
Прапануем катэхезу Святога Айца Льва XIV з цыклу «Езус Хрыстус — наша надзея», у якой Пантыфік паказвае нам евангельскія знакі надзеі, актуалізуючы тэматыку Юбілейнага году.
Папа Леў XIV
Цыкл катэхезаў
Юбілей 2025. Езус Хрыстус — наша надзея
Бартымэй. «Смялей, уставай, Ён кліча цябе» (Мк 10, 49)
(Генеральная аўдыенцыя. Серада, 11 чэрвеня 2025 г.)
Чытанне святога Евангелля паводле Марка
(Мк 10, 49–52)
Езус спыніўся і сказаў: «Паклічце яго». Тады паклікалі сляпога, кажучы яму: «Смялей, уставай, Ён кліча цябе». Ён жа, скінуўшы вопратку сваю, устаў і падышоў да Езуса. Адказваючы яму, Езус сказаў: «Што хочаш, каб Я зрабіў табе?» Сляпы сказаў Яму: «Настаўнік, каб я зноў бачыў». І Езус сказаў яму: «Ідзі, вера твая ўратавала цябе». І той адразу стаў бачыць, і пайшоў за Езусам па дарозе.
Дарагія браты і сёстры!
У гэтай катэхезе я хацеў бы звярнуць вашую ўвагу на іншы істотны аспект жыцця Езуса, а менавіта на Яго аздараўленні. Таму заахвочваю вас даверыць Сэрцу Хрыста тое, што ў вас найбольш балючае і крохкае, тыя праявы вашага жыцця, у якіх вы адчуваеце сябе паралізаванымі і скаванымі. Даверліва просім Пана, каб Ён выслухаў нашыя просьбы і аздаравіў нас!
Постаць, якая суправаджае нас у гэтай рэфлексіі, дапамагае нам зразумець, што ніколі не трэба губляць надзеі, нават калі мы адчуваем сябе прыгнечанымі. Гаворка ідзе пра Бартымэя, сляпога жабрака, якога Езус сустрэў у Ерыхоне (гл. Мк 10, 40–52). Месца гэта сімвалічнае: Езус скіроўваецца ў Ерузалем, але сваё падарожжа распачынае ў пэўным сэнсе з «адхлані» Ерыхона, горада, які знаходзіцца ніжэй за ўзровень мора, паколькі Езус прайшоў праз сваю смерць, каб узняць Адама, які ўпаў і які рэпрэзентуе кожнага з нас.
Імя Бартымэй азначае «сын Тымэя». Яно апісвае гэтага чалавека праз адносіны, і ўсё ж ён драматычна адзінокі. Аднак гэтае імя можа азначаць таксама «сын пашаны» або «сын захаплення», што відавочна супярэчыць сітуацыі, у якой ён знаходзіцца1. А паколькі ў габрэйскай культуры імя вельмі важнае, гэта азначае, што Бартымэй не здольны жыць так, як трэба было б згодна з яго пакліканнем.
У адрозненне ад вялікага натоўпу людзей, якія ішлі за Езусам, Бартымэй застаецца на месцы. Евангеліст гаворыць, што ён сядзіць каля дарогі, таму патрэбны хтосьці, хто дапамог бы яму стаць на ногі і зноў пайсці.
Што ж мы можам учыніць, калі знаходзімся ў сітуацыі, якая здаецца бязвыхаднай? Бартымэй вучыць нас звяртацца да рэсурсаў, якія мы маем у сабе і якія з’яўляюцца часткаю нас саміх. Ён — жабрак, умее прасіць, нават крычаць! Калі ты сапраўды чагосьці прагнеш, зрабі ўсё, што можаш, каб дасягнуць гэтага, нават калі іншыя цябе крытыкуюць, прыніжаюць і гавораць, каб ты паддаўся. Калі ты сапраўды гэтага прагнеш, не пераставай крычаць!
Просьба Бартымэя, занатаваная ў Евангеллі паводле св. Марка, — «Сыне Давіда, змілуйся нада мною!» (Мк 10, 47) — стала добра вядомаю малітваю ва ўсходняй традыцыі, і мы таксама можам ёю карыстацца: «Пане Езу Хрыстэ, Сыне Божы, змілуйся нада мною, грэшнікам».
Бартымэй сляпы, але парадаксальна, што ён бачыць лепш, чым іншыя, і распазнае, кім ёсць Езус! На яго крык Езус спыняецца і просіць паклікаць сляпога (гл. Мк 10, 49), бо няма такой просьбы, якой Бог не выслухаў бы, нават калі мы не ўсведамляем, што звяртаемся да Яго (гл. Зых 2, 23). Здаецца дзіўным тое, што Езус не падыходзіць адразу да сляпога, але калі задумацца, то гэта спосаб вярнуць Бартымэю жыццё: Езус змушае яго ўстаць, верыць у яго здольнасць хадзіць. Гэты чалавек можа ўстаць на ногі, можа паўстаць са сваёй смерці. Аднак для гэтага ён павінен зрабіць вельмі важнае: павінен скінуць свой плашч (гл. Мк 10, 50)!
Для жабрака плашч — гэта ўсё: бяспека, дом, абарона, якая яго засланяе. Нават закон ахоўваў права жабрака на плашч і наказваў вярнуць яго вечарам, калі плашч быў узяты ў заклад (гл. Зых 22, 25). Аднак часта тым, што нас скоўвае, з’яўляюцца нашыя фальшывыя спосабы засцерагчыся ад небяспекі; тое, чым мы прыкрываемся, каб абараніцца, але па сутнасці перашкаджае нам пайсці наперад. Каб падысці да Езуса і даць сябе аздаравіць, Бартымэй павінен адкрыць перад Ім усю сваю безабароннасць. Гэта фундаментальны этап усялякага шляху аздараўлення.
Пытанне, якое задае яму Езус, таксама здаецца дзіўным: «Што хочаш, каб Я зрабіў табе?» (Мк 10, 50) Па сутнасці, нашае жаданне аздаравіцца ад сваіх хваробаў — не відавочнае; часам мы лічым за лепшае заставацца на месцы, каб не браць на сябе адказнасці. Адказ Бартымэя глыбокі: ён выкарыстоўвае дзеяслоў anablepein, які можа азначаць «зноў бачыць», але яго можна таксама перакласці як «узняць вочы». Бартымэй жа хоча не толькі здабыць зрок, але таксама і сваю годнасць! Каб паглядзець угору, трэба ўзняць галаву. Часам людзі не ў стане дзейнічаць, бо жыццё іх спакорыла, і яны прагнуць толькі вярнуць сваю годнасць.
Тым, што аздараўляе Бартымэя і кожнага з нас, з’яўляецца вера. Езус аздараўляе нас, каб мы маглі стаць свабоднымі. Не запрашае Бартымэя ісці за Ім, але кажа яму, каб пайшоў, вырушыў у дарогу (гл. Мк 10, 52). Аднак Марк заканчвае свой аповед, паведамляючы, што Бартымэй пайшоў за Езусам — дабравольна вырашыў наследаваць Таго, Хто ёсць Дарогаю!
Дарагія браты і сёстры, з даверам занясем да Езуса нашыя хваробы, а таксама хваробы нашых блізкіх, занясем цярпенне тых, хто адчувае сябе прыгнечаным і знаходзіцца ў бязвыхаднай сітуацыі. Усклікайма таксама за іх і будзем упэўненыя, што Пан выслухае нас і затрымаецца.
Падрыхтавала Ганна Шаўчэнка.
Паводле www.vatican.va