Разважанні на Адвэнт. Надзея Айца

Працуючы над сваімі кнігамі, я часта задаваўся пытаннямі: як мы звяртаемся да Бога? Як розныя людзі набліжаюцца да Бога? Як наладжваюць кантакт з Ім? Як моляцца?..


Я зразумеў, што ў кожнага чалавека ёсць любімае імя для Бога, і кожны павінен знайсці свой найлепшы спосаб малітвы да Бога, зварот да Яго. Маё любімае імя для Бога — Айцец.

На жаль, мы жывем у культуры, дзе існуе велізарны крызіс бацькоўства. У вельмі многіх людзей цяжкі досвед бацькоўства. Зразумела, што для такіх людзей, напэўна, даволі цяжка звяртацца да Бога як да Айца. Ім нават цяжка зразумець, што Бог — гэта Той, Хто ўсіх любіць, усё можа, усё дае, заўсёды шчодры, на Каго можна разлічваць, і Хто заўсёды прыглядвае за вамі — гэта Айцец...

Калі мы ведаем, як «выглядае» дрэнны бацька, то можам таксама ўявіць, як «выглядае» добры бацька. Проста трэба змяніць першае паняцце на супрацьлеглае. А калі «ўзяць» добрага бацьку і проста памножыць яго якасці на бясконцасць і ўявіць яго ў глыбіні вечнасці, то ўсё роўна гэта будзе толькі драбіначка таго, як выглядае наш добры тата — Бог Айцец. Ён клапоціцца пра нас, у Яго ёсць неверагодныя планы для нас. Ён хоча ісці разам з намі, гаварыць з намі на працягу дня, хоча напоўніць нас надзеяй.

Прыклад з жыцця Дамініка Альбана

Калі мне было дзевяць гадоў, мае бацькі развяліся. Доўгі час пасля гэтага ў мяне была думка, што я павінен зрабіць уражанне на майго бацьку. Мне здавалася, што калі я чагосьці дасягну ці зраблю ўсё правільна, то ён стане бліжэй да мяне. А калі напартачу ці зраблю нешта не так, то ён аддаліцца ад мяне.

Такая ж сітуацыя была ў маіх адносінах з Богам Айцом. Я раней думаў: «О, калі я зраблю ўсё правільна і дасягну нейкіх вышыняў, то Бог будзе любіць мяне больш». І такое памылковае меркаванне пра мае стасункі з Богам трывала даволі доўга, пакуль у мяне не з’явіўся мой сын, Энтані.

Аднойчы, калі яму было каля трох ці чатырох гадоў, я ўвайшоў у кухню і ўбачыў, як Энтані ўлез на вузкую стальніцу і паўзе ўздоўж яе. Ён узяў нож для стэйка... Можаце сабе ўявіць: трох- ці чатырохгадовае дзіця поўзае з нажом для стэйка ў руцэ. І што я зрабіў? Я падбег да яго, узяў на рукі, прыціснуў да сябе, асцярожна забраў нож з яго рук…

Праз некалькі дзён я разважаў пра гэту сітуацыю і зразумеў, што, калі Бог глядзіць на мяне як на свайго сына і бачыць, што я знаходжуся ў небяспецы, Ён не будзе проста стаяць у баку, ківаць галавою і думаць: «Ах, Божа, што ж ён робіць?» Калі я ў небяспецы, Бог бяжыць да мяне, абдымае мяне, трымае мяне блізка каля Сябе, клапоціцца пра мяне, як гэта робіць любячы і добры тата.

Працяг Мэцью Кэлі

Ведаеце, нават самыя лепшыя таты расчароўваюць сваіх дзяцей. Нават самыя лепшыя таты падводзяць сваіх дзяцей. Мы не можам ускладаць надзею выключнага бацькоўства — альбо мацярынства — на нашых зямных бацькоў. Мы павінны ўскласці гэтую вялікую надзею на Бога як на Айца. Ён — Тата, які застаецца з намі, калі ўсе нас пакінулі. Ён будзе з намі заўсёды. Зразумейце, Бог любіць вас.

Заданне

Выпішыце характарыстыкі Бога Айца, як вы Яго бачыце.

Малітва

Божа Ойча, адкрый маё сэрца на любоў, якую Ты хочаш даць мне.


Мэцью Кэлі — заснавальнік і генеральны дырэктар Dynamic Catholic,
сусветна вядомы спікер, аўтар бэстсэлераў і бізнес-кансультант,
які прысвяціў сваё жыццё, каб дапамагаць людзям і арганізацыям
«стаць-лепшым-варыянтам-самога-сябе».
Яго кнігі былі перакладзеныя больш чым на 25 моваў.

Пераклад Э. Палінеўскай
Паводле dynamiccatholic.com

 

 

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней