Першая просьба «Свяціся імя Тваё»

Разважанні з кнігі Рамано Гуардзіні «Малітва Панская»

<…> Ва ўсіх мовах, на якіх гавораць людзі, ёсць слова, пад якім яны падразумяваюць Найвышэйшую Сутнасць — тое, ад чаго ўсё паходзіць, на што ўсё ўказвае, у чым ўсё атрымлівае свой сэнс, да чаго ўсё скіроўваецца: слова «Бог»… Гэтая глыбокая думка сведчыць пра тое, што чалавек не сам прыдумаў гэтае слова. Яно нібы было дадзена з сабою чалавеку з раю разам з ведамі пра тое, што яно азначае, і цяпер знаходзіцца ў мове чалавека, сярод іншых словаў, і робіць яго ўважлівым, узрушвае яго, вучыць і вядзе…


Аднак з гэтым словам адбылося нешта асаблівае. У вызначаны час у гісторыі Бог паклікаў чалавека і аб’явіўся яму: калі прамаўляў да Абрагама, да патрыярхаў, да Майсея. Тады Ён адкрыўся як Валадар гісторыі, які прыходзіць у сваёй Боскай свабодзе і кліча, і заключае свой запавет з чалавекам. Праз гэта Ён паказаў сваё права на слова «Бог» і ўчыніў яго сваім іменем. І не толькі так, як мы гэта разумеем, калі гаворым пра імя. <…> У сваім першапачатковым сэнсе імя падразумявае больш, чым проста азначэнне: яно змяшчае ў сабе сутнасць названага. Імя — гэта нешта таямнічае; яно нібы ручаецца за таго, хто яго носіць… І вось гэтую таямніцу, якая ў лю дзях і рэчах праяўляецца невыразна, Бог аднёс да сябе і канчаткова пацвердзіў гэта. Ён быццам сам увайшоў у сваё імя. З гэтага часу Ён сам жыве ў сваім імені. Калі ён сказаў пра святыню: «Маё імя будзе прабываць там» (гл. 1 Вал 9, 3), то гэта азначае: Я сам буду прабываць там. <…>

Імя Бога ўвайшло тады ў лік іншых словаў і стала часткаю мовы: і цяпер імя Бога, а разам з ім і сам Бог, прабывае ў чалавечай гісторыі. Яно стала часткаю таго свету вобразаў, які прымае і фармуе чалавека, — мовы; яно увайшло ў чалавека і дзейнічае ў ім, укараніўшыся ў яго быццё. Але Божая запаведзь загадвае: «Не ўжывай імя Пана Бога свайго дарэмна». Глыбокая павага да святога імені жыла ў габрэйскім народзе, і гэта наклала на яго сваю пячатку. Гэтае імя, праз якое быццам сам Бог знаходзіўся ў чалавечай мове, народ атачаў такой глыбокай павагай, што наогул больш не адважваўся яго прамаўляць і, баючыся яго зганьбіць, замяніў іншым словам: Пан.

Так імя Бога, у якім Ён займеў жыллё, прабывае ў свеце.

У гэтым сваім імені Бог вандруе праз чалавечую мову, праз людскія сэрцы, вусны і лёс. І са святым іменем сітуацыя тут такая ж, як і з усімі іншымі словамі: яно — гэта зменлівае, пакінутае на волю лёсу, хісткае быццё... Яно вельмі магутнае, дзейнічае і фарміруе... Яго акружаюць пашанай і ім злоўжываюць. Робяць начыннем, поўным глыбокай пашаны і пакланення, але таксама і прыладаю праклёну. Прамаўляюць, молячыся і благаслаўляючы, але таксама і бяздумна, сумняваючыся, знеслаўляючы, руйнуючы... Так, даходзіць нават да таго, што святое слова блукае сярод людзей, як цень. «Божа мой!» — усклікае нехта, або: «о Божа!», але калі б яго спыталі: «Няўжо ты верыш у Бога?», то ён адказаў бы: «Не... проста так гавораць». Так Божае імя праходзіць праз чалавечую мову без ніякага сэнсу, як прывід... Але, мабыць, больш правільна будзе сказаць: як выгнаннік; як незнаёмец па чужой зямлі.

І вось малітва «Ойча наш...» навучае нас: ты павінен памятаць, што нясеш адказнасць за Божае імя.

Яна не толькі кажа: ты павінен шанаваць яго, але: ты павінен турбавацца пра яго. Ты павінен памятаць пра ягоную святасць, пра ягоную сілу . Ты павінен клапаціцца аб ім. Да таго ж, клапаціцца так, як гэта магчыма толькі ў веры, — ва ўзаемнай згодзе з самім Богам: просячы Яго, каб Ён учыніў так, што святасць Ягонага імя будзе ўспрымацца людзьмі; каб яно знайшло прытулак у сэрцах; каб яно захоўвалася святым сярод людзей.

Але як гэта здзейсніць?

Гэта здзяйсняецца тады, калі гэтае імя ўжываецца не ў святатацтве, а з глыбокай павагай; не ў сумневе, а з вераю; не ў праклёне, а ў благаслаўленні; не руйнуючы, а будуючы; не легкадумна, а сур’ёзна; не ў злых думках, а ў добрых…

Усё гэта праўда, але яшчэ не канчатковая. Пра гэта канчатковае мы не можам сказаць інакш, як толькі так: імя Божае павінна быць святым. Бо святое ёсць канчатковым. Яго ўжо нельга неяк змяніць. Яго можна толькі адчуць, прывітаць, прыняць у сябе або, наадварот, працівіцца гэтаму. Імя Бога святое: маецца на ўвазе асаблівая яго жывасць і выразнасць; яму аднаму ўласціва нешта асабістае, незнаёмае, адасобленае, таямнічае, блізкае, роднае і ўсё, што нам хацелася б сказаць, каб ахарактарызаваць тое простае і невымоўнае, тое бясконцае і паўсюднае, у чым заключаецца ягоная своеасаблівасць. І менавіта гэта мы павінны асвячаць. У нас павінны абудзіцца перакананні і ўнутраныя паставы, прыстасаваныя да святога, якія з’яўляюцца адказам на святое, таму што самі яны паходзяць з яго. І гэтым глыбокім, пяшчотным, інтымным, моцным мы павінны ўнутрана атачаць імя Бога. У сваіх сэрцах мы павінны кленчыць перад гэтым іменем і ахінаць яго далонямі, і аберагаць яго, і рабіць усё, што ад нас залежыць, каб яно не было зняслаўленае. 

Гэта цалкам Боскі клопат, і ён мог бы зрабіць нас саміх святымі. Імя стала б унутры нас сілай; яно пранізала б нас і перамяніла.

І аб гэтым мы просім у малітве «Ойча наш...»: дазволь мне ўсвядоміць гэтую таямніцу. Няхай чувае ўва мне клопат аб хлебе, аб тым, што маё, аб маёй справе, клопат пра ўсё, што годнае і важнае. Але перадусім няхай абудзіцца ўва мне клопат пра Цябе і пра Тваё; клопат аб Тваім імені і яго хвале... і дай мне прабываць ва ўзаемнай згодзе з Табою ў гэтым клопаце…

Як ясна тут становіцца, што такое хрысціянства! Другая з дзесяці Божых запаведзяў абавязвае чалавека не ўжываць імя Бога дарэмна. Гэта быў Закон, і народ, які яго атрымаў, выхоўваўся Богам праз гэты Закон. Потым прыйшоў Хрыстус, і тое новае, што адбылося дзякуючы Яму, становіцца ясна ў гэтай просьбе малітвы «Ойча наш...», над якой мы тут разважалі. Зноў гаворка ідзе пра святасць Божага імя, як і ў Законе; але тое, чаго хоча Бог, Ён выказвае не ў форме Закону, а давярае гэта чалавеку як клопат пра нешта Найсвяцейшае, і праз гэта чалавек заклікаецца да ўзаемнай згоды з самім Богам.


Пераклад з нямецкай мовы Ірыны Бурак
Паводле: Romano Guardini, „Das Gebet des Herrn”. — Mainz, 1932. C. 54–59.

 

Цэтлікі: Біблія

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней