Навяртанне — гэта змена мышлення. Няхай падтрымае нас у гэтым мудрае слова Божых людзей. Напрыклад, некалькі думак пра цярпенне ад паэта ксяндза Яна Твардоўскага.
Ці ўмеем мы абуджаць у сабе інтэнцыю цярпення? Само па сабе цярпенне можа быць агіднае, але інтэнцыя, усведамленне таго, дзеля чаго я цярплю, — калі адкрываюцца цялесныя раны або мучыць душэўны неспакой, — можа быць сонцам, якое ўсё асвятляе.
***
Калі мы ўцякаем ад аднаго крыжа, звычайна натыкаемся на другі крыж.
***
Калі ўнікаем крыжа любові, нас пачынае прыгнятаць крыж эгаізму. Мы замяняем адзін крыж на другі. Толькі Хрыстовы крыж надае сэнс нашым цярпенням. Узяць крыж Езуса — значыць ісці разам з Ім.
***
Узяць крыж — значыць спакойна прыняць тое цярпенне, якое прыходзіць незалежна ад нас, насуперак нашай волі. Давайце не будзем выдумваць сабе ўласных крыжоў. Прымем той, які прыходзіць з Божых рук.
***
Найважнейшая праўда веры: Езус цярпеў, памёр і ўваскрос.
***
Калі мы будзем кіравацца толькі развагаю, то не растлумачым ні сутнасці цярпення, ні сутнасці няшчасця на зямлі. Якая гэта вялікая справа — даверыцца мудрасці Пана Бога. Адгадванне Божай волі, якая часам пераўзыходзіць нашую людскую развагу, — гэта дар мудрасці, дар Духа Святога.
***
Часам чалавек баіцца цярпення, але Езус сам прайшоў праз усе цярпенні. Адзін са святых перад смерцю пісаў, што яму нічога не ўдалося, акрамя цярпення. Калі цярпенне ўдаецца? Тады, калі ў цярпенні, прыніжэнні, адзіноце я трымаю за руку Пана Езуса.
***
Часам мы глядзім на грэх, цярпенне, смерць і забываем пра Божую ўсемагутнасць. Бог заўсёды знойдзе спосаб падняць чалавека і з нястачы, і з граху, і з цярпення, і са смерці. Свет, поўны Божай любові, яшчэ мацнейшы за свет, які ўпаў.
***
Каля пустой магілы ўваскрослага Хрыста
добра было б усвядоміць, што трэба
прайграць, каб перамагчы,
быць убогім, каб штосьці даваць людзям,
знікаць, каб заставацца,
быць бескарысным,
каб стаць карысным для кагосьці,
жыць у цемры, каб стаць святлом,
памерці, каб жыць,
любіць і не пераставаць цярпець.
Калі здаецца, што ўсё скончылася,
толькі тады ўсё пачынаецца.
З кнігі кс. Яна Твардоўскага «Вазьмі свой крыж»
(Мінск, «Про Хрысто», 2015,
пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка).