Айцец Раман Шульц ОР разважае над радаснымі таямніцамі Святога Ружанца.
Мне хацелася б паразважаць над радаснымі таямніцамі ў жыцці Божай Маці. Трэба, аднак, разумець, што ў радасных таямніцах святога Ружанца радасць асаблівым чынам пераплятаецца з цяжкасцямі. У лісце св. Паўла да Галатаў мы чытаем, што радасць з’яўляецца плодам Духа Святога, але з гэтага зусім не вынікае, што яна не вымагае высілку. Святы айцец Піо казаў, што «нічога не атрымоўваем дарма», і мы таксама ведаем з уласнага досведу — чым больш каштоўны дар, тым больш за яго мы плацім. Вера якраз належыць да такіх каштоўных дароў.
У першым лісце св. Паўла да Цімафея мы знаходзім вельмі глыбокую і павучальную думку: «Мэта ж настаўлення — гэта любоў з чыстага сэрца, добрага сумлення і праўдзівай веры» (1 Цім 1, 5).
Св. Павел вучыць — каб любіць па-сапраўднаму, трэба выканаць тры ўмовы. Па-першае, Дух Божы павінен сфармаваць у нас чыстае сэрца, то бок сэрца, вольнае ад пыхі і грахоў супраць шостай запаведзі. Па-другое, пры дапамозе Духа Святога нашае сумленне павінна адрозніваць дабро ад зла, каб выбіраць дабро. І трэцяя ўмова праўдзівай любові — некрывадушная вера. Гэтыя тры якасці сталай духоўнасці знойдзем у Марыі, Маці Адкупіцеля: чыстае сэрца, добрае сумленне і некрывадушную веру.
Дазвольце звярнуць вашую ўвагу на веру Марыі, якая добра паказаная ў энцыкліцы «Маці Адкупіцеля» («Redemptoris Mater») Яна Паўла ІІ.
І. У Звеставанні — першай радаснай таямніцы — Марыя з верай прымае словы арханёла Габрыэля. Яе вера падобная да веры Абрагама, айца нашай веры. У лісце да Рымлянаў св. Павел піша, што Абрагам «насуперак надзеі паверыў з надзеяй, што стане айцом многіх народаў» (Рым 4, 18). Марыя таксама паверыла насуперак надзеі, што праз Духа Святога стане Маці Сына Божага — Езуса Хрыста. Абрагам і Марыя верылі ў рэчы, немагчымыя па людскіх мерках. Ян Павел ІІ піша: «Марыя паслухмяная Слову Божаму». А ў лісце да Габрэяў чытаем: «Без веры немагчыма падабацца Богу» (гл. Гбр 11, 6). Мірыям, маладая ізраільцянка, якая чакала прыйсця Месіі, ад моманту Звеставання становіцца таксама Маці нашай веры, пераадольвае нявер’е Евы, перамагае атэізм. Як можна не захапляцца гэтым!
ІІ. Важным адкрыццём была для мяне думка Яна Паўла ІІ аб тым, што вера Марыі ўвесь час развівалася, што сам Бог апекаваўся Яе верай. Папа пісаў, што Марыя была цалкам адкрытая на дзеянне Духа Святога, які ўдасканальваў Яе веру. З гэтымі думкамі пачынаем разважаць над другою радаснаю таямніцаю Ружанца, у якой Марыя чуе ад сваёй сваячкі Альжбеты словы «благаслаўлёная тая, якая паверыла». Гэтымі словамі св. Альжбеты Дух Святы ўзмацняе і спраўджвае веру Марыі. Гэта выдатна паказвае, што Пан Бог клапоціцца аб веры Марыі! Ён прагне, каб і мы ўзрасталі ў веры, каб нашая вера таксама на розныя спосабы пацвярджалася і ўзмацнялася — праз спатканні з глыбока веруючымі асобамі, «прыяцелямі» Пана Езуса, праз сустрэчу з добрай кнігай. Але перад усім Бог узмацняе нашую веру словамі Святога Пісання, праз удзел у Эўхарыстыі і ў сакрамэнце споведзі.
ІІІ. Разважаючы над вераю Маці Божай, мы рушым далей, да таямніцы Божага Нараджэння. Па-чалавечы гэта была вельмі складаная і нават страшная сітуацыя — Сын Божы нараджаецца ў стайні! Аднак мы верым, што шляхі і думкі Пана Бога часта адрозніваюцца ад нашых. У гэтай радаснай і разам з тым складанай таямніцы Бог таксама клапоціцца аб веры Марыі — пасылае ў стайню пастухоў. Яны распавядаюць Божай Маці аб сваім спатканні з анёламі, якія абвяшчаюць вялікую радасць: у горадзе Давіда нарадзіўся Збавіцель! Марыя чуе ад пастухоў слова «збавіцель» — тое самае, якое пачула падчас Звеставання. Словамі пастухоў Бог зноў узмацняе веру Марыі.
Услед за пастухамі прыходзяць мудрацы з Усходу, якія прыносяць Нованароджанаму дары: золата, кадзіла і міра. І вера Марыі атрымлівае чарговае пацверджанне! Праз некаторы час Святая Сям’я будзе вымушаная бегчы ў Егіпет і золата якраз спатрэбіцца бедным мігрантам, каб выжыць. Колькі ж трэба было мець веры і адвагі, каб перанесці пераслед Ірада!
Узгадаем тут св. Францішка Асізскага. Ён, каб наблізіцца да таямніцы таго, як Бог стаўся чалавекам, прыдумаў батлейку, якая паказвае сцэну Божага Нараджэння. Цікавыя разважанні Францішка пра радасць. Пілігрымуючы са сваім братам Лявонам, ён пераконвае таго, што здзяйсненне вялікіх цудаў у імя Езуса, вяртанне зроку сляпым, выгнанне злых духаў, вяртанне слыху глухім і ўваскрашэнне памерлых не з’яўляюцца дасканалай радасцю. Таму што ўсё гэта — ласкі і дары Духа Святога, якія Хрыстус удзяляе сваім верным. Іншая справа — пераадоленне самога сябе і жаданне зносіць мукі, крыўды, абразы і мучэнні дзеля любові Хрыста. Бо іншымі Божымі дарамі пахваліцца мы не можам. Як кажа Апостал: «Будзем жа хваліцца толькі Крыжом Пана нашага Езуса Хрыста».
Атрымліваецца, што таямніца Божага Нараджэння для Марыі і Юзафа з’яўляецца, паводле св. Францішка, той самай радасцю дасканалай, звышнатуральнай, бо адбываецца ў цяжкіх ўмовах: іх не прымаюць людзі, Дзіця нараджаецца ў стайні... З’яўляецца пытанне: ці гатовыя мы прымаць дар дасканалай радасці, якая ёсць плодам перамогі над сваім эгаізмам, і перажываць нягоды жыцця ў яднанні з Богам?
ІV. Давайце паглядзім на наступны біблійны вобраз — Ахвяраванне Пана Езуса ў святыні. У гэтай таямніцы старац Сімяон кажа: «Вочы мае ўбачылі збаўленне Тваё». Гэтымі словамі пра Збавіцеля, якія Марыя ўжо чула падчас Звеставання, Бог зноў клапоціцца аб узмацненні Яе веры. Гэта проста цудоўна! Разам з радасцю веры ў сэрцы Марыі застаецца таксама праўда аб мячы болю, які праб’е Яе Сэрца. Бог зноў запрашае Марыю да дасканалай радасці.
V. Даходзім да чарговага моманту ў Святым Пісанні, які паказвае веру Марыі. Пасля трох неспакойных дзён пошуку бацькі знаходзяць свайго Сына ў святыні Ерузалемскай. Марыя звяртаецца да Езуса: «Бацька Твoй i Я балюча перажывалі, шукaючы Цябе». Адказ Езуса здзіўляе Яе: «Цi вы не ведaлі, штo Мне трэбa быць у тым, што належыць Aйцу Мaйму?». Марыя, якая ведала Езуса як ніхто іншы, не зразумела таго, што Ён сказаў Ёй. Чытаем, што Марыя захоўвала і разважала ў сваім сэрцы словы Сына. Гэта і ёсць Ружанец Марыі — захоўванне і разважанне словаў Пана. Ян Павел ІІ піша, што «гэтае абнаўленне веры Марыі звязанае з працай Яе сэрца». А праца сэрца Марыі звязаная з «цёмнай ноччу веры», кажучы словамі св. Яна ад Крыжа. Папа прыгожа піша ў энцыкліцы «Маці Адкупіцеля»: «Вера — гэта далучэнне да таямніцы Бога». Якая важная гэтая думка: Бог, якога пазнаём, заўсёды застаецца таямніцай. Марыя штодзённа, праз тыя дванаццаць год невядомага нам жыцця Езуса, мае дачыненне да невыказнай таямніцы Бога, які стаўся чалавекам, да таямніцы, якая перавышае ўсё, што было абвешчана ў Старым Запавеце.
Звернем увагу на той факт, што асобы, якія ведалі Святую Сям’ю, маладога Езуса, сустракаліся з Ім і размаўлялі ці то ў часе побыту ў Егіпце, ці то ў Назарэце, называлі Яго сынам цесляра, сынам Юзафа. Людзі, якрамя Марыі і Юзафа, не заўважалі ў Ім Бога, нават не здагадваліся, што прабываюць побач з найвялікшай таямніцай, якою ёсць Божае ўцелаўленне! На жаль, таксама няшмат асобаў бачылі і ва ўкрыжаваным Езусе Месію і Бога. І сёння мільярды людзей, якія жывуць на зямлі, не вераць у тое, што ў Святой Камуніі, у табернакулюме прысутны жывы Бог. Трэба таксама мець глыбокую веру, каб бачыць Езуса ў святары, каб у кожным чалавеку бачыць вобраз і падабенства Бога, якія часта пакрытыя тоўстым пластом граху. Божа, памнож нашую веру!
Разважаючы сцэну знаходжання Пана Езуса ў святыні, Ян Павел ІІ дзеліцца з намі геніяльным адрыццём, якое асабіста мяне вельмі захапляе і ўзрушвае. Папа піша, што з моманту, калі Марыя знаходзіць Сына ў святыні, Яна становіцца Яго вучнем. Маці становіцца вучнем Сына — гэта неверагодна трапны вобраз той сітуацыі. Марыя сапраўды першы і найлепшы вучань у школе Пана Езуса.
10 кастрычніка 2020 года ў Асізі быў беатыфікаваны Карла Акуціс — хлопец, які памёр у пятнаццацігадовым ўзросце. Я чуў гісторыю яго мамы, якая ўдзельнічала ў беатыфікацыі сына. Яна сведчыла, што некалі была зусім абыякавай да рэлігіі, але ў пэўны момант сын стаў для яе настаўнікам веры. Падобна і іншыя асобы сцвярджаюць, што сталі вучнямі ў школе веры маладога Карла. Незвычайнае сведчанне яго жыцця можа прыцягнуць да Эўхарыстыі шмат маладых і дарослых. Карла як малады настаўнік веры падобны да дванаццацігадовага Езуса.
Хочацца яшчэ працытаваць вызначэнне веры папы Яна Паўла ІІ з энцыклікі «Маці Адкупіцеля»: «Верыць — значыць даверыць сябе самай важнай праўдзівасці словаў — праўдзівасці словаў жывога Бога, ведаючы і пакорліва разумеючы, наколькі недаследаваныя і недасяжныя Яго меркаванні і шляхі».
Звернем жа асаблівую ўвагу на словы «даверыць сябе праўдзівасці словаў жывога Бога». Кажучы пра веру Марыі, Папа падкрэслівае, што, стоячы пад крыжам, Марыя нібы робіцца сведкам абвяржэння абяцання Звеставання: «І дасць Яму Пан Бог трон Давіда, бацькі Ягонага, і валадарыць будзе над домам Якуба вечна». Якое ж гэта валадаранне? Разважаючы па-чалавечы, Езус на крыжы панёс паразу. Праз веру Маці прымае ўздзел у смерці Сына — але гэта смерць адкуплення. Папа каментуе гэта так: «Яна цалкам давярае сябе Богу, цалкам падпарадкоўвае розум і волю Таму, чые дарогі нязведаныя». Марыя, «благаслаўлёная, бо паверыла», мужна ішла наперад у пілігрымцы веры. Варта заўважыць, што Папа піша гэты каментар як містык. Кардынал Станіслаў Нагі, сябра Папы, некалі распавёў, што словы, якія Ян Павел ІІ пісаў пра Маці Божую, заўсёды паходзілі з глыбіні яго сэрца, заўсёды выключныя, яны сведчаць пра асаблівую сувязь Папы з Марыяй. Думаю, што можна ў гэтым пераканацца, чытаючы энцыкліку «Маці Адкупіцеля».
Шаноўныя чытачы, давайце ўсвядомім, што Бог запрашае кожнага з нас да пілігрымкі веры, і лепш ісці той дарогай, якой мы вучымся ў школе Марыі, у школе ружанцовай малітвы. І так, як яна пражывала выпрабаванні веры, так і наша вера выпрабоўваецца. Каб не паддацца спакусе бязвер’я, мы павінны ісці праз жыццё, трымаючыся за руку Марыі.
Ксёндз Тадэвуш Дайчар трапна напісаў, што верыць — гэта «думаць так, як думае Езус». Гэта тое, чаго Марыя для нас хоча, таму яна клапоціцца пра нас.
Нам варта ўзгадаць таксама, што традыцыйна ў літургічным календары Марыі прысвечана субота. Чаму? Таму што ў Вялікую Суботу, калі цела Езуса спачывала ў гробе, толькі Яна верыла ў Змёртвыхпаўстанне Сына — была паслухмяная абяцанням Звеставання.
Аказваецца, радасныя таямніцы Ружанца адкрываюць перад намі гераічную веру Божай Маці і што Яе радасць праз удзел у выдатным Божым плане Збаўлення не пазбаўленая высілкаў і сур’ёзных праблемай.
Дадам яшчэ, што ў энцыкліцы, якую мы ўзгадвалі, прыемна здзіўляюць словы Яна Паўла ІІ аб тым, што Марыя, якая прабывае цяпер у Небе, не патрабуе веры, таму што прабывае тварам у твар з Богам. Аднак Яна захоўвае скарб веры для нас, каб дзяліцца верай з намі. Гэта вельмі добрая навіна, якая павінна нас заахвоціць да яшчэ бліжэйшага кантакту з Марыяй, таму што Яна, нашая Маці, хоча дзяліцца з намі сваёю вераю.
Заўважым таксама, што, распачынаючы ружанцовую малітву, мы прамаўляем словы вызнання веры і на трох пацерках просім аб узрастанні тэалагічных цнотаў, менавіта веры, надзеі і любові. Просім штодзённа аб веры, без якой нельга падабацца Богу. Марыя, дзякуем Табе, што ўзмацняеш нашую веру ў радасных таямніцах.
Пра тое, якім важным быў ружанец у жыцці Яна Паўла ІІ, сведчыць той факт, што ён раздаў каля 40 мільёнаў ружанцаў падчас свайго пантыфікату. Раздаваў ружанцы кожнаму, каго сустракаў. Напэўна, шмат беларускіх каталікоў таксама моляцца на ружанцах, якія атрымалі ад святога Папы. Няхай заступніцтва св. Яна Паўла ІІ выпрасіць нам ласку аддання сябе Богу і Марыі, так, як ён казаў: «Totus Tuus» — «Цалкам Твой».
Айцец Раман Шульц ОР