў італьянскім санктуарыі Манапэла. У іншых месцах і санктуарыях захоўваюцца падобныя выявы Святога Аблічча. Найбольш вядомыя выявы з базылікі св. Пятра ў Ватыкане, палаца Хофбург у Вене, кляштара Святога Аблічча ў Алікантэ і катэдры ў Хаэне (Іспанія), у касцёле св. Барталамея ў Генуі і св. Сільвестра ў Рыме. 

Сёння можна гаварыць пра дзве крыніцы паходжання культу Найсвяцейшага Аблічча. Першая, старэйшая, звязана з літургічнай традыцыяй Усходніх Цэркваў, якія адзначаюць свята ў гонар першай выявы Хрыста і лічаць яе «acheiropoietoes» — створанай не рукою чалавека. Як лічыцца ва ўсходняй традыцыі, кароль Эдэсы Абгар V Укама павінен быў атрымаць цудоўнае аздараўленне з дапамогаю хусты, якою быў выцерты твар Хрыста і на якой застаўся адбітак Яго аблічча. Кароль Абгар прыняў хрысціянства, а хусту з абліччам Збаўцы змясціў на ўваходнай браме. Праўнук жа Абгара адрокся ад хрысціянства і вярнуўся ў язычніцтва. Баючыся прафанацыі хусты, біскуп Эдэсы замураваў яе ў нішы, змясціўшы перад ёю лямпку. Нішу са святою хустаю знайшлі ў сярэдзіне VI ст. — выява была некранутая, а на знешнім баку маскіруючай пліты застаўся яе адбітак. З таго часу культ Найсвяцейшага Аблічча распаўсюдзіўся даволі шырока, і з VIII ст. амаль па ўсім хрысціянскім Усходзе пачало адзначацца свята ў яго гонар. У 944 г. хусту выкупілі ўлады Канстанцінопаля, якім кіраваў тады імператар Раман І Лекапін. У сталіцы Візантыі яна захоўвалася ў касцёле Маці Божай Фарскай да 1204 года.

Культ Найсвяцейшага Аблічча практыкуецца і ў заходнім хрысціянстве. Набажэнства да Аблічча Хрыста практыкавала, напрыклад, святая Тэрэза з Лізьё, якая паводле манаскага імя называлася не толькі Тэрэзаю ад Дзіцяткі Езуса, але таксама і Тэрэзаю ад Найсвяцейшага Аблічча.

Другая крыніца культу Найсвяцейшага Аблічча звязаная з  францішканскай традыцыяй (ХІІІ ст.), якая ўпісваецца ў набажэнства Мукі Пана. Для святых з Асізі (Францішка і Клары) таямніца прыніжэння Божага Сына аж да смерці была пастаяннаю тэмаю разважанняў і малітвы. Святы Францішак склаў Афіцый пра Муку Пана, па якім малілася таксама святая Клара.

Амаль у той жа час (XVI ст.) у паўднёвай Францыі з’явілася плашчаніца (цяпер яе называюць Турынскаю), прывезеная крыжакамі з Канстанцінопаля. Спачатку плашчаніца была выстаўлена як прыватная рэліквія сям’і дэ Шарні ў парафіяльным касцёле горада Лірэй, пасля яна трапіла ў Сабаўдзі і знахо­дзілася ў капліцы, названай у яе гонар капліцаю Святой пла­шчаніцы. Пасля пажару ў капліцы яе павезлі на рамонт да сясцёр кларысак, у якіх яна доўгі час заставалася як адбітак Найсвяцейшага Аблічча. Плашчаніца з’яўляецца святым палатном, у якое Юзаф з Арыматэі загарнуў цела Хрыста. Цяпер яна знаходзіцца ў Турыне. Выява твару Збаўцы на Турынскай плашчаніцы вельмі падобная да выявы Хрыста ў традыцыі Усходняй Царквы, вядомай як «Mandilion», называнаю часам хустаю Веранікі.

Культ Найсвяцейшага Аблічча захоўваецца і пашыраецца ў Ордэне святой Клары, Кангрэгацыі Сясцёр Бэнэдыктынак ад Кампенсацыі Найсвяцейшаму Абліччу нашага Пана Езуса Хрыста і іншых манаскіх супольнасцях.

 

Падрыхтавала Іна Ламака.

Паводле www.zrodlo.krakow.pl.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней