Прароцтва з Кіта

Чатыры стагоддзі таму, у 1582 годзе, у невялікім паўднёваамерыканскім горадзе Кіта (сёння сталіца Эквадора) Маці Божая прадказала манашцы Марыі Марыяне Франчэска дэ Хесус Торэс падзеі, якія адбудуцца праз 400 гадоў. Гэта прароцтва ажыццяўляецца на нашых вачах.

«Аб’яўленні Маці Божай у Кіта, у Эквадоры, былі прызнаныя Касцёлам. Тым не менш яны малавядомыя, асабліва ў Еўропе. Шкада, бо яны нясуць пасланне надзеі і збаўлення», — чытаем ва ўступе да кнігі «Маці Божая Дабрабыту з Кіта. Пасланне надзеі і збаўлення» (А. Грач, М. Пабіс, выдавецтва «Rafael»). Маці Божая аб’яўлялася с. Марыяне дэ Хесус Торэс больш за 40 разоў. Яна прадказала абвяшчэнне дагмату аб сваім Беззаганным Зачацці, а таксама вайну і ганенні на Касцёл. Сястра Марыяна, якая напісала аўтабіяграфію па просьбе свайго духоўнага кіраўніка, памерла 16 студзеня 1635 г. У 1906 г., падчас рамонту кляштара, труна была адкрыта, і яе цела было знойдзена нятленным.

Што было ў пасланні Маці Божай з Кіта, што так хвалюе сённяшніх чытачоў? Чаму пра яго так позна ўспомнілі? Паспрабуем засяродзіць увагу на чатырох аспектах: на выпрабаваннях, якія давядзецца прайсці Касцёлу, на пакутах дзяцей, на занядбанні сакрамэнту пакаяння і на знішчэнні сакрамэнтаў сужэнства і пасвячэння.

Блюзнерства ў Касцёле

«Ведай, што з канца ХІХ стагоддзя, а асабліва ў ХХ стагоддзі, успыхнуць раздоры і дойдзе да поўнай разбэшчанасці, таму што сатана будзе кіраваць амаль цалкам праз масонскія секты. Каб дасягнуць гэтага, яны будуць асабліва засяроджвацца на дзецях», — сказала Марыя 20 студзеня 1610 г.

Мы прызвычаіліся бачыць вулічныя дэманстрацыі, дзе высмейваецца наша вера, праяўляецца блюзнерства — і мы маўчым, бо гэта «нікому не балюча», бо Пан Бог высока, а сфармаванага чалавека «не зрушыць»! Маўляў, кожны мае права на самавыяўленне. Маўляў, трэба быць талерантным... Гэта не так. Пасля пажару ў Нотр-Дам выявіліся і іншыя факты: аказваецца, за адносна кароткі час перад пажарам адбылося больш за тысячу гвалтоўных нападаў на касцёлы, святароў, а таксама былі ўчыненыя шматлікія святатацтвы. У камуністычным Кітаі было прыдумана жорсткае катаванне: зняволеным каталіцкім святарам шмат гадзін у дзень паказвалі ў камерах бясконцыя блюзнерствы, дзе самымі агіднымі словамі звярталіся да Бога і Маці Езуса.

Пародыі на манстранцыі, высмейванне святых праўдаў веры, святатацтвы, узведзеныя ў ранг гераізму або мастацкіх прыёмаў, не застаюцца без наступстваў. Мы скурчваемся ад душэўнага болю, а потым прызвычайваемся.

«Гора дзецям тых часоў!» —

сказала Маці Божая чатыры стагоддзі таму. Менавіта за іх ідзе гэтае змаганне, бо яны — будучыня народа і Касцёла. Справа не толькі ў злачынствах педафіліі. Бацькі не маюць часу для дзяцей. Загнаныя, самі з прамытымі галовамі, вольныя ад прынцыпаў, яны не могуць перадаць дзецям веру ў Бога. А дзеці, акружаныя светам рэчаў, каб кампенсаваць недахоп бацькоўскай любові, жудасна адзінокія, выхаваныя інтэрнэтам, пастаянна падвяргаючыся далейшым адукацыйным эксперыментам, пакутуюць! Пакутуюць моўчкі, таму што нават не могуць апісаць свой боль. Яны рэагуюць бунтам, дэпрэсіяй, уцёкамі ў ірацыяналізм.

«У гэтыя няшчасныя часы зло ўдарыць па нявіннасці дзяцей», — чытаем далей у нататках сястры Марыяны.

Ксёндз прафесар Робэрт Скшыпчак расказвае: «Я сустрэўся са сваімі італьянскімі сябрамі за вячэрай. Гутарка пайшла аб сексуальным выхаванні. „Вы перабольшваеце са сваімі страхамі“, — пачаў гаспадар дому. А я пачаў размаўляць з іх дзецьмі. Высветлілася, што гэтыя заняткі два разы на тыдзень у школе праводзяць „эксперты“ з ЛГБТ-арганізацый. Дзецям забаронена гаварыць пра змест заняткаў з бацькамі, бо „ў сексуальным выхаванні яны могуць дыскрымінаваць дзяцей, могуць навязваць рэлігійныя або погляды або забабоны».

Адзін з вялікіх дыктатараў мінулага стагоддзя напісаў: «Нам не патрэбныя вы самі. Нам патрэбныя вашыя дзеці!» Неамарксісты, выступаючы сёння пад рознымі шыльдамі і сцягамі, завяршаюць справу разбурэння, якую не змаглі давесці да канца камуністы.

Канфесіянал — сховішча для шчотак

«Выкарыстоўваючы людзей, якія маюць уладу, д’ябал паспрабуе знішчыць сакрамэнт споведзі», — сказала Маці Божая с. Марыяне. «Так будзе і са святой Камуніяй. На жаль! Мне вельмі балюча адкрываць табе столькі страшных святатацтваў, як публічных, так і таемных, учыненых з-за прафанацыі Найсвяцейшай Эўхарыстыі!»

У касцёлах многіх еўрапейскіх краінаў канфесіяналы фізічна засталіся, але да споведзі мала хто ходзіць. Канфесіяналы абрастаюць павуціннем. Часам іх выкарыстоўваюць як... сховішча для шчотак, швабраў, ануч. Людзі ідуць да святой Камуніі, але не адчуваюць патрэбы прыступіць да сакрамэнту пакаяння. Гэта факты.

Мой знаёмы дамініканін, які цяпер вучыцца ў Фрыбургу, расказаў мне: «У адной швейцарскай парафіі, дзе я часам дапамагаю, аднойчы ў нядзелю святар загаварыў пра грэх. І адразу пасля Імшы да яго падышлі абураныя прадстаўнікі парафіяльнай рады і прыстрашылі, што калі гэта паўторыцца, то ён будзе вымушаны пакінуць іх касцёл».

Знікае пачуццё граху, зло зліваецца з дабром, у кожнага «свая праўда». «Цяжкі грэх» для некторых — гэта набраць некалькі лішніх кілаграмаў, зламаць дрэва ў парку, не быць «эка»... Калі Божая міласэрнасць больш нікому не патрэбная, становіцца непатрэбным і крыж Езуса Хрыста, а значыць, і Ён сам. Страчваецца ўсведамленне «sacrum», Яго любові, жаданне быць побач з Ім. Нішто так не знішчае Касцёл, як вера без любові і сакрамэнты, атрыманыя без чысціні сэрца і жадання навярнуцца.

Прафанацыя сям’і

«Сакрамэнт сужэнства, які сімвалізуе еднасць Хрыста з Яго Касцёлам, будзе падвяргацца нападам і прафанацыі ў самым дакладным сэнсе гэтага слова, — сказала Маці Божая. — Масонства, якое тады будзе кіраваць, увядзе несправядлівыя законы, скіраваныя на знішчэнне гэтага сакрамэнту, і такім чынам палегчыць кожнаму жыццё ў стане граху. <...> Хрысціянскі дух хутка згасне, каштоўнае святло веры згасне да такой ступені, што адбудзецца амаль поўная дэмаралізацыя».

Барацьба за знішчэнне інстытута сужэнства і сям’і з’яўляецца найважнейшым фарпостам барацьбы за будучыню свету і Касцёла. І тут барацьба самая цяжкая. А далей сатана будзе намагацца знішчыць сакрамэнт пасвячэння. «Сакрамэнт пасвячэння будзе высмейвацца, абражацца, і ім будуць пагарджаць. Д’ябал будзе ўсяляк пераследваць Божых слугаў. Ён будзе працаваць жорстка і хітра, адводзячы іх ад духу святарскага паклікання і спакушаючы многіх. Распусныя святары, якія будуць дэмаралізаваць хрысціянскі народ, абудзяць нянавісць ворагаў Рыма-Каталіцкага і Апостальскага Касцёла, якія павернуцца супраць усіх святароў. Гэты відавочны трыумф сатаны прынясе вялікія пакуты добрым пастырам Касцёла», — з болем абвясціла Марыя с. Марыяне.

Што мы будзем рабіць, пачуўшы гэтыя словы?.. Аб’яўленні заканчваюцца напамінам, што Бог заўсёды з намі. Ён чакае нашага навяртання, а Яго любоў бясконцая.

Яшчэ не позна.


Павел Седляноўскі.
Пераклад з польскай Эльвіры Палінеўскай.
Паводле: https://opoka.org.pl/biblioteka/T/TS/echo202043-quito.html.

Цэтлікі: Маці Божая

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней