Сацыяльнае вучэнне Касцёла будуецца на прынцыпе, які сцвярджае непарушную годнасць чалавечай асобы.
Галоўная навіна Святога Пісання абвяшчае, што чалавечая асоба з’яўляецца Божым стварэннем і ўказвае на тое, што яе характарызуе і адрознівае, а менавіта на тое, што чалавечая асоба створана паводле Божага вобраза.
Касцёл бачыць у кожным чалавеку жывы вобраз самога Бога, які мае і павінен заўсёды знаходзіць сваё тлумачэнне — усё больш глыбокае і поўнае — у таямніцы Хрыста, Божага Сына, які адкрывае чалавеку Бога і самога чалавека.
Шматразова выказваючы гэтую праўду, Касцёл імкнецца перш за ўсё бараніць чалавечую годнасць ад усялякай спробы абмежаваць або сказіць яе вобраз.
У Хрысце Пану Касцёл паказвае чалавеку шлях і першым хоча прайсці гэтым шляхам, заахвочваючы распазнаць у кожным блізкім ці далёкім, знаёмым ці незнаёмым, і, перш за ўсё, у бедным і пакутуючым брата або сястру, за якіх памёр Хрыстус.
Падабенства чалавека да Бога выразна ўказвае на тое, што сама сутнасць і існаванне чалавека звязаныя з Богам самым глыбокім чынам. Гэтая сувязь існуе сама па сабе, а значыць не даецца праз нейкі час і не прыходзіць звонку. Усё жыццё чалавека — гэта пытанні пра Бога і пошукі Бога.
Усё сацыяльнае жыццё Касцёла сканцэнтраванае на асобе чалавека — бясспрэчным пратаганісце. Касцёл шматразова і многімі спосабамі даваў аўтарытэтнае тлумачэнне гэтай праўды, прызнаючы і пацвярджаючы цэнтральнае месца асобы ў кожным асяроддзі і ў кожным праяўленні сацыяльнасці.
Чалавек не з’яўляецца самотнай істотай, ён «па сваёй глыбокай сутнасці — грамадская істота, таму без адносін з іншымі не можа ні жыць, ні развіваць сваіх дараванняў» («Gaudium et spes», 12). Чалавечае грамадства з’яўляецца прадметам сацыяльнага вучэння Касцёла, бо яно не стаіць ні па-за людзьмі, якія ўтвараюць грамадства, ні па-над імі, але існуе выключна для іх. Гэтая важная заўвага знаходзіць сваё адлюстраванне ў сцвярджэнні, што чалавек не з’яўляецца аб’ектам і пасіўным элементам сацыяльнага жыцця, але ёсць і павінен заўсёды быць яго суб’ектам, падмуркам і мэтаю. Ад чалавека бярэ пачатак сацыяльнае жыццё, і менавіта чалавек павінен быць мэтаю ўсіх праяваў грамадства.
Асоба з самага пачатку паклікана да грамадскага жыцця. Бог стварыў чалавека як грамадскую істоту. Грамадскае жыццё не з’яўляецца нечым знешнім у адносінах да чалавека: чалавек можа развівацца і рэалізоўваць сваё пакліканне толькі ў адносінах з іншымі людзьмі.
Кожная асоба па сваёй сутнасці з’яўляецца грамадскаю, таму трэба падкрэсліць, што грамадскае жыццё — гэта тая прыродная характарыстыка, якая адрознівае чалавека ад усіх зямных стварэнняў.
Паколькі на абліччы кожнага чалавека ззяе водбліск Божай славы, яго годнасць перад Богам служыць падставаю для годнасці асобнага чалавека перад іншымі людзьмі. Гэтая аснова істотнай роўнасці і братэрства паміж людзьмі не залежыць ад іх расы, нацыянальнасці, полу, паходжання, культурнай і класавай прыналежнасці.
Да чалавека, які ад самога Бога атрымаў непараўнальную і неад’емную годнасць, звяртаецца Касцёл і служыць яму найвышэйшым і непаўторным чынам, пастаянна паказваючы яму самае ўзнёслае пакліканне, каб ён усё больш поўна ўсведамляў яго і быў вартым гэтага паклікання.
Ганна Страшкевіч,
доктар сацыяльных навук