Хаця мы госці і пілігрымы
на гэтай зямлі, аднак, дзякуючы
скарбам часу і вольнай волі,
можам здабыць вялікія багацці.

Св. Кацярына Сіенская


Вельмі часта можна пачуць, што дабрыня — гэта простая рэч, што, у прынцыпе, трэба толькі мець і даваць. Аднак жа на самай справе гэта больш складана. Недастаткова мець і недастаткова даваць.

Вось бацькі, добрыя бацькі, выхоўваюць адзіную дачку ў сям’і і вельмі шмат ёй даюць. Працуюць шмат гадоў, каб дзіця ўсё мела. Даюць, даюць, ствараюць амаль каралеўскія ўмовы жыцця. У выніку, дачка ў свае дваццаць гадоў так паступае ў дачыненні да бацькоў, што яе трэба выкінуць з хаты. Больш за тое, застаецца глыбокае ўсведамленне, што, з кім бы яна ні сустрэлася, абавязкова кагосьці пакрыўдзіць. Вырасла вялікай эгаісткай, якая няздольная нічым падзяліцца, няздольная жыць з іншымі людзьмі, накіраваная выключна на тое, каб браць. Бацькі былі добрымі, аднак жа высветлілася, што менавіта іх дабрыня прывяла да вялікай праблемы.

Я размаўляў з бацькам, якога паўгода таму адвезлі ў Дом састарэлых. Плача: «Ойча, усё маё жыццё было скіравана на тое, каб у дзяцей усё было добра. Жонка памерла тры гады назад. Мы пакінулі ім усё, і цяпер я бачу, як усё растрачваецца і прападае». Ці гэта дабрыня? Ці гэта клопат пра будучыню дзяцей? Мелі, давалі, а да чаго дайшло?

Дабрыня — гэта адказнасць за ўзбагачэнне чалавека тым дарам, які яму перадаецца. Гэта фундаментальная рыса дабрыні. Яна заўсёды мае на ўвазе сталасць і ўзбагачэнне чалавека, а дар — гэта толькі і выключна інструмент. Калі б да кожнага з нас нехта падышоў і ўручыў па мільёну даляраў, то праз год высветлілася б, што, хутчэй за ўсё, толькі адзін з дзесяці быў бы гэтым дарам узбагачаны. Большасць з нас знішчыла б гэты дар. І не толькі таму, што нехта прызначыў бы ахвяраваныя яму грошы на дрэнную справу або стаўся праз іх вялікім матэрыялістам. Не. Нават той, хто хацеў бы падзяліцца гэтым, у многіх выпадках прынёс бы болей крыўды, даючы іншым, чым тады, калі б нічога не даў. 

Сапраўдная дабрыня здольная разлічыць, калі лепш не даваць, чым даваць. Больш за тое, часта дабрыня ў клопаце пра іншага чалавека павінна нешта ў яго забраць, замест таго каб даць.

Таму Бог у сваёй дабрыні не толькі дае тысячы, мільёны дароў, але і, у імя дабрыні, забірае. А мы амаль заўсёды паводзім сябе, нібы дзеці, якія плачуць, бо ў іх адабралі цацку, якая, паводле іх меркавання, неабходная для шчасця. Занадта часта мы лічым, што дабрыня заключаецца толькі ў тым, каб даваць. А яна заключаецца таксама і ў тым, каб забіраць. Пан Бог у запаведзях кажа: не пажадай, а ў Евангеллі Пан Езус кажа: вер і давярай.

Не ўздымаю сёння складанага пытання пра тое, як пагадзіць дабрыню Бога з існуючымі на зямлі пакутамі, пакідаю гэта для іншай нагоды. Хацелася б, аднак, звярнуць увагу, што нашае разуменне дабрыні часта вельмі прымітыўнае. Гэта тая добрасць, якая не мае нічога супольнага з дабрынёю Бога. Дабрыня Бога заўсёды кіруецца мудрасцю і любоўю. Дабрыня патрабуе вялікай мудрасці, бо толькі мудры чалавек можа быць адказным за дар, які пераказвае іншаму чалавеку. Ён павінен ведаць, ці ўзбагаціць яго гэты дар ці знішчыць. Толькі любоў, якая праз дабрыню дзеліцца тым, што мае, можа адкрыць таямніцу ўзбагачэння чалавека. Дабрыня Бога — гэта ўзор для нашай дабрыні. Варта памятаць, што быць добрым, паводле Божай меры, і вучыцца дабрыні ў Бога, — гэта вялікае мастацтва. Трэба ўсвядоміць, што любоў Бога — гэта мастацтва нялёгкае, і яно патрабуе вялікай адвагі і яшчэ большай любові. Толькі тады, калі мы яе здабудзем, мы зможам быць па-евангельску добрымі да сваіх найбліжэйшых, да тых, да каго Бог нас пашле. Няхай жа нашая малітва — штодзённая — спантанная і чытаная, будзе настаўніцаю і прыладаю ў здабыванні гэтага мастацтва, каб не толькі жадаць, але верыць і давяраць.


Айцец Юрый Кулай OCD - кармэліт босы, душпастыр у парафіі Маці Божай Шкаплернай у г. Мядзел Мінскай вобласці, магістр тэалагічнага факультэта Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта імя Яна Паўла ІІ.

 

Ілюстрацыя: Антуан Ансіа. «Хрыстус, які благаслаўляе дзяцей».
1820 г. Версальскі палац (Францыя).

 

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней