Данута Бічэль
Божае Цела
Езус Хрыстус у Гостыі
змяшчаецца бы ў сонечным крузе.
Панясем Яго так па святой Беларусі,
як Жаданага Госця.
У вянках з каласкоў і валошкаў
пойдзеш з намі, Божанька мілы…
Нашы збітыя ногі ад Тваіх святых ножкаў
няхай набяруцца сілы…
Нехта заплача ў натхненні.
Будзем шчыра малітвы спяваць,
І хворыя нашы калені
будуць брук святы цалаваць…
Гостыя!
Свае смуткі, цярпенні,
грэх заскарузлы стары
пакладзем перад Панам
на ўсе вулічныя алтары…
Вясёлка з душаў людскіх
заззяе ў зацішку
ад святога Бэрнарда —
да святога Францішка…
Нехта з нас памрэ ў гэты дзень
у засені вуліц,
прыняўшы Божае Цела…
Скажуць: — У адчынены рай
душа яго паляцела…
Езус Хрыстус да Сэрца
жывых і памерлых прытуліць.
Найсвяцейшая Гостыя
сагнутых няволяй жыцця выпроствае,
уздымае над узростам, над вёрстамі
у вышыні да Хрыста ўваскрослага!
Збаўленчыя промні Гостыі —
гаючыя і не гострыя.
1 красавіка 2017 г.