Разважанні над запаведзямі Дэкалога паводле кс. Эдварда Станека. Першая запаведзь

Я – Пан, Бог твой, які вывеў цябе з зямлі егіпецкай, з дому няволі.
1. Не май іншых багоў, апроч Мяне.

Першыя словы Дэкалогу заклікаюць пастаянна памятаць аб нашай прыналежнасці да Бога. «Я — Пан, Бог твой», г.зн. не Абрагама, Ісака, Якуба, але твой. Той, які цябе стварыў, які цябе любіць і збаўляе. Пан хоча, каб мы бачылі ў Ім уласнага Айца. Бог, які ўсё бачыць, які ўвесь час нас стварае, падтрымлівае, дапамагае нам, хоча, каб мы адчулі, што Ён нас любіць. Мы ўвесь час знаходзімся ў Яго далонях, але рэдка заўважаем гэта. Нават калі звяртаемся да Яго словамі малітвы, не заўсёды памятаем пра Ягоны позірк, скіраваны на нас, не адчуваем рукі Бога, якая нас падтрымлівае, не заўважаем Айца, які нас любіць. Бог аб’яўляецца як Крыніца Жывой вады. Калі мы падыдзем да гэтай Крыніцы і самі зачарпнем з яе вады, пазнаючы яе смак і каштоўнасць, тады гэта будзе сустрэча з уласным Богам.

Першыя словы Дэкалогу заклікаюць шукаць асабістай сустрэчы з Богам Жывым, шукаць сустрэчы з Яго позіркам, з дакрананнем Яго рукі, каб перамовіцца з Ім словам сам-насам. Месцам сустрэчы з таямніцаю Бога з’яўляецца нашае сэрца. Сапраўдны Бог, недасягальны для вачэй і вушэй, аб’яўляецца ў сэрцы, і толькі там Яго можна сустрэць.

Трэба дакладна ўсвядоміць першыя словы Дэкалогу, бо яны з’яўляюцца ключом да правільнага зразумення Божых запаведзяў. Хто сапраўды прагне сустрэчы з Жывым Богам як Богам уласным, а не чужым, той з Яго вуснаў пачуе наступныя запаведзі. Таму чалавеку Ён скажа: Майго Імя не вымаўляй дарэмна, захавай святасць нядзелі, шануй свайго бацьку і маці... З гэтага часу Дэкалог ужо будзе не зборам важных законаў, перададзеных Майсеем, але жывым, актуальным заклікам уласнага Бога. Выкананне такога закліку будзе для нас не цяжарам, а цудоўным і канкрэтным заданнем, вызначаным для нас Богам.

Трагедыя разгубленых людзей сённяшняга свету ў тым, што яны не пачулі ў сваім сэрцы гэтага першага закліку: «Я — Пан, твой Бог, які вывеў цябе з дому няволі». Сама сустрэча з Богам — гэта момант ацалення, момант ратунку з «дому няволі», з «дому аблуды». Дэкалог для хрысціяніна распачынаецца ад вызнання Бога: «Я — Пан, твой Бог і твой Айцец, які вывеў цябе з дому няволі, каб давесці да свайго дому».

Стварыцель і Суддзя свету, сама Мудрасць, Дабрыня, Хараство, Усёведны і Усемагутны Бог — мой Айцец. Сустрэча з Ім на аснове любові Айца да дзіцяці, дзіцяці да Айца можа перамяніць жыццё. Знікае «дом няволі», «дом аблуды», «дом самоты». Я ніколі не застаюся адзінокім. Бог — мой Айцец, Ён са мною. Ён — мой дом.

Мудрасць чалавека ва ўменні прызнаць Бога, даверыцца Яму і палюбіць Яго як Айца. Пры такой сустрэчы чалавек ужо не вызначае, што для яго дабро, а што — зло, што павінен рабіць, а чаго — пазбягаць, бо гэта вырашае Бог. Адзін Ён дасканала ведае, што добра, а што — дрэнна. Адзін Ён дакладна ведае, як трэба прайсці праз жыццё, каб не змарнаваць ніводнай яго гадзіны. Любячы Айцец, клапоцячыся пра нашае шчасце, дае нам свае айцоўскія заўвагі. Ёсць іх дзесяць. Яны былі заключаны ў запаведзі і ўказваюць нам шлях нашага жыцця. Яны накрэслены ў сумленні кожнага чалавека, а для грамадства ў форме публічнага права былі запісаны Майсеем на гары Сінай на каменных табліцах. З таго часу ніхто не зможа апраўдацца, што іх не ведае.

«Не май іншых багоў, апроч Мяне». Кожны, хто не верыць у Бога, хто не прызнае Яго як найвышэйшую каштоўнасць, той, хочучы таго ці не, сам абагаўляе адну са створаных рэчаў, робячы яе ў сваім свеце найвышэйшаю каштоўнасцю, сваім бажком. Гэты бажок можа змяняцца. Бо па меры таго, як чалавек атрымлівае тое, аб чым марыў, рэч перастае быць для яго бажком, і ён сягае па наступную. Бажок — гэта тая каштоўнасць, якой мы ў дадзены момант падпарадкоўваем сваё жыццё. Заўсёды гэтая каштоўнасць кіруе намі, а не мы ёю, хоць вельмі рэдка мы гэта заўважаем, а яшчэ радзей бываем здольныя ў гэтым прызнацца. Сучасных бажкоў вельмі шмат, і іх колькасць пастаянна павялічваецца. Шмат сучасных людзей жыве, служачы толькі багаццю. Гэта іх бог. За грошы яны гатовы аддаць усё разам з сваёю годнасцю, вераю, душою. Грошы — гэта бажок нумар адзін нашага свету, які жывіцца людскою хцівасцю і зайздрасцю, – пачуццямі, якія вельмі часта гасцююць у людскіх сэрцах, таму ён мае вельмі шмат прыхільнікаў. Езус ведаў чалавечую спакусу служыць гэтаму бажку, таму заклікаў да ўбоства, а ад сваіх вучняў патрабаваў, каб нічога не бралі з сабою.

Другі бажок нашага свету — гэта ўлада. Яго слугі, узброеныя ўсімі даступнымі сродкамі, здольныя падпарадкаваць сабе законы, установы, грошы, сродкі інфармацыі, — усё навокал. Яны імкнуцца да ўлады любым коштам, бо тады могуць з пазіцыі сілы змушаць іншых пакланяцца іх бажку. Улада часцей за ўсё падпарадкоўвае сабе культ іншых бажкоў — грошай, сексу, насілля. Езус ведаў сілу гэтага бажка і таму заклікаў вучняў, каб неслі спакой свету, ідучы да яго без сандаляў, басанож і без кія, заклікаў, каб не баяліся быць безабароннымі. Пры гэтым ясна зазначаў: «Пасылаю вас, як авечак паміж ваўкамі».

Наступны бажок гэтага свету — гэта нашае цела з усімі яго жарсцямі і жаданнямі, заўсёды ненасытнымі, што пастаянна шукаюць задавальнення. Калі гэтага бажка не падпарадкаваць моцнай волі і духу, то ён у хуткім часе здолее знішчыць чалавека. Падпарадкаванне жаданням цела здольнае разбурыць усе нормы маральнага і рэлігійнага жыцця. Адны прыхільнікі гэтага бажка саромеюцца яго, іншыя ім ганарацца, аднак, замест таго, каб кіраваць целам, усе згаджаюцца, каб яно кіравала імі. Езус ведаў сілу гэтага бажка, ведаў, як цяжка яго прыхільнікам вырвацца з гэтага «дому няволі», таму заклікаў вучняў да адвагі: «Калі рука твая спакушае цябе, адрэж яе. Бо лепш табе без рукі ўвайсці ў валадарства, чым, маючы рукі, быць укінутым у пекла».

Яшчэ адзін бажок, які разбэшчвае чалавека, адбірае ў сваіх прыхільнікаў грошы, здароўе, розум, шчасце — гэта алкаголь, наркотыкі і іншыя падобныя «задавальненні», якія вядуць да залежнасці і да знішчэння душы і цела. Гэта страшны бажок, які штодзённа прагне людскіх ахвяраў.

І іншых бажкоў вельмі шмат. Імі могуць быць прaзмeрны клопат пра ўласнае здароўе, пра службовае становішча і шмат, шмат іншых зямных каштоўнасцяў і забаваў, якія робяць чалавека сваімі залежнымі рабамі. Гэта тыя «іншыя багі», ад якіх засцерагае Бог у першай запаведзі Дэкалогу: «Не май іншых багоў, апроч Мяне».

Сутнасць Божага наказу заключаецца ў словах «апроч Мяне». Бо Пан Бог не адмаўляе каштоўнасці таго, што добрае, але нагадвае, што толькі тады часовыя каштоўнасці могуць быць выкарыстаны адпаведным чынам, калі не будуць ставіцца «перад Ім». Можна іх цаніць, можна іх выкарыстоўваць, можна імі абагачацца, але толькі тады, калі чалавек ані на момант не забывае, што найвышэйшаю каштоўнасцю над усімі іншымі з’яўляецца сам Бог. Калі чалавек забудзе пра гэта і нейкую з узгаданых тут зямных каштоўнасцяў паставіць перад Богам або нароўні з Ім, то тады Ён аддасць яго ў ахвяру гэтаму бажку, і лёс чалавека будзе прадвызначаны.

Часам здараецца, што вызнаўцы бажкоў гэтага свету прыходзяць у Каталіцкі Касцёл, мяркуючы, што можна прымірыць службу гэтым бажкам з культам Адзінага Бога. Аднак такое меркаванне — вялікае непаразуменне, бо ўмоваю сустрэчы з Богам з’яўляецца падпарадкаванне Яму ўсіх іншых каштоўнасцяў: «Не май іншых багоў, апроч Мяне».

Грахом супраць першай Божай запаведзі з’яўляецца не толькі ідалапаклонства, але і святатацтва. Справа тут датычыць неадпаведнага або дрэннага выкарыстання таго, што з’яўляецца святым, ці свядомага знішчэння таго, што было аддадзена Богу.

Крадзеж у касцёле. Святыня — гэта дом Божы, і ўсё, што ў ёй (ці ў ім) знаходзіцца, было набыта на ахвяраванні людзей, а значыць, за грошы, прысвечаныя Богу. Калі хто-кольвечы пасягае на касцёльныя рэчы (воты, каштоўныя кароны ў Марыйных санктуарыях, старажытныя фігуры або абразы), на грошы ў скарбонках і да т.п., той пасягае на рэчы, што належаць Богу і абкрадае Яго самога. Святатацтвам з’яўляецца разбурэнне святыні, ператварэнне яе ў сховішча, выкарыстанне ў свецкіх мэтах. Адносіны да святыні выключна як да музейнага аб’екту, да канцэртнай залы і інш. — справа вельмі небяспечная і блізкая да святатацтва. Бо лёгка можна пачаць абагаўляць культуру, спорт і г.д., а гэта ўжо нішто іншае, як яшчэ адзін бажок сучаснага свету. Езус вельмі рэзка выступіў у абарону святасці Дома Айца, які ёсць домам малітвы. Няма ў Евангеллі іншага моманту, дзе Езус запалаў бы такім вялікім гневам, як тады, калі выкідваў святататнікаў са святыні.

Знявага асобаў, якія прысвяцілі сябе Богу, таксама з’яўляецца святатацтвам. Напрыклад, ударыць святара ці манаскую асобу — гэта не толькі грэх супраць пятай Божай запаведзі, але і дадатковы грэх — святатацтва. Тое ж датычыць і знявагі іх праз абмовы ці іх паўтарэнне, плёткі пра святароў ці кансэкраваных асобаў. Гэта не толькі ачарненне, але і знявага рэлігійнага аўтарытэту. Трэба памятаць, што абгрунтаваныя прэтэнзіі да ксяндза выказваюцца касцёльнай уладзе, біскупу, а не распаўсюджваюцца сярод людзей. Неабгрунтаваны закід у бок святара — заўсёды ёсць цяжкі грэх і мае для чалавека сур’ёзныя наступствы, бо сам Бог выступае яго абаронцам. Ён пакарае святара, калі той робіць дрэнна, але Ён сам будзе абараняць яго ад ворагаў.

Знявага Найсвяцейшага Сакрамэнту — адзін з самых цяжкіх грахоў, бо абражае непасрэдна Езуса, прысутнага ў постацях хлеба і віна. Найбольш цяжкая форма гэтай знявагі — уламанне ў табэрнакулюм і знішчэнне або раскідванне кансэкраванага Хлеба. Такі ўчынак вымагае, каб уся рэлігійная супольнасць кампенсавала за гэты грэх. Адбываецца гэта часцей за ўсё праз шматгадзінную адарацыю, спалучаную са споведдзю і Святой Камуніяй.

Частаю разнавіднасцю святатацтва з’яўляецца нягоднае, у стане цяжкага грэху, прыняцце святой Камуніі. Калі б людзі ведалі, якое цяжкае няшчасце яны наклікаюць на сябе, ніколі б таго не рабілі. Святы Павел гаворыць: «Хто нягодна спажывае Цела Пана і п’е Яго Кроў, асуджэнне сваё спажывае і п’е».

Святатацтва таксама мае месца тады, калі чалавек затойвае грахі ў часе споведзі. Тут прычынаю зла з’яўляецца фальшывы сорам. Чалавек не мае адвагі прызнацца ва ўчыненым зле, забываючы, што тым самым упадае ў новы, больш цяжкі грэх, у якім будзе яшчэ цяжэй прызнацца. Утойванне граху нічога не вырашыць, а толькі яшчэ больш ублытае чалавека ў нерат зла.

Няцяжка заўважыць, што кожнае святатацтва — гэта яшчэ адзін грэх, далучаны да злога чыну. Крадзеж — грэх, крадзеж у касцёле, апроч таго, яшчэ і святатацтва. Хлусня — грэх, хлусня ў часе споведзі — яшчэ і святатацтва. Знішчэнне хлеба — грэх, знішчэнне кансэкраванага Хлеба — святатацтва. Абмова — грэх, абмова святара — дадаткова яшчэ і святатацтва.

Таму мы павінны мець чуйнае сумлення, каб не ўчыніць святатацтва, і каб кампенсаваць за кожнае заўважанае святатацтва, бо гэта — сведчанне нашай веры і імкненне да годнага рэлігійнага жыцця.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней