Разважанні над запаведзямі Дэкалога паводле кс. Эдварда Станека. Дзестая запаведзь

РАЗВАЖАННЕ ПРА БОЖЫЯ ЗАПАВЕДЗІ
з нагоды малітоўнай падрыхтоўкі да прысвячэння
Мінска-Магілёўскай мітраполіі Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса

Дзесятая запаведзь
Не ПАЖАДАЙ НІЧОГА, ШТО НАЛЕЖЫЦЬ БЛІЖНЯМУ ТВАЙМУ
(разважанне паводле кс. Эдварда Станека)

Шмат мець

Адна з найбольш частых памылак у тым, што людзям здаецца, быццам іх шчасце залежыць ад колькасці дабра, якое яны маюць. Чалавек перакананы, што грошы могуць усё, а паколькі яны такія ўсемагутныя, то могуць даць таксама і шчасце. Гэта ўзаемазвязана з разуменнем свабоды як магчымасці рабіць тое, што нам падабаецца. Часта недахоп матэрыяльных сродкаў абмяжоўвае так зразуметую свабоду і змушае да іх набыцця.

Большасць людзей імкнецца назапашваць, каб магчы перажыць радасць свабоды і карыстацца тым, чаго душа пажадае. Свет, ведаючы гэты ненасытны апетыт чалавека да назапашвання, насычае яго рознымі спосабамі.

Увесь механізм рэкламы служыць менавіта гэтаму. Захопніцкія войны распальваюцца з-за гэтай прагі, у ёй жа трэба шукаць галоўныя вытокі самых розных рабункаў, крадзяжоў і размаітых формаў авалодання чужым дабром.

Аднак прыдбаныя рэчы не робяць чалаве­ка шчаслівым, бо аддзяляюць яго ад іншых. Паміж тым, хто мае, і тым, хто не мае, стаіць рэч, багацце. Яно дзеліць, яно з’яўляецца перашкодаю для спаткання сэрцаў. А шчасце чалавека не ў валоданні рэчамі, а ў паяднанні сэрцаў. Усё тое, што раздзяляе сэрцы, служыць перашкодаю для шчасця.

У гэтым кантэксце трэба разумець дзесятую запаведзь: «Не пажадай нічога, што належыць бліжняму твайму». Яна стаіць на варце гармоніі сэрца, у якім можа ўзнікнуць мноства нізкіх пачуццяў да іншага чалавека толькі з-за таго, што ён мае штосьці, чаго мы не маем. Гэты погляд на іншага праз тое, што ён мае, нараджае самы ганебны з недахопаў, нараджае зайздрасць. Яшчэ часцей сустракаюцца хцівасць і прага прысвоіць сабе тое, што належыць іншаму. Тут таксама трэба шукаць вытокі нянавісці.

Большасць ніколі не будзе ані любіць, ані паважаць багатых, нават калі б яны былі вельмі справядлівымі людзьмі, бо ўсе бачаць не іхнія сэрцы, але іхняе багацце. Характэрна тое, што багаты не можа завесці сяброўства з бедным, бо іх сэрцы ніколі не спаткаюцца. Багацце з’яўляецца перашкодаю для ўзнікнення сапраўднай любові.

Бог заклікае не акцэнтавацца на багацці, але ўмець убачыць чалавека па-за ім. Гэта няпроста і нялёгка. Нават пры вялікай духовай сталасці мы ацэньваем людзей па тым, чым яны валодаюць, як адзетыя, якою машынаю ездзяць, у якім доме жывуць. У такіх выпадках вельмі лёгка ўзнікае пачуццё зайздрасці з-за таго, што мы чагосьці падобнага не маем. Чалавек тады забывае, што калі б ён гэта меў, то іншыя яму гэтаксама зайздросцілі б...

З гэтага замкнутага кола няма выйсця. Толькі Бог падказвае нам правільнае вырашэнне праблемы: «не пажадай» — пакінь кожнаму тое, што ён мае, а ты радуйся тым, што маеш сам.

Мала хацець

Дарога да шчасця зусім не вядзе праз назапашванне. Не той шчаслівы, хто шмат мае, а той, хто мала патрабуе. На зямлі чалавеку для годнага жыцця няшмат трэба. Як правіла, амаль усе мы маем больш, чым нам неабходна. Той, хто гэта адкрыў, замест таго, каб жадаць чужых рэчаў, ахвотна дзеліцца з іншымі тым, што мае. Такі чалавек даволі хутка заўважае, што мудра даючы, значна лягчэй наладзіць кантакты з іншымі.

Наколькі пажаданне чужога дабра аддзяляе нас ад іншых, напаўняючы сэрца пачуццём нядобразычлівасці, хцівасці, зайздрасці і нават нянавісці, настолькі раздача свайго багацця яднае нас з іншымі, напаўняючы іх сэрцы радасцю, зычлівасцю, удзячнасцю, гэта значыць, пачуццямі, якія складаюць шчасце чалавека.

Бог, кажучы ў Старым Запавеце «не пажадай чужой рэчы», заклікаў паклапаціцца пра гармонію ў сэрцы. Езус Хрыстус у Новым Запавеце, заклікаючы да евангельскага ўбоства, пайшоў на крок далей па шляху развіцця маральнага жыцця і ўдасканалення чалавечых сувязяў.

Багатаму маладзёну, які ідэальна захоўваў усе запаведзі, Ён раіць, каб той прадаў усё, што мае, раздаў убогім і пайшоў за Ім. Тады маладзён адыходзіць сумны. Яму здавалася, што для таго, каб быць шчаслівым, трэба шмат мець. Юнак не адкрыў для сябе ісціны, што шчасце заключаецца ў ашчасліўліванні іншых і што матэрыяльныя каштоўнасці тады становяцца прыладаю для чынення дабра, калі імі можна дзяліцца, адорваючы тых, каму гэта неабходна.

Той, хто ўмее даваць, напэўна, не пажадае чужога. Пакуль чалавек не навучыцца даваць і дзяліцца, пажадлівасць да чужога багацця будзе сядзець у яго сэрцы. Толькі той, хто дае, бачыць чалавека, а не дабро, толькі ён умее ўзвысіцца над матэрыяльным, каб убачыць сэрца другога чалавека.

Людзі часта недаацэньваюць дзевятай і дзесятай запаведзяў, а яны стаяць на варце такіх жа вялікіх каштоўнасцяў, як і папярэднія. Іх не трэба звязваць ані з шостаю запаведдзю, ані з сёмаю, бо калі б яны не прыўносілі нічога новага, Бог не фармуляваў бы іх асобна. Змест запаведзяў ахоплівае дзесяць каштоўнасцяў, а не восем, як гэта часта інтэрпрэтуецца. Больш за тое, з евангельскага пункту погляду, гэтыя дзве апошнія былі асабліва ўдасканаленыя Хрыстом. Хрыстус дбае пра лад у сэрцы, і на гэтых дзвюх запаведзях, удасканаленых заклікам да чысціні нават у позірку на жанчыну, і заклікам палюбіць убоства, Ён закладвае падмурак евангельскай
дасканаласці.

Сам дасканала захоўваючы ўвесь Дэкалог, Хрыстус дае нам прыклад любові да беднасці. Ён дабравольна адмаўляецца ад матэрыяль­ных багаццяў, а нас адорвае ўсялякім багаццем духовым. Хрыстус сваім прыкладам сцвярджае, што сапраўднае шчасце не ў назапашванні, але ва ўменні абмяжоўваць свае патрэбы. Не той шчас­лівы, хто шмат мае, а той, хто мала патрабуе. Вольнае сэрца — гэта шчаслівае сэрца. Сэрца, поўнае жаданняў і прагі, вечна галоднае і неспатольнае, ніколі не зведае шчасця.

ЗАПАВЕДЗЬ ЛЮБОВІ

Любі Бога і рабі, што хочаш

Заканчваючы цыкл разважанняў над Дэкалогам, хачу супакоіць усіх тых, хто зрабіў выснову, што гэтых указанняў так шмат, што жыцця не хопіць не толькі на тое, каб іх зрэалізаваць, але нават на тое, каб з імі добра пазнаёміцца.

Каб палюбіць лес, трэба на хвіліну прыпыніцца пры дрэвах, кветках, звярах, кузурках, птушках альбо паслухаць буркатлівы лясны струмень. Але калі мы так зробім, то прыйдзем да высновы, што не хопіць жыцця, каб добра пазнаёміцца з кожнаю драбніцаю лесу. Гэтаксама і з Дэкалогам. Кожная запаведзь адкрывае перад намі таямніцу вялікага багацця, бо стаіць на варце больш высокай каштоўнасці, чым часовыя рэчы, каштоўнасці, ад якой залежыць шчасце людскога сэрца.

Аднак гэтаксама як любоў да лесу не залежыць ад дакладнага пазнання ўсіх яго таямніцаў, так і любоў да Дэкалогу не залежыць ад даска­налага распазнання ўсіх, утоеных у ім, каштоўнасцяў. Можна ўвайсці ў лес і палюбіць яго з першага позірку і толькі гэтая любоў зробіць магчымым паступовае адкрыццё яго таямніцаў. А гэта ў вялікай ступені залежыць ад таго, хто і якім чынам завядзе нас у лес. Калі гэта зробіць чалавек, улюбёны ў лес, то ягоная любоў распаліць і нашыя сэрцы.

Аналагічна выглядае справа і з любоўю да Дэкалогу. Трэба сустрэць кагосьці, хто адкрые нам утоеную ў ім таямніцу любові. А такім правадніком ёсць сам Бог. Св. Аўгустын акрэсліў гэта вельмі коратка: «Любі Бога і рабі, што хочаш». Калі сэрца напоўніць любоў да Бога, то яна без вялікіх цяжкасцяў захавае ўсе запаведзі Дэкалогу, бо яна здолее адкрыць таямніцу сапраўднай любові ў кожнай з іх.

Няўжо той, хто па-сапраўднаму любіць Бога, будзе здзіўляцца, што не можа мець іншых багоў? Іх можа быць побач з ім тысячы — гэтаксама як бываюць тысячы мужчын побач з закаханаю жанчынаю, але яе сэрца вернае толькі аднаму. Ці будзе чалавек, улюбёны ў Бога, здзіўляцца, што імя таго, каго ён любіць, трэба вымаўляць з павагаю і што патрэбны хоць бы адзін дзень у тыдні для блізкага з Ім спаткання? Першыя тры запаведзі Дэкалогу — гэта не што іншае, як канкрэтныя ўказанні любячага Бога, які клапоціцца пра развіццё нашай любові. Калі б не было запаведзяў, а мы б любілі Бога па-сапраўднаму, то селі б разам з Ім, каб абмеркаваць тое, што нам трэба рабіць, каб быць вернымі Яму і развіваць гэтую любоў. І тады мы не вынайшлі б нічога іншага, нічога больш мудрага, як толькі тое, што ёсць у першых трох запаведзях Дэкалогу.

І далей. Няўжо той, хто любіць Бога і ў Богу ўсіх створаных Ім людзей, будзе здзіўляцца, што любоў заклікае паважаць сваіх бацькоў? Няўжо такі чалавек будзе знішчаць створаных па вобразе і падабенстве Айца сваіх братоў, мардуючы
іх альбо падрываючы іхняе здароўе? Альбо, бачачы звязанае Богам сужэнства, будзе яго разрываць? Ці пасягне на чужую маёмасць, ведаючы, што Бог, які яго любіць, глядзіць на яго? Ці падмане каго-небудзь, памятаючы, што падманвае разам з тым Бога? Ці дапусціць, каб выйшаў напаверхню эгаізм пажадлівасці, які прыніжае яго чалавечую сутнасць?

Шлях да таго, каб палюбіць Дэкалог і ўвесці яго ў жыццё, просты. Гэта шлях удасканалення любові да Бога і бліжняга. Бо Дэкалог — гэта не што іншае, як шлях любові. Калі хтосьці хоча ведаць, ці любіць Бога і бліжняга, то павінен высветліць, у якой ступені паслядоўна і пераканана захоўвае Дэкалог. А калі сумленне яму адкажа: «усяго гэтага я прытрымлівалася са свайго юнацтва і прагну яшчэ нечага большага», то няхай тады ведае, што Хрыстус заклікае яго да яшчэ прыгажэйшай і багацейшай прыгоды, кажучы: «Калі хочаш быць дасканалым, пайдзі, прадай маёмасць тваю і раздай бедным; і будзеш мець скарб на небе; і прыходзь ды йдзі за Мною» (Мц 19, 21).

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней