
Прапануем катэхезу Святога Айца Льва XIV з цыкла «Езус Хрыстус — наша надзея», у якой Пантыфік паказвае нам евангельскія знакі надзеі, актуалізуючы тэматыку Юбілейнага года.
Папа Леў XIV
Цыкл катэхезаў
Юбілей 2025. Езус Хрыстус — наша надзея
Пра жанчыну, якая цярпела ад крывацёку, і дачку Яіра. «Не бойся, толькі вер!» (Мк 5, 36)
(Генеральная аўдыенцыя. Серада, 25 чэрвеня 2025 г.)
Чытанне святога Евангелля паводле Марка (Мк 5, 33–36)
…Жанчына спалохалася і задрыжэла, бо ведала, што з ёй сталася. Яна падышла, упала перад Ім і сказала Яму ўсю праўду. Ён жа сказаў ёй: «Дачка, вера твая ўратавала цябе. Ідзі ў спакоі і будзь вольная ад сваёй хваробы».
Калі Ён яшчэ гаварыў, прыйшлі ад кіраўніка сінагогі і сказалі: «Дачка твая памерла, навошта ты яшчэ турбуеш Настаўніка?» Але Езус, пачуўшы гэтыя словы, сказаў кіраўніку сінагогі: «Не бойся, толькі вер!»
У наш час вельмі распаўсюджанаю хваробаю з’яўляецца стомленасць ад жыцця: рэальнасць здаецца нам занадта складанаю, цяжкаю, ёй нялёгка супрацьстаяць. Тады мы страчваем энергію, у духоўным сэнсе становімся санлівымі, памылкова думаючы, што, калі абудзімся, усё будзе па-іншаму. Але рэальнасці не трэба паддавацца, і разам з Езусам мы здольныя да гэтага. Часам мы таксама адчуваем сябе паралізаванымі з-за меркаванняў тых, хто прысвойвае сабе права чапляць на іншых ярлыкі.
Мяркую, што такія сітуацыі знаходзяць сваё адлюстраванне ў фрагменце Евангелля паводле святога Марка, дзе пераплятаюцца дзве гісторыі: гісторыя дванаццацігадовай дзяўчынкі, якая ляжыць хворая ў ложку і памірае, а таксама гісторыя жанчыны, якая дванаццаць гадоў церпіць ад крывацёку і шукае Езуса, каб Ён яе аздаравіў (пар. Мк 5, 21–43).
Паміж гэтымі дзвюма жаночымі постацямі Евангеліст змяшчае асобу бацькі дзяўчынкі: ён не застаецца дома, плачучы над хвораю дачкою, а выходзіць і просіць аб дапамозе. Хоць ён кіраўнік сінагогі, але нічога сабе не прысвойвае, нягледзячы на свой сацыяльны статус. Калі трэба чакаць, ён не страчвае цярплівасці і чакае. А калі яму прыходзяць сказаць, што яго дачка памерла і няма сэнсу турбаваць Настаўніка, ён працягвае верыць і жывіць сваю надзею.
Дыялог гэтага бацькі з Езусам перарываецца з-за жанчыны, якая цярпела ад крывацёку і якой удалося наблізіцца да Езуса і дакрануцца да Яго шатаў (пар. Мк 5, 27). Гэтая жанчына з вялікаю адвагаю прыняла рашэнне, якое змяніла яе жыццё: усе пастаянна ёй казалі, каб яна трымалася здалёк. Яе ізалявалі. Часам мы таксама можам станавіцца ахвярамі меркавання іншых, хто спрабуе навязаць нам ролю або вобраз, не ўласцівыя для нас. Тады мы адчуваем сябе дрэнна і не можам з гэтага вырвацца.
Жанчына з Евангелля становіцца на шлях збаўлення, бо ў яе сэрцы прарастае вера, што Езус можа яе аздаравіць: тады яна знаходзіць сілы выйсці і пашукаць Яго. Хоча прынамсі дакрануцца да краю Яго адзення.
Вакол Езуса былі вялікія натоўпы, таму многія людзі да Яго дакраналіся, аднак з імі нічога не адбывалася. Калі ж гэтая жанчына дакранулася да Езуса, то была аздароўленая. У чым тут розніца? Каментуючы гэты фрагмент тэксту, святы Аўгустын гаворыць ад імя Езуса: «Натоўп наступае, а вера дакранаецца» (Казанне 243, 2). Менавіта так і ёсць: кожны раз, калі мы скіроўваем да Езуса акт веры, мы ўстанаўліваем з Ім кантакт і адразу ж ад Яго сплывае ласка. Часам мы гэтага не заўважаем, але ўкрытым і рэальным спосабам ласка сыходзіць на нас і знутры паступова змяняе жыццё.
Магчыма, у наш час таксама многія людзі набліжаюцца да Езуса павярхоўна, не вераць на самай справе ў Яго моц. Знешне мы ўдзельнічаем у набажэнствах, але, можа, нашыя сэрцы знаходзяцца дзесьці ў іншым месцы! Гэтая жанчына, ціхая і невядомя, перамагла свой страх, дакрануўшыся да сэрца Езуса рукамі, якія лічыліся нячыстымі з-за хваробы. І адразу адчула сябе аздароўленай. Езус гаворыць ёй: «Дачка, вера твая ўратавала цябе. Ідзі ў спакоі» (Мк 5, 34).
У гэты час прыносяць бацьку навіну пра тое, што яго дачка ўжо памерла. Езус гаворыць яму: «Не бойся, толькі вер!» (Мк 5, 36) Затым ідзе да яго дадому і, бачачы, што ўсе плачуць і крычаць, кажа: «Дзіця не памерла, а спіць» (Мк 5, 39). Пасля ўваходзіць у пакой, дзе ляжала дзяўчынка, бярэ яе за руку і гаворыць: «Таліта, кум» («Дзяўчынка, табе кажу, устань!») Дзяўчынка ўстала і пачала хадзіць (пар. Мк 5, 41–42). Гэты жэст Езуса паказвае нам, што Ён не толькі аздараўляе з кожнай хваробы, але таксама абуджае са стану смерці. Для Бога, які ёсць вечным Жыццём, смерць цела — як сон. Сапраўдная смерць — гэта смерць душы: вось яе мы павінны баяцца!
Яшчэ апошні момант: Езус пасля ўваскрасення дзяўчынкі сказаў яе бацькам, каб ёй далі есці (пар. Мк 5, 43). Гэта чарговы вельмі канкрэтны знак блізкасці Езуса да чалавека. Аднак мы можам гэта разумець таксама ў глыбейшым сэнсе і задаць сабе пытанне: калі нашыя дзеці перажываюць крызіс і маюць патрэбу ў духоўным пасілку, ці можам мы ім яго даць? А як мы можам гэта зрабіць, калі самі не кормімся Евангеллем?
Дарагія браты і сёстры, у жыцці ёсць хвіліны расчаравання і ўпадку духу, ёсць таксама досвед смерці. Будзем вучыцца ад гэтай жанчыны, ад гэтага бацькі: пойдзем да Езуса, Ён нас можа аздаравіць, можа даць нам новае жыццё. Езус — наша надзея!
Падрыхтавала Ганна Шаўчэнка.
Паводле www.vatican.va