Прайшоў тыдзень малітвы за адзінства хрысціянаў. Ці ўсё на гэтым?

У 1995 г. папа Ян Павел II напісаў цудоўную энцыкліку пра адзінства хрысціянаў: «Ut unum sint» («Каб усе былі адно!»). Паколькі ў Беларусі ёсць шмат канфесій, варта паглядзець на нашыя адносіны ў святле вучэння Папы. Прыкладам малітвы за адзінства з'яўляецца малітва Пана Езуса ў садзе Аліўным, дзе наш Збаўца моліцца, каб яго вучні былі паяднаныя: «Каб усе былі адно, як Ты, Ойча, ува Мне, і Я ў Табе» (Ян 17, 21). Гэтая малітва Езуса павінна ў нас абуджаць малітву да Бога Айца аб адзінстве ўсіх верных Святой Тройцы. У сваім дакуменце Ян Павел II адзначае, што шлях да еднасці няпросты і што мучанікі сярод католікаў, праваслаўных і пратэстантаў, якія аддалі жыццё за веру, з'яўляюцца для нас заклікам яднацца ў наследаванні ім. Іх пазіцыя не дазваляе нам быць падзеленымі.


Экуменізм — гэта перш за ўсё навяртанне сэрцаў і малітва аб еднасці, так званы духоўны экуменізм, які таксама павінен суправаджацца святасцю жыцця, жыцця Евангеллем. Папа падкрэслівае, што гэтая малітва не з'яўляецца нечым неістотным, яна ёсць і павінна быць цэнтральным элементам, а не другасным, бо паходзіць з самой сутнасці місіі Езуса на зямлі. А гэтую місію якраз і працягваюць усе тыя, хто верыць у Хрыста. Ян Павел II настойліва падкрэслівае, што верыць у Хрыста — азначае прагнуць хрысціянскай еднасці, і цытуе папу Яна ХХІІІ, які сказаў, што «тое, што нас яднае, значна мацнейшае за тое, што падзяляе». Прыкладам духоўнага экуменізму з’яўляецца благаслаўлёная сястра Марыя Габрыэла ад Еднасці, трапістка, якая ўсё жыццё правяла ў закрытым кляштары, удалечыні ад свету, у медытацыі і малітве, засяроджанай на 17-й главе Евангелля паводле Яна. Вялікую частку свайго жыцця благаслаўлёная ахвяравала справе яднання тых, хто верыць у Хрыста. Марыя Габрыэла ад Еднасці дапамагае зразумець, што малітва аб адзінстве хрысціянаў не звязана з канкрэтнымі момантамі, сітуацыямі ці месцамі, але з’яўляецца прыкладам для ўсіх, заўсёды і ў кожным месцы. 

Душа экуменізму — гэта малітва, і менавіта з яе мы чэрпаем сілы для дыялогу — не толькі абмену думкамі, альбо пошуку праўды, але і абмену дарамі, рахунку сумлення, які прыводзіць да прызнання ўласнай грэшнасці. Праўда пра тое, што Езус памёр на Крыжы за грахі ўсяго свету, у тым ліку за грахі супраць адзінства хрысціянаў, павінна падштурхоўваць нас да адкрытасці на братоў і сясцёр іншых канфесій. Гэтая праўда дае нам надзею, што праз ахвяру Езуса на Крыжы магчымае паяднанне. Дыялог, якога не можа быць без навяртання, ідзе ў двух кірунках: гарызантальным і вертыкальным, гэта значыць, набліжае нас да людзей і пагружае нас у супольнасць Святой Тройцы. Для дыялогу патрэбна пакора і павага да голасу сумлення; ён грунтуецца на Святым Пісанні, традыцыі і Настаўніцкім інстытуце  Касцёла. Супрацоўніцтва розных канфесій з’ўяляецца вельмі важным, бо для свету гэта аб’яўленне Хрыста і інструмент евангелізацыі. Варта адзначыць, што адна з важнейшых задач наступніка св. Пятра — будаваць адзінства сярод хрысціянаў — і Папа разумее гэтую адказнасць. 

У канцы энцыклікі Ян Павел ІІ адказвае на пытанне, што можа спрыяць адзінству хрысціянаў. Па-першае, малітва, якая павінна выяўляць сум па адзінству і быць адною з абавязковых формаў любові, якую мы выказваем Езусу і Нябеснаму Айцу. Па-другое, адзінства можа быць дасягнута праз падзяку, бо мы не стаім з пустымі рукамі, але сам Дух прыходзіць на дапамогу нашай слабасці ў гэтым клопаце пра адзінства. Па-трэцяе, адзінства можа быць дасягнута праз спадзяванне на Святога Духа, які ведае, як адкінуць згадкі пра мінулае і ўсялякія падзелы. Дух Святы таксама можа даць розум, сілы і мужнасць зрабіць неабходныя крокі да адзінства. Апошняе пытанне: ці наогул магчыма адзінства хрысціянаў? Папа адказвае, што так, таму што для Бога няма нічога немагчымага. Ён таксама нагадвае нам словы Евангелля аб тым, што як дзеці аднаго Бога, мы ўсе молімся словамі малітвы «Ойча наш». Гэтая малітва абавязвае нас падыходзіць да алтара, прымірыўшыся з братамі — без гэтага дар не будзе прыняты. Ян Павел ІІ нагадвае аб важнай праўдзе: толькі дзякуючы Божай ласцы мы будзем здольнымі прыняць на сябе ахвяру, якой вымагае ад нас еднасць.


Айцец Раман Шульц ОР

Цэтлікі: Разважанні

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней