
Сучасны чалавек непараўнальна адрозніваецца ад чалавека мінулага стагоддзя, а тым больш ад чалавека, які жыў некалькі стагоддзяў таму. З аднаго боку, мы, як і нашыя продкі, маем па дзве рукі і нагі і адну галаву. Аднак наколькі змяніў чалавека навуковы прагрэс! Дзякуючы намаганням навукоўцаў і прамыслоўцаў чалавек адчувае сябе больш упэўнена і спакойна, але часта здараецца, калі чалавек, страціўшы нават толькі часова магчымасць карыстацца плёнамі сучаснай цывілізацыі, адчувае сябе значна менш упэўненым і паспяховым за сваіх продкаў.
Узяць, хаця б, мабільны тэлефон ці іншы гаджэт, да наяўнасці якога мы прызвычаіліся гэтак натуральна, што ён стаўся элементам нашай штодзённасці, і таму ўсведамленне адсутнасці пры сабе такога прыстасавання ператвараецца для некаторых у сапраўднае выпрабаванне трывогай ці нават панікай.
Пры ўваходзе ў нашыя святыні на дзвярах часта можна заўважыць аб’яву, якая заклікае выключыць мабільны тэлефон. Хтосьці нават і не заўважае яе, перакананы, што яму ніхто не пазвоніць. Іншыя ж не могуць сабе дазволіць быць «па-за сеткай», бо маюць неабходнасць быць на сувязі ўсюды і заўсёды.
Варта, аднак, паглядзець глыбей на ўсё гэта, бо недастаткова проста паставіць тэлефон на «вібра». Значна важнейшым з’яўляецца ўсведамленне таго, што альбо хто сапраўды можа аблегчыць наша жыццё, хто здолее не толькі зразумець цяжар усіх праблемаў, якія немагчыма пераказаць словамі альбо смс-амі, але гатовы гэтыя праблемы вырашаць.
На пачатку Імшы, зрабіўшы на сабе знак крыжа, мы пачуем словы: «Пан з вамі!». Гэтыя словы, якія святар кіруе да сабраных у святыні, нагадваюць нам, што Бог можа быць да нас значна бліжэй, чым розныя, нават самыя сучасныя, прыстасаванні. Ён жадае выкараніць з нашага жыцця ўсялякую трывогу і пачуццё бездапаможнасці. Ён хоча паставіць нас на непахісным фундаменце свайго клопату пра нас. Дастаткова толькі паверыць, што любоў Бога Айца, ласку Пана нашага Езуса Хрыста і еднасць Духа Святога мы можам атрымаць ужо тут, слухаючы ўважліва Божае слова і злучаючы свае цяжкасці з пакутамі Хрыста, які памірае за нас на алтары падчас Эўхарыстыі.
Бог не проста хоча аблегчыць нашае жыццё на нейкі час ці ў нейкай канкрэтнай сітуацыі, Ён хоча напоўніць усё наша жыццё спакоем, упэўненасцю і сілаю.
Ксёндз Уладзімір Русак
Фота: Claudio Peri /epa/pap