«…Глухія чуюць, а нямыя гавораць»

Прапануем чытачам катэхезу Святога Айца Льва XIV з цыклу «Езус Хрыстус — наша надзея», у якой Пантыфік паказвае нам евангельскія знакі надзеі, актуалізуючы тэматыку Юбілейнага году.

Папа Леў XIV
Цыкл катэхезаў
Юбілей 2025. Езус Хрыстус — наша надзея

ІІ. Жыццё Езуса. Аздараўленні.
Глуханямы. «Будучы надзвычай здзіўленымі, яны казалі: „Ён зрабіў усё добра: учыніў, што глухія чуюць, а нямыя гавораць“» (Мк 7, 37).

Чытанне святога Евангелля паводле Марка
(Мк 7, 32–37)

Калі прывялі да Яго глуханямога, прасілі, каб усклаў на яго руку. Адвёўшы яго далей ад натоўпу, Ён уклаў у яго вушы свае пальцы і, паслініўшы, дакрануўся да ягонага языка. Паглядзеўшы на неба, уздыхнуў і сказаў яму: «Эффата», што значыць: «Адкрыйся». Адразу адкрыліся вушы ягоныя, і развязаліся путы языка ягонага, і пачаў гаварыць выразна. Тады Езус загадаў ім, каб нікому не казалі. Але колькі ні забараняў ім, яны апавядалі яшчэ больш. Будучы надзвычай здзіўленымі, яны казалі: «Ён зрабіў усё добра: учыніў, што глухія чуюць, а нямыя гавораць!»

Дарагія браты і сёстры!

Гэтаю катэхезаю мы заканчваем наш шлях праз публічнае жыццё Езуса, поўнае сустрэчаў, прыпавесцяў і аздараўленняў.

Час, у які мы жывем, таксама патрабуе аздараўлення. Наш свет напаўняе атмасфера гвалту і нянавісці, якая прыніжае годнасць чалавека. Мы жывем у грамадстве, хворым з прычыны «ўсёпаглынальнасці» сацыяльных медыя: мы празмерна ўцягнутыя ў іх, нас бамбардуюць вобразы, часам фальшывыя і скажоныя. Мы прыгнечаныя мноствам навінаў, якія выклікаюць у нас буру спрэчных эмоцый.

У гэтай сітуацыі ў нас можа ўзнікнуць прагненне ўсё выключыць. Мы нават можам дайсці да таго, што пажадаем нічога больш не адчуваць. Нашыя словы таксама могуць быць няправільна зразуметыя, і мы можам паддацца спакусе замкнуцца ў маўчанні, у немагчымасці камунікаваць, калі, нягледзячы на блізкасць адзін да аднаго, не зможам сказаць ужо самых простых і глыбокіх словаў.

У сувязі з гэтым я хацеў бы сёння паразважаць над фрагментам Евангелля святога Марка, дзе распавядаецца пра глуханямога чалавека (гл. Мк 7, 31–37). Як гэта магло б сёння здарыцца з намі, магчыма, той чалавек вырашыў не размаўляць, бо не адчуваў, што яго разумеюць, і адмовіўся ад любых выказванняў, таму што быў расчараваны і ранены пачутым. Істотна тое, што ён не сам прыходзіць да Езуса па аздараўленне: яго прывялі людзі. Можна было б падумаць, што тыя, хто прыводзіць яго да Настаўніка, непакояцца з-за яго ізаляванасці. Аднак хрысціянская супольнасць бачыць у гэтых людзях таксама вобраз Касцёла, які суправаджае кожнага чалавека на шляху да Езуса, каб чалавек выслухаў Яго словы. Гэта адбываецца на зямлі язычнікаў, а значыць, у кантэксце, дзе іншыя галасы стараюцца заглушыць голас Бога.

Дзеянні Езуса напачатку могуць здавацца дзіўнымі, бо Ён бярэ гэтага чалавека з сабою і адводзіць яго ў бок (гл. Мк 7, 33а). Здаецца, такім чынам Ён падкрэслівае яго ізаляцыю, але калі мы задумаемся, то зразумеем: так Ён дапамагае нам зразумець, штó крыецца за маўчаннем і замкнутасцю гэтага чалавека, нібы Ён заўважыў яго патрэбу ў інтымнасці і блізкасці.

Езус ахвяруе яму перш за ўсё ціхую блізкасць праз жэсты, якія сведчаць пра глыбіню сустрэчы: дакранаецца да вушэй і языка гэтага чалавека (гл. Мк 7, 33б). Езус не ўжывае шмат словаў, гаворыць толькі тое, што ў гэты момант неабходна: «Адкрыйся» (Мк 7, 34). Марк падае дадзенае слова на арамейскай мове — «effatha», нібы хоча, каб мы ўжывую пачулі яго гучанне і водар. Гэтае слова, простае і прыгожае, мае заклік, скіраваны Езусам да чалавека, які перастаў слухаць і гаварыць. Так, нібы Езус сказаў яму: «Адкрыйся на гэты свет, які ў цябе выклікае жах! Адкрыйся на адносіны, якія цябе расчаравалі! Адкрыйся на жыццё, з якім ты ўжо не хочаш змагацца!» Замкнутасць у сабе ніколі не ёсць выйсцем.

Пасля сустрэчы з Езусам гэты чалавек не толькі пачынае гаварыць, але і робіць гэта «выразна» (Мк 7, 35). Выяўляецца, што дададзенае Евангелістам прыслоўе гаворыць нам штосьці больш аб прычынах яго маўчання. Магчыма, той чалавек перастаў гаварыць, бо яму здавалася, што ён гаворыць невыразна; магчыма, ён адчуваў сябе непаўнацэнным. Усе мы ведаем, што такое быць няправільна зразуметым, адчуваць сябе незразуметым. Усе мы павінны прасіць Пана, каб Ён аздаравіў нашыя зносіны — не толькі для таго, каб мы былі прадуктыўнымі, але таксама каб не ранілі іншых сваімі словамі.

Вяртанне да выразнага маўлення — гэта пачатак шляху, гэта яшчэ не мэта. Езус забараняе гэтаму чалавеку распавядаць пра тое, што здарылася (гл. Мк 7, 36). Каб сапраўды пазнаваць Езуса, трэба прайсці пэўны шлях, трэба быць з Ім, а таксама прайсці праз Яго Муку. Калі мы ўбачым Яго, прыніжанага і церпячага, калі спазнаем збаўчую моц Яго крыжа, тады зможам сказаць, што сапраўды пазналі Яго. Немагчыма стаць вучнямі Езуса, [ідучы] напрасткі.

Дарагія браты і сёстры, будзем жа прасіць Пана, каб мы навучыліся камунікаваць шчыра і разважліва. Молімся за ўсіх, хто быў ранены чужымі словамі. Молімся за Касцёл, каб ён ніколі не забываў пра сваё заданне весці людзей да Езуса, каб яны маглі слухаць Яго словы, аздараўляцца праз іх і ў сваю чаргу стаць вестунамі Яго паслання збаўлення.

Падрыхтавала Ганна Шаўчэнка.
Паводле www.vatican.va

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней