Разважанні на Вялікі пост. Магчымасць

Вялікі пост — сапраўды ўнікальны перыяд, які вядзе нас у вясновы час. А ўсім нам патрэбна новая вясна ў розных аспектах нашага жыцця.  Давайце паглядзім на кветку... Чаму расліны зацвітаюць? Яны зацвітаюць таму, што ў нейкі момант становіцца занадта балюча не цвісці і заставацца ў бутоне. Таму яны проста павінны вырвацца і пачаць цвісці.


Думаю, што ўсе мы ў нейкія моманты нашага жыцця адчуваем боль, рэальную патрэбу, рэальны голад, рэальны сум, рэальнае жаданне чагосьці добрага і прыгожага, правільнага, высакароднага. І цяпер менавіта той час, каб вырвацца з гэтага бутона.

Распачынаючы наш шлях праз Вялікі пост, жадаю, каб вы перажылі яго як неверагодную магчымасць вырвацца з мінулага і ўвайсці ў новую вясну вашага жыцця. І гэта новая вясна можа датычыць не ўсяго вашага жыцця, а нейкай часткі. Гэтай часткаю можа стаць ваша духоўнае жыццё.

Мы верым, што Бог хвалюецца не толькі аб нашым духоўным жыцці, яго хвалюе ўвесь чалавек. Таму, мажліва, што вам спатрэбіцца новая вясна ў сферы здароўя і дабрабыту, а, можа, у вашым сужэнстве або адносінах, а можа, у вашым бацькоўстве альбо ў кар'еры.

Новая вясна — заўсёды прыгожая. Мы гэта адчуваем, нават фізічна. Калі прыходзіць вясна, ўнутры нас пачынае прарывацца новая радасць. Мы гэта адчуваем… Прапаную вам падумаць пра гэту новую вясну, пра новую радасць. Таму што радасць і ёсць сутнасць хрысціянства... Бог хоча, каб мы напоўніліся гэтай радасцю, хоча адправіць нас у свет з гэтай заразлівай радасцю, каб падзяліцца ёю з усімі, каго сустракаем на нашым шляху. І мы не можам гэтага зрабіць, пакуль не адкрыем сябе для новай вясны і не адчуем яе самі.

Заданне

Зрабіце велікапосныя пастановы: адмоўцеся ад нечага альбо выпрацуйце новую добрую звычку.

Малітва

Езу, адкрый маё сэрца і розум, каб я змог рэалізаваць Тваю мару для мяне.


Мэцью Кэлі — заснавальнік і генеральны дырэктар Dynamic Catholic,
сусветна вядомы спікер, аўтар бэстсэлераў і бізнес-кансультант,
які прысвяціў сваё жыццё, каб дапамагаць людзям і арганізацыям
«стаць-лепшым-варыянтам-самога-сябе».
Яго кнігі былі перакладзеныя больш чым на 25 моваў.

Пераклад Э. Палінеўскай
Паводле dynamiccatholic.com

 

 

Цэтлікі: Вялікі пост

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней