Урокі эпідэміі. Разважанні кардынала Рабэра Сара

«Эпідэмія COVID-19 — гэта „прыпавесць“, якая павінна прывесці чалавецтва да роздуму пра сваю залежнасць ад Бога і памылковых прыярытэтаў, дапамагчы адкрыць сапраўдныя каштоўнасці: давер да Бога, зварот да малітвы, значэнне еднасці ў сям’і і народзе», — зазначыў кардынал Рабэр Сара, прэфект ватыканскай дыкастэрыі Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў.


У размове з журналісткай кансерватыўнага французскага часопіса «Valeurs aktuelles» кардынал Сара гаварыў пра чалавечыя, палітычныя і рэлігійныя «ўрокі» эпідэміі, якая «рассеяла дым ілюзій».

«Мікраскапічны вірус паставіў на калені ап’янелы ад самазадавальнення свет, які лічылі недатыкальным», — падкрэсліў кардынал. Іерарх згадаў пра матэрыялізм, які панаваў у свеце перад эпідэміяй, калі паўсюль гучала: «Можаш спажываць без абмежаванняў». Кардынал Рабэр Сара адзначыў, што «кошт акцый падае і справа даходзіць да банкруцтва. Чалавек, які лічыў сябе усёмагутным, раптам апынаецца ў сваёй суровай рэчаіснасці: голы, а яго слабасць і разгубленасць шакіруюць».

Калі ўсё распадаецца

Гаворачы пра цяжкасці сённяшняй сітуацыі, кардынал Сара звярнуў увагу на яе вырашэнне. «Калі ўсё распадаецца, застаюцца толькі сужэнскія, сямейныя і сяброўскія повязі. Мы нанова адкрылі, што з’яўляемся часткамі аднаго народа, якія звязаныя нябачнымі, але рэальнымі повязямі. Найперш мы нанова зразумелі тое, што ўсе мы залежым ад Бога . Я спадзяюся, што час, праведзены ў сваіх дамах, дазволіць нам нанова адкрыць значэнне нашых адносінаў з Богам і цэнтральнае месца малітвы ў жыцці чалавека. Спадзяюся, што, усведамляючы сваю тленнасць, мы даверымся Богу і Яго Айцоўскай міласэрнасці». Іерарх заахвоціў, каб сем’і і дамы станавіліся «хатнімі касцёламі», у якіх кожны выбар будзе зроблены на хвалу Бога.

Смерць — гэта змёртвыхпаўстанне

«Пытанне пра вечнае жыццё не можа не паўставаць тады, калі штодзённа гаворыцца пра вялікую колькасць заражэнняў і смерцяў. Ці смерць — гэта сапраўды канец усяго?» Такое істотнае, асабліва для секулярызаванай Францыі, пытанне задаў кардынал Сара. «А можа, гэта менавіта тое, што вядзе да жыцця? Уваскрослы Хрыстус з’яўляецца нашай найбольшай надзеяй. Ці падабаецца нам пазіцыя Ёва з Бібліі, які пазбаўлены ўсяго, з пустымі рукамі і неспакойным сэрцам? Што ж засталося нам? Гнеў супраць Бога абсурдны. Нам застаецца толькі праслаўленне, давер і сузіранне гэтай таямніцы».

Спадзяванні на Касцёл

Кардынал Сара сказаў, што цяпер свет «чакае цвёрдага слова Касцёла. Калі ж мы не верым, што з’яўляемся плодам любові і волі Усёмагутнага Бога, то ўсё, што адбываецца, занадта цяжкае для нас і пазбаўлена сэнсу. Як мы можам жыць у свеце, у якім вірус атакуе выпадкова і знішчае нявінных людзей? Ёсць толькі адзін адказ: упэўненасць у тым, што Бог — гэта Любоў і Ён не абыякавы да нашага цярпення. Чуласць адкрывае нашыя сэрцы на Бога і схіляе Яго быць міласэрным да нас. Я веру, што прыйшоў час, каб адважыцца на гэтыя словы веры».

Права на сакрамэнты

На пытанне пра тое, што ў сённяшняй сітуацыі павінны рабіць святары, кардынал адказаў, што ахвяры COVID-19 маюць неад’емнае права на сакрамэнты. Іерарх падкрэсліў, што ў гэты час, калі так шмат людзей памірае ў адзіноце і без суцяшэння, «ніхто не мае права пазбаўляць хворага альбо паміраючага чалавека духоўнай дапамогі святара. Гэта абсалютнае і неад’емнае права хворага.

Велізарнасць ахвяры

«Я веру, што ў гэты час многія святары нанова адкрываюць сваё пакліканне да малітвы і заступніцтва за ўвесь люд. Святар павінен няспынна стаяць перад Богам, каб праслаўляць Яго і служыць Яму. Такім чынам у некаторых закрытых краінах святары знаходзяцца ў сітуацыі, якой даў пачатак Бэнэдыкт XVI, — вучацца чуваць на малітве, быць у адзіноце, прабываць у цішыні і прыносіць гэта ў ахвяру за збаўленне чалавецтва. Святары не могуць фізічна трымаць паміраючага чалавека за руку, аднак адкрываюць для сябе, што ў адарацыі могуць заступацца за кожнага з іх».

Кардынал падкрэсліў, што святары, якія моляцца і цэлебруюць святыя Імшы ў адзіноце, адкрываюць, што «найперш яны з’яўляюцца не кіраўнікамі супольнасцяў, але Божымі людзьмі, людзьмі малітвы, якія сузіраюць Бога і пакланяюцца Яго велічы. Яны спазнаюць веліч эўхарыстычнай Ахвяры, якая для таго, каб даць свае плады, не патрабуе вялікай колькасці людзей. Дзякуючы святой Імшы святар дакранаецца да ўсяго свету».

Гераізм

Кардынал Сара даў таксама свае парады веруючым людзям і асабліва сем’ям, якія ў гэты час могуць адчуць сапраўдную «еднасць святых». Найперш неабходна маліцца і засяродзіцца на Богу. «Важна зразумець, наколькі каштоўны можа быць навык чытання Божага слова, Ружанцовая малітва ў сям’і і прысвечаны Богу час падчас ціхай адарацыі».

«Надышоў час нанова адкрыць сямейную малітву. Час для таго, каб бацькі навучыліся благаслаўляць сваіх дзяцей. Пазбаўленыя Эўхарыстыі хрысціяне ўсведамляюць, якой вялікай ласкай была для іх святая Камунія. Заахвочваю веруючых практыкаваць у сваіх дамах адарацыю, бо няма хрысціянскага жыцця без жыцця сакрамэнтальнага. Езус і надалей прысутны ў нашых гарадах і вёсках. У сітуацыі, калі трэба апекавацца ізаляванымі або бяздомнымі людзьмі, і калі шпіталі просяць аб дапамозе валанцёраў, ад хрысціянаў патрабуецца сапраўдны гераізм».

У фінансавых джунглях

Кардынал Сара сказаў, што многія людзі спадзяюцца, што пасля заканчэння эпідэміі ўсё зменіцца. «Баюся, што, хутчэй за ўсё, наадварот: усё можа распачацца так, як было раней, бо пакуль чалавек не навернецца 2 № 5/2020 Ave Maria да Бога ўсім сваім сэрцам, яго марш у адхлань непазбежны. У любым выпадку мы можам убачыць, як глабальнае спажывецтва раз’яднала адзінкі і зменшыла іх да статусу спажыўцоў, пакінутых у джунглях рынку і фінансаў. Глабалізацыя, аб якой гаварылі, што яны будзе радаснай, насамрэч аказалася толькі ілюзіяй. У цяжкія часы народы і сем’і трымаюцца разам».

Кардынал таксама зазначыў, што крызіс паказвае, што «грамадствы не могуць абаперціся на гаспадарчыя сувязі. Абудзілася ўсведамленне, што мы з’яўляемся народам, які мае межы і можа адкрыць або закрыць іх дзеля захавання сваёй бяспекі. Падмурак жыцця горада — гэта сямейныя повязі і нацыянальная салідарнасць».

Каб не паўтарыць памылак

Напрыканцы размовы з журналісткаю кардынал Рабэр Сара задаў наступныя пытанні: «Ці зможам мы ўтрымаць такую шкалу каштоўнасцяў?» «Ці зможам адбудаваць нашыя гарады не на спажывецтве і гонцы за грашыма? Я лічу, што мы будзем вінаватыя, калі напрыканцы крызісу мы зробім тыя самыя памылкі. Крызіс паказвае, што пытанне пра Бога — гэта не прыватныя перакананні, а пытанне пра фундамент нашай цывілізацыі».


Падрыхтавала Кацярына Дурко
Паводле: lifesitenews.com ewtn.pl
Фота: CNS photo/Paul Haring

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней