Разважанні над запаведзямі Дэкалога паводле кс. Эдварда Станека. Трэцяя запаведзь

РАЗВАЖАННЕ ПРА БОЖЫЯ ЗАПАВЕДЗІ
з нагоды малітоўнай падрыхтоўкі да прысвячэння
Мінска-Магілёўскай мітраполіі Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса

Трэцяя запаведзь
НЯДЗЕЛЯ — СВЯТЫ ДЗЕНЬ
(разважанне паводле кс. Эдварда Станека)

Пан Бог, ствараючы чалавека на Зямлі, ведаў, што ён так зацікавіцца багаццем часовага свету, што не будзе мець часу на спатканне з Творцам. Багацце зямлі — велізарнае, і мажлівасці творчай працы чалавека такія ж вялікія. Ён можа так захапіцца, так заняцца зямным клопатам, што яму не хопіць часу, каб узняць галаву і заўва­жыць іншы свет, іншыя каштоўнасці, якія Бог пад­рыхтаваў для яго. Таму з самага пачатку Бог ясна паставіў умову: шэсць дзён тваіх, зай­міся зямлёю, а сёмы дзень — Мой, і гэты дзень Я прызначаю для сустрэчы з табою.

Вопыт паказвае, як дакладна Бог адчуў не­бяспеку, што пагражае чалавеку, бо толькі пры гэтай адной адзінай запаведзі Ён ужыў слова «Памятай».

«Памятай, каб дзень святы святкаваў», — нагадвае Бог чалавеку. Гэта вельмі важны напамінак. Нам часам здаецца, што на апошнім судзе можна будзе апраўдацца перад Богам: маўляў, я не меў часу на рэлігійнае жыццё, не меў часу спаткацца з Табою. Не выбіраймася з такім апраўданнем, бо тады Бог нас запытае: як гэта не меў часу? Адзін дзень у тыдні быў Мой, а калі табе не хапала часу, значыць, ты ўкраў у Мяне гэты дзень. Наша апраўданне зменіцца абвінавачваннем. Адзін дзень у тыдні з’яўляецца Божым днём. Шэсць дзён — нашых, а адзін належыць Богу. Бог у гэты дзень не толькі хоча з намі сустрэцца, але Ён хоча, каб мы адпачылі. Паколькі праца звязана з багаццем гэтай зямлі, то Бог кажа: вымый рукі, чыста апраніся, гэта павінен быць святочны адпачынак, Маё спатканне з табою не перашкодзіць твайму адпачынку. Бог клапоціцца пра чалавека, бо без адпачынку цяжка думаць пра шчасце ў жыцці.

Чалавек хоча адпачыць. Адпачынак — прыемны. Праца — цяжкая. Гэта запаведзь, якую адносна лёгка захоўваць. Менавіта та­му Бог учыніў яе паказальнікам рэлігійнага жыцця.

Чытаючы Стары Запавет, мы часта сустракаем надзвычай моцныя словы прарокаў, якія абараняюць шабат, дзень Панскі. Калі гэты дзень чалавек забярэ ў Бога і выкарыстае для сябе, тады накліча на сябе пракляцце, якое будзе ўплываць на ўсё яго жыццё. У Старым Запавеце жыдоў, якія не захоўвалі шабату, каралі смерцю.

Бог сказаў: «Памятай, каб дзень святы святкаваў». Такім чынам Ён заклікаў кла­паціцца пра святасць Божага дня. Гэты дзень не можа быць свецкі. Мы не заўсёды памятаем, што той самы злы ўчынак, здзейснены ў нядзелю, з’яўляецца цяжэйшым грахом, чым той, які меў месца на працягу тыдня. Бо ён — не толькі грэх, але і знявага святога дня. Гэта тая веліч Божага дня, пра якую мы не заўсёды памятаем. Калі Бог кажа: «Памятай, каб дзень святы святкаваў», то Ён думае не толькі пра ўстры­манне ад працы. Бог дбае пра тое, каб чалавек, свята перажываючы гэты адзін дзень у тыдні, асвяціў самога сябе. Тут мы маем дачыненне са зваротнаю сувяззю. Калі чалавек дбае пра тое, каб дзень Панскі быў святы, то тады Пан асвячае чалавека. Ваша прысутнасць у нядзелю ў святыні сведчыць пра ваш клопат, каб гэты дзень, дзень Пан­скі, быў менавіта святым днём. Мы пры­ходзім да Бога — крыніцы святасці.

Удзел у Святой Імшы

У нашых развагах пра трэцюю запаведзь Дэкалогу я хацеў бы спыніцца над абавязкам удзелу ў Святой Імшы ў дзень Панскі, г.зн. над тым элементам, які найбольш поўна асвячае нядзелю. (...) Усё часцей мы сустракаем людзей ахрышчаных, нават тых, што былі ў Першай Святой Камуніі, якія дабравольна адмаўляюцца ўдзельнічаць у Святой Імшы ў нядзелю. Гэта праяўленне не толь­кі занядбанага імі абавязку, але і выразны знак аслаблення веры. Абавязак удзелу ў Святой Імшы — гэта абавязак сумлення католіка. Дабравольнае занядбанне ўдзелу ў Святой Імшы ў нядзелю — смяротны грэх, ён выклікае зрыў кантакту з Богам.

Частка тых людзей, што не ходзяць у нядзелю ў касцёл, нават не спрабуе апраўдацца, лічачы, што гэта іх справа. Яны найчасцей сцвярджаюць, што наведванне касцёла нічога ім не дае. Другая частка яшчэ спрабуе апраўдацца перад сабою, перад роднымі, перад святаром.

Але іх апраўданні вельмі мізэрныя ў параўнанні з веліччу справы, якой гэта датычыць. Гэтыя людзі ўжо ступілі на шлях страты веры. Учора я размаўляў з жанчынаю, якая спыніла мяне і запытала, ці абавязана яна, будучы на бальнічным, ісці ў нядзелю на Святую Імшу. Я спытаў у яе: «Адкуль Вы цяпер вяртаецеся?» Яна адказала, што была ў сяброўкі на імянінах... Калі можна пайсці да сяброўкі на імяніны, то чаму нельга прыйсці да стала, які ў святы дзень падрыхтаваў Бог? Такіх апраўданняў у штодзённым жыцці сустракаецца шмат: адзін не мае адпаведнага абутку, другі — убрання, у трэцяга — насмарк... Варта глянуць, з-за якіх прычынаў людзі найчасцей ігна­руюць Святую Імшу. Выгодны адпачынак у ложку, тэлевізар, экскурсія, спартыўнае мерапрыемства, нечаканыя госці. Для іх усё тое важнейшае, чым удзел у Святой Імшы, але гэта знак, што вера іх слабне.

Я кажу пра гэта, каб адкрыць вам вочы на сур’ёзную небяспеку, у якой мы знаходзімся. Штодзённыя сустрэчы з людзьмі, якія трацяць веру, пагражаюць нашай веры. Колькі ж болю перажывае бацька ці маці, назіраючы, як іх падрастаючае дзіця, выхаванае ў рэлігійным духу, ігнаруе нядзельную Святую Імшу. Усё часцей мы бачым падобныя драмы ў сем’ях, у якіх адзін з су­жонкаў не ходзіць у касцёл, а другі — ходзіць. Часта няверуючы перацягвае на свой бок веруючага. Пасля двух-трох гадоў мы ўжо маем дачыненне з сям’ёю, якая не практыкуе веры. Бязвер’е заразлівае. Трэба ўбачыць увесь гэты працэс секулярызацыі, у якім удзельнічае наша грамадства, і трэба заняць у адносінах да яго рашучую пазіцыю.

Перадусім не трэба здзіўляцца. Людзі адыходзілі ад веры, адыходзяць і будуць адыходзіць. Улічваючы чалавечую слабасць, з’ява гэта ў рэлігійным жыцці даволі частая. Веру можна страціць. Калі чалавек траціць веру, то тады няма чаго прыходзіць у касцёл. Для такога чалавека слова «Святы» не мае ніякага значэння. «Святы дзень» — для яго пусты выраз. Калі хтосьці шукае веры і хацеў бы паверыць, то прыходзіць у касцёл, каб сустрэцца з супольнасцю веру­ючых людзей, каб сярод іх знайсці скарб, якога шукае.

Але калі чалавек не шукае веры, то ён не прыйдзе. Не трэба таксама нікога змушаць, каб ішоў у касцёл. Змушаная малітва нямілая Пану Богу. Праўда, бацькі павінны вадзіць сваё дзіця ў касцёл увесь той час, які яно знаходзіцца пад іх апекаю, але ніколі не павінны рабіць гэтага сілком. Калі ж чалавек ужо дарослы, то няхай ён сам бярэ за сябе поўную адказнасць. І, барані Божа, нель­га ўчыняць скандалу з-за таго, што хтосьці не ідзе на Св. Імшу. Гаворка пра тое, каб да яго граху не дадаваць яшчэ і нашай знерваванасці. Трэба за такога чалавека памаліцца і гэта ўсё, што мы можам зрабіць.

Урэшце, трэцяе: трэба ўсвядоміць, што няверуючы чалавек з’яўляецца пагрозаю для нашай веры і ў такой сітуацыі трэба зрабіць усё, каб наша вера не толькі не была праз яго знішчана (бо часта з няверуючым чалавекам даводзіцца жыць пад адным дахам), але каб яна атрымала перамогу. Веруючы чалавек мацнейшы за таго, хто не мае веры, калі гэта вера жывая, то магчыма перамога.

Варта пры гэтым памятаць, што любая пагроза павінна набліжаць хрысціянаў да Бога, а не аддаляць ад Яго. Гэты зварот да Бога з’яўляецца доказам сапраўднасці веры. Вернік у момант небяспекі звяртаецца да Бога, і праз гэта яго вера ўзрастае, умацоўваецца. У гэтым кантэксце вы можа лепш зразумееце, што тут гаворка не ідзе толькі пра абавязак удзелу ў Святой Імшы ў дзень Панскі, гаворка тут ідзе пра галоўны скарб, пра нашу веру. Ваша прысутнасць у святыні — публічнае вызнаванне веры. Не толькі вызнаванне, гэта знак клопату пра тое, каб ваша вера ўзрастала. Гэта менавіта тая вялікая каштоўнасць святога дня, дня Панскага. Наш гадзінны побыт у касцёле — знак кло­пату пра тое, каб асвяціць сябе, каб асвяціць увесь тыдзень, які мы маем перад сабою. Таму Касцёл, устанаўліваючы сваю запаведзь «У нядзелю і святы ў Святой Імшы ўдзель­нічаць», меў на ўвазе захаванне нашай веры. У той рэчаіснасці, у якой выпадае нам жыць, трэба ўсведамляць, што ўсё залежыць ад нашай індывідуальнай пазіцыі, ад клопату пра паглыбленне веры, ад паў­торнага адкрыцця багацця, якое дае нам удзел у Святой Імшы. Нават тады, калі б людзі вакол нас далёка адышлі ад Бога, мы, ведаючы, які гэта скарб, ніколі ад Яго не адыдзем.

Нядзельны адпачынак

У нашых развагах над трэцяю запаведдзю я хацеў бы спыніцца на самім адпачынку. Чалавек не здолее жыць на зямлі не адпачываючы.

Адпачынак з’яўляецца часткаю нашага жыцця. Суткі дзеляцца на гадзі­ны працы днём і на час адпачынку ўночы. Такі натуральны рытм чалавека. Аднак Бог палічыў, што адпачынку ўночы замала і сё­мы дзень, які пакінуў для сябе, прызначыў для нашага адпачынку.

Трэба заўважыць адну важную ісціну. Мы жывем у той момант гісторыі чалавецтва, калі ўпершыню чалавек пагардліва паставіўся да адпачынку. Ніколі ў гісторыі не было такога грэбавання адпачынкам. Гэтаму паспрыяла шмат прычынаў. Звярну ўвагу толькі на дзве.

Сканструяванне машыны. Пакуль чалавек працаваў з цяглаваю жывёлаю, ён разам з ёю адпачываў. Бо для таго, каб жывёла магла быць эканамічна працаздольнаю сілаю, яна павінна адпачываць. Часта чалавек, які карыстаўся гэтаю жывёлаю, хацеў бы працаваць, але, клапоцячыся пра каня, ён павінен быў разам з ім адпачыць. Машыне адпачынак не патрэбны. Наадварот, калі машына не працуе, яна становіцца неэканамічнаю. Машына толькі тады на сто працэнтаў прадуктыўная, калі яна бесперапынна працуе. Яна можа працаваць дваццаць чатыры гадзіны ў суткі. У той момант, калі чалавек стаў пры машыне, яна пачала па­глынаць ягоны адпачынак, а разам з адпачынкам паглынаць чалавека.

Вынаходніцтва электрычнасці дало магчымасць працаваць ноччу. Раней не было электрычнага святла. Зайшло сонца — наставаў час адпачынку. Цяпер можна працаваць усю ноч. З пункту погляду псіхічнага здароўя вядома, што праца ўночы патрабуе нашмат больш высілкаў, чым на працягу дня і значна хутчэй нішчыць чалавека.

Ужо гэтыя два элементы цывілізацыі нашага стагодззя — сканструяванне машыны і вынаходніцтва электрычнасці — стварылі пагрозу для адпачынку. Але выразным паказчыкам грэбавання адпачынкам з’яўляецца тэндэнцыя да працы ў дзень Панскі. Можна спрачацца, што Бог урэшце не загадваў адпачываць ноччу. Але Бог сказаў: «Памятай, каб дзень сёмы святкаваў». Калі чалавек пагарджае гэтым наказам, то сведчыць пра тое, што не заўважае каштоўнасці адпачынку.

З чыста эканамічнага пункту погляду трэба заўважыць адну цікавую з’яву. У высокаразвітых краінах назіраюцца дзве розныя пазіцыі. У адных ігнаруецца дзень Панскі, нядзеля прызначаецца для працы, у іншых — шануецца Божая запаведзь. І здавалася б, што дабрабыт краінаў, у якіх людзі працуюць сем дзён у тыдзень, павінен быць значна вышэйшым, чым у тых, якія захоўваюць дзень Панскі і ў нядзелю не працуюць. Тым часам усё зусім наадварот. У тых краінах, дзе праігнараваны адпачынак, назіраецца поўны эканамічны крызіс. А ў краінах, дзе не толькі шануецца дзень Панскі, але дададзены другі вольны дзень — субота (нават думаюць, ці не дадаць яшчэ трэці) — там эканамічны ўзровень незвычайна высокі. Чаму? Адказ просты. Справа тут датычыць не столькі адпачынку, колькі клопату пра чалавека.

Павага да адпачынку — гэта заўсёды павага да чалавека. Калі Бог кажа: адпачні сёмы дзень, то робіць Ён гэта, клапоцячыся пра наша дабро, пра наша шчасце. Гэта знак Яго любові. Па чым мы пазнаем, што хтосьці нас любіць? Ці не па тым, як кла­поціцца пра наша здароўе, пра наш адпачынак? Па чым жонка пазнае, што муж яе кахае? Ці не па тым, што імгненна заўважае яе стом­ленасць, дбае пра тое, каб яна адпачыла? Калі ж муж не бачыць яе стомы, не клапоціцца пра яе адпачынак — гэта знак таго, што каханне яго памірае.

Бог клапоціцца пра наш адпачынак. Гэта знак Яго любові. Калі мы не адкрыем для сябе, што клопат пра адпачынак з’яўляецца клопатам пра чалавека, то можам вельмі многае прайграць. Асабіста я лічу, што гэта адна з самых сур’ёзных памылак нашага пакалення, плён якой мы будзем пажынаць у бліжэйшыя дзесяцігоддзі.

Расце колькасць хворых людзей, якія церпяць ад ператомленасці, перапрацаванасці, загнанасці, якія не ўмеюць адпачываць. І гэтыя людзі спакваля ператвораць наш свет у агромністы шпіталь, у якім самым вялікім аддзяленнем будзе псіхіятрычна-неўралагічнае. Слабасць сённяшняга чалавека — гэта ў вялікай ступені вынік недаацэнкі адпачынку.

Будзем прасіць Пана Бога, каб мы адкрылі Яго вялікую любоў, закладзеную ў трэцяй запаведзі. Гэта не абавязак, не цяжар; гэта прывілея, гэта праяўленне клопату Бога пра нас. За гэтую запаведзь мы павінны ў кожную нядзелю, адразу пасля абуджэння, пакланіцца Айцу Нябеснаму, падзякаваць Яму, што дае нам дзень, у які мы можам адпачыць.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней