Малітва сваімі словамі

Я шмат разоў чуў: «Я малюся толькі сваімі словамі», «Навошта мне формулы, рытуалы, літургія? Дастаткова маіх уласных словаў...»

Маліцца «сваімі словамі», вядома, нядрэнна, але калі чалавек спыніцца толькі на гэтым, то ў выніку да канца жыцця застанецца на сваім уласным узроўні.

У такім мысленні таксама ёсць тонкая спакуса, нібыта чалавек здольны цалкам сам сябе раскрыць перад Богам, што, вядома, няпраўда. Колькі разоў мы адчувалі, што нашых словаў замала, каб выказацца да канца? Як часта мы адчувалі неадэкватнасць сваіх уласных словаў?

Аднак, калі ў чалавеку дастаткова пакоры і сілы, каб даверыць сябе Божаму слову або чытанню, якое жывіць яго веру, то дзякуючы Святому Духу ён зможа пераўзысці сябе. Бог пачне адкрываць яму рэчаіснасць, на якую ён дагэтуль не звяртаў увагі.

Благаслаўлёны Ярдан Саксонскі, першы наступнік св. Дамініка, пісаў, што так, як дзеці вывучаюць мову тых, з кім кантактуюць, так і мы можам спадзявацца, што вывучым «нябесную мову», кантактуючы са святымі і карыстаючыся іх словамі.

Многія малітвы, якія чытаюцца падчас літургіі, насамрэч з’яўляюцца малітвамі тых, каго Касцёл прызнае святымі. І менавіта дзякуючы ім мы можам пераўзысці сябе.

«Калі б мы паспрабавалі выказацца свабодна, мы ведаем, што гэта скончылася б пафаснай дэкламацыяй або плаксівай сентыментальнасцю, тэатральнай позай, якая будзе прыкрываць збянтэжанасць, што вынікае нашай нясталасці. У такія моманты мы можам выказаць тое, што хочам, толькі калі ідзем па правераным шляху чужой малітвы. З гэтага відаць, што не варта атаясамліваць выказванне аўтэнтычнымі словамі з выказваннем толькі сваімі словамі: у нашых уласных словах можа быць фальш, а дзякуючы словам іншых мы можам выказацца праўдзіва і сціпла», — піша англійскі дамініканін Сайман Тагуэл.

Менавіта па гэтай прычыне часам бывае карысна маліцца з дапамогаю кніг, брэвіярыя ці літургічных тэкстаў, бо здараюцца сітуацыі, калі мы не адважваемся давяраць уласным словам. Калі мы застанемся толькі на «малітве сваімі словамі», то ў выніку пачнем круціцца вакол саміх сябе.

Жыццё, якое даў нам Хрыстус, не заключаецца ў тым, каб пастаянна ўбіраць у сябе Бога. Гэта Бог хоча прыцягнуць нас у свой свет, каб мы маглі пераўзысці саміх сябе.


Айцец Кшыштаф Палыс OP.
Пераклад з польскай мовы Эльвіры Палінеўскай.
Паводле: http://kpalys.blogspot.com/2022/11/modlitwa-wasnymi-sowami.html

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней