Папа Францішак: Касцёл не з’яўляецца ідэалогіяй

Місія Касцёла не ў распаўсюджванні ідэалогіі або ўзнёслай этыкі, — напісаў папа Францішак у сваім пасланні на 91-ы Сусветны дзень місій, які будзе адзначацца 22 кастрычніка. Ён падкрэсліў, што Касцёл, канцэнтруючыся на зямным поспеху, аддаляецца ад Хрыста. 


У апублікаваным пасланні пад назваю «Місія ў цэнтры хрысціянскай веры» Папа нагадаў, што Касцёл з’яўляецца місійным па сваёй прыродзе. «Калі б гэта было не так, то ён быў бы не Хрыстовым Касцёлам, а адной зсупольнасцяў сярод многіх іншых, якая вельмі хутка ў сваіх мэтах вычарпала б сябе і знікла», сказаў Пантыфік. 

Святы Айцец заахвоціў да засяроджання над тэмаю абавязкаў веруючых людзей у «свеце, падманутым шматлікімі ілюзіямі, параненым вялікаю фрустрацыяй і разарваным вялікай колькасцю братазабойчых войнаў, якія закранаюць менавіта нявінных людзей».

Місія Касцёла, — нагадаў папа Францішак, — скіраваная да ўсіх людзей добрай волі і абапіраецца на сілу Евангелля, якое можа цалкам перамяніць чалавека. «Місія Касцёла — не распаўсюджваць нейкую рэлігійную ідэалогію або ўзнёслую этыку», — заявіў Папа. І падкрэсліў: «У свеце існуе шмат рухаў, якія здольныя ствараць нейкія ўзнёслыя ідэалы або звярнуць увагу на актуальныя этычныя пытанні».

Папа таксама дадаў, што Евангелле з'яўляецца крыніцаю новага жыцця, свабоднага ад панавання граху, асветленага і перамененага Духам Святым. «Свету патрэбна Евангелле Езуса Хрыста», — падкрэсліў папа Францішак. А таксамададаў, што Касцёл працягвае місію добрага самараніна, «перавязваючы крывацечныя раны чалавецтва», і наследуе Добрага Пастыра, увесь час шукаючы тых, хто згубіўся на заблытаных сцежках, якія нікуды не прыводзяць.  

Папа адзначыў, што Евангелле дапамагае пераадолець закрытасць, канфлікты і расізм, несучылюдзям прымірэнне, братэрства і ўзаемадапамогу. Каб спаўняць сваю місію, — лічыць Пантыфік, — Касцёл павінен «пастаянна выходзіць» са «сваёй уласнай выгоды» ікіравацца мужнасцю, каб дайсці да ўсіх, каму патрэбна святло Евангелля.  «Місія Касцёла пабуджае да пастаяннай пілігрымкі па розных пустынях жыцця, па розных перажываннях голаду і прагі праўды і справядлівасці», — дадаў Папа.

Святы Айцец звярнуў увагу на той факт, што Касцёл з'яўляецца не самамэтаю, а «сціплым інструментам». Пантыфік падкрэсліў, што «самадастатковы Касцёл, паспяховы ў гэтым свеце, перастае быць Хрыстовым». «Вось таму мы павінны выбіраць шлях Касцёла хутчэй збітага, у сіняках, бруднага, такога, які выходзіць на вуліцу, чым шлях хворага Касцёла з-за сваёй закрытасці і імкнення да выгодаў, з-за зацвярдзелай прывязанасці да ўласнай бяспекі», — сказаў Святы Айцец.

Папа ўпэўнены у тым, што надзеяй місіі Касцёла з'яўляецца моладзь, якая шукае шляхоў для «рэалізацыімужнасці і парываў сэрца ў служэнні чалавецтву», моладзь, задзейнічаная ў розных ініцыятывах дапамогі, салідарнасці і валанцёрстве. «Як гэта выдатна, што маладыя людзі — пілігрымы ў веры, шчаслівыя, могуць несці вестку пра Хрыста на кожную вуліцу, на кожную плошчу, у кожны куток зямлі!» — напісаў у сваім пасланні папа Францішак. 


Пераклад з польскай мовы Вольгі Качалкі
Паводле deon.pl
Фота: © Mazur / catholicnews.org.uk

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней