
Мы праводзім шмат нашага часу, большасць нашага жыцця, працуючы. Таму немагчыма адназначна вырашыць канцэпцыю жыцця, дасягнуць прагрэсу і стаць «лепшай-версіяй-самога-сябе», не гаворачы пра працу.
У нашай культуры мы чуем шмат размоваў аб значнай працы, той, вынікі якой будуць карыснымі і патрэбнымі ўсім людзям. Для мяне, напрыклад, вельмі значная праца — гэта праца настаўніка малодшых класаў і ўрача... Але 98% іншых прафесій не будуць аж такімі значнымі і важнымі. Узнікае пытанне: «А як нам, астатнім 98%, зрабіць так, каб наша праца была значнаю?»
Адказ такі: мы самі павінны прыўнесці сэнс у нашу працу. І мы робім гэта, разумеючы, што ўсё, што мы робім кожны дзень, дапамагае нам стаць «лепшай-версіяй-самога-сябе» ці, наадварот, «горшай-версіяй-самога-сябе». Мы робім гэта, разумеючы, што ўсё, што мы робім кожны дзень, — гэта малітва. Жыццё — гэта малітва.
Ведаеце, св. Павел гаварыў пра ідэю маліцца пастаянна(няспынна). Але ж мы не можам пайсці ў касцёл і маліцца ўвесь час. Тады што ж ён меў на ўвазе? А ён меў на ўвазе тое, што мы пакліканы ператвараць паўсядзённыя моманты нашага жыцця ў малітву. Напрыклад, прапаную адну гадзіну працы ахвяраваць Богу як малітву за вашага сябра, які хворы на рак. І так вы нададзіце неверагоднае значэнне сваёй працы. І не мае значэння, якая гэта праца — лёгкая ці цяжкая, атрымліваеце вы ад яе задавальненне ці не, узвышаная яна ці «халопская»... Цяпер вы надалі ёй надзвычайны сэнс! І гэта тое, што робіць Бог.
Мы шмат часу прысвячаем працы, і наша праца не заўсёды прыемная. Але яна заўсёды можа мець сэнс, калі мы ператворым яе ў малітву.
Малітва
Пане Езу, вядзі мяне ўсё бліжэй і бліжэй да сябе.
Мэцью Кэлі — заснавальнік і генеральны дырэктар Dynamic Catholic,
сусветна вядомы спікер, аўтар бэстсэлераў і бізнес-кансультант,
які прысвяціў сваё жыццё, каб дапамагаць людзям і арганізацыям
«стаць-лепшым-варыянтам-самога-сябе».
Яго кнігі былі перакладзеныя больш чым на 25 моваў.
Пераклад Э. Палінеўскай
Паводле dynamiccatholic.com
Чытайце яшчэ артыкулы з гэтай серыі:
- Разважанні на Вялікі пост. А вы шчаслівыя?
- Разважанні на Вялікі пост. Магчымасць
- Разважанні на Вялікі пост. «Не адмаўляйцеся ад шакаладу»
- Разважанні на Вялікі пост. Жаданне служыць ці дагадзіць?
- Разважанні на Вялікі пост. Вялікія прытворшчыкі
- Разважанні на Вялікі пост. Цалкам недасканалыя