
Устанаўленне трывалага міру — гэта не толькі праблема раззбраення. Нават калі б удалося перарабіць усе смертаносныя ракеты на касмічныя караблі, а танкі на веласіпеды, то на кожнай хатняй кухні можна знайсці дастаткова прыладаў, каб пакрыўдзіць чалавека. Мір залежыць не ад таго, што чалавек трымае ў руках, а ад таго, што ён носіць у сэрцы.
Ці можна ў такім неспакойным свеце быць чалавекам спакою? Так, але гаворка не ідзе пра спакой у псіхалагічным значэнні, ні пра салодкае, пазбаўленае клопату жыццё, якое абсалютна беспадстаўна называюць «святым спакоем», ні ўрэшце пра так званы міжнародны спакой, які вельмі часта вынікае проста з раўнавагі страху, а не з добразычлівасці. Гаворка ідзе не пра звыклае людское разуменне спакою, а пра спакой Божы. Езус Хрыстус у кожнай святой Імшы выразна паўтарае: «Спакой пакідаю вам, спакой Мой даю вам». Што такое гэты Езусавы спакой? Гэта стан паяднанага сэрца, стан чалавека, блізкага Богу, стан дзіцяці на матчыных каленях. Вось такі ўнутраны спакой мы павінны несці свету, у якім жывем. «Перадайце адзін аднаму знак спакою», — гэты заклік несумненна змяшчае нешта большае, чым толькі паклон у бок суседа ў часе святой Імшы. Гэта праграма жыцця, а значыць і сённяшняга дня. Таму пытаю (сябе і вас): ці мы сапраўды сеем спакой сярод тых, хто з намі жыве, хто з намі працуе? Ці перадалі мы знак спакою тым, каго сёння сустрэлі?
Быць чалавекам спакою — гэта не значыць быць чалавекам спакойным, ні з кім не сварыцца і ўсім усміхацца. Таму супакойцеся ўсе, хто мае неспакойны дух. Я мяркую, да ўсіх нервовых людзей звяртаўся св. Павел: «Гневайцеся, але не грашыце». Абурэнне, раптоўны парыў сэрца, якое абараняе дабро, можа быць часам найлепшым адказам на зло, якое мы бачым. Аднак найлепш у такім стане не прымаць кардынальных рашэнняў, памятаючы мудрую заўвагу св. Якуба пра тое, што гнеў «не выконвае Божай справядлівасці».
Апроч таго, абавязкова трэба яшчэ ўспомніць пра тое, што быць чалавекам спакою не азначае быць пацыфістам. Пацыфізм — гэта пазіцыя, якая вымагае любым коштам захоўваць знешні спакой. Аднак мы ведаем, што ў іерархіі хрысціянскіх каштоўнасцяў ёсць каштоўнасці болын вартасныя, чым спакой. Мы не з’яўляемся вызнаўцамі спакою, але вызнаўцамі Бога спакою. «Калі гэта магчыма, то захоўвайце мір з усімі». Менавіта — калі гэта магчыма... Тым часам абсалютна непрымальная тая разнастайнасць пацыфізму, якая заснавана на ігнараванні прымянення сілы ў тым выпадку, калі хтосьці перастае бараніць давераных яму людзей.
Святы Максіміліян, хоць і не быў пацыфістам, не бараніўся перад смерцю, і сёння ён з’яўляецца для нас прыкладам. Але калі чалавек перастае бараніць сваіх блізкіх, то ён ужо лічыцца не пацыфістам, а баязліўцам.
Кс. Войцех Бартковіч
Надрукавана ў часопісе «Аve Мaria» № 1-2, 1999 г.