Той, хто прабывае ў прысутнасці Бога і паставіў Яго ў цэнтр свайго жыцця, без асаблівых складанасцяў, страху і няёмкасці пастаянна імкнецца да найбольшай лучнасці з Богам — Любоўю. Паколькі працэс навяртання і споведзь вельмі важныя ў духоўным жыцці хрысціяніна, то важная і добрая падрыхтоўка да іх, якая ў сваю чаргу ёсць зарукаю плённасці гэтага сакрамэнту. Здараецца, што вернік, які ходзіць да споведзі, не адчувае ў належнай ступені спакою душы, палёгкі ці радасці сустрэчы з міласэрным Богам і з цягам часу сутыкаецца са спакусаю спыніць або абмежаваць сакрамэнт пакаяння. Прычынаю такога стану можа быць, між іншым, неадпаведная падрыхтоўка да споведзі.
Дух Святы — дух праўды
Існуюць розныя вымярэнні чалавечага жыцця: фізічнае, псіхічнае, духоўнае. Жыццё ва ўсім сваім багацці з’яўляецца дарам Божым, але менавіта духоўная яго сфера справядліва лічыцца непасрэднаю прастораю дзеяння Бога ў супрацоўніцтве з вольнаю воляю чалавека. Споведзь, якая ахоплівае ўсе вымярэнні чалавечага жыцця, мае перадусім духоўны характар, а таму дзеля добрага і плённага перажывання сакрамэнту пакаяння неабходна звяртацца па дапамогу да Духа Святога, які, нібы крыніца духоўнасці, гатовы дапамагчы слабому чалавеку ў адпаведнай падрыхтоўцы і здзяйсненні споведзі. Тут мы адкрываем для сябе вельмі важную праўду пра сакрамэнт пакаяння: пэнітэнт, які рыхтуецца да споведзі, не можа абмежавацца толькі ўласным пазнаннем сябе і сваіх учынкаў — ён павінен адкрыцца на супрацоўніцтва і кіраўніцтва Духа Святога, якога Хрыстус назваў Духам Праўды (Ян 16, 13). Ён прыходзіць, каб паказаць нам праўду і праз нашыя грахі, і праз нашыя цноты і святасць, а таксама стаць нашым абаронцам перад Богам.
Споведзь — гэта не псіхааналіз
Яшчэ раз звяртаем увагу на часам неадэкватнае атаясамліванне споведзі з псіхалагічным дзеяннем. Часам можна пачуць, што споведзь — гэта псіхааналіз, за які не трэба плаціць. Такое разуменне памылковае, хоць і заўважнае падабенства гэтых дзвюх рэчаіснасцяў. Калі хтосьці рыхтуецца да споведзі як да сустрэчы з псіхолагам, яго можа напаткаць расчараванне, бо на справе дзейснасць споведзі заключаецца не ў мудрых парадах ці глыбокіх эмоцыях, але ў моцы самога Хрыста, які памёр і ўваскрос, узяўшы на сябе нашы грахі.
Сустрэча з Пасхальнаю таямніцаю
Падрыхтоўку да споведзі добра распачаць менавіта з разважання пра Пасхальную таямніцу, якая з’яўляецца крыніцаю ўлады, дадзенай Хрыстом кожнаму святару. Варта ўзгадаць падзеі са Святога Пісання, якія глыбока перадаюць пасхальную рэчаіснасць: выйсце з егіпецкай няволі, пераход праз Чырвонае мора, Апошняя Вячэра, мука, смерць і ўваскрасенне Хрыста. Асабліва для гэтага падыходзіць літургія Пасхальнай вігіліі. Дзеля добрага перажывання сакрамэнту пакаяння важна на самым пачатку, яшчэ перад малітваю аб добрай споведзі і рахункам сумлення, усвядоміць, што адбудзецца ў гэтым сакрамэнце: я сустрэнуся з Езусам, які любіць мяне бясконцаю любоўю і хоча ўбачыць мяне такім, які я ёсць, і даць мне сваю любоў і аздараўленне. Менавіта такое ўсведамленне дапамагае ў наступных момантах працэсу навяртання.
Час для споведзі
Мае значэнне таксама і час, які мы выбіраем для споведзі, і агульны стан арганізма. Паколькі мы лічым споведзь важным вымярэннем нашага жыцця, неабходна выдзеліць для яе дастаткова часу, каб паспець добра падрыхтавацца і праз разважанне, малітву, рахунак сумлення са спакоем перажыць сустрэчу з міласэрным Хрыстом. Агульнавядома, што стан арганізма мае ўплыў на паводзіны чалавека: калі хтосьці нявыспаны сядае за руль аўтамабіля, то гэта небяспечна, бо ён можа неадэкватна ацэньваць сітуацыю і рэагаваць на яе. Гэтаксама і са споведдзю: для таго, каб яна была добраю і прынесла поўны плён, нельга прыступаць да яе наспех і ў абы-якім стане. Значная частка вернікаў спавядаецца пераважна пры нейкай нагодзе, звязанай з падзеямі асабістага ці сямейнага жыцця або духоўнымі практыкамі сваёй парафіі, напрыклад, рэкалекцыямі ці парафіяльнымі ўрачыстасцямі.
З аднаго боку, гэта добрая нагода для ачышчэння душы і прыняцця ласкі прабачэння, аднак такая споведзь звязаная са спешкаю, што ў сваю чаргу можа зацьміць багацце сакрамэнту пакаяння, хоць і ў гэтым выпадку споведзь таксама важная і прыносіць сакрамэнтальныя плады. Дзеля паўнейшага перажывання сустрэчы з Богам у судзе міласэрнасці (так называе споведзь сам Езус, звяртаючыся да св. Фаўстыны; Дз. 1448) варта выбраць час, калі няма чаргі да канфесіянала або прынамсі яна невялікая. Магчыма, камусьці можа падацца гэта дзіўным, аднак я ўпэўнены, што той, хто паспрабуе такім чынам падысці да споведзі, у хуткім часе глыбей спазнае яе каштоўнасць і плённасць.
Малітва перад споведдзю
Мы ўжо казалі пра тое, што споведзь — гэта не толькі актыўнасць чалавека, але і вялікае дзеянне Духа Святога. Таму варта ў дзень споведзі, а можа і напярэдадні яе, трываць у малітве, перш за ўсё — да Духа Праўды, каб менавіта Ён прысутнічаў у нашай падрыхтоўцы і ў часе споведзі. Хто практыкуе самастойную спантанную малітву, няхай робіць гэта так, як умее, а той, каму патрэбна дапамога, можа скарыстацца малітвамі, змешчанымі ў розных малітоўніках. Важным элементам такой падрыхтоўкі з’яўляецца праслаўленне Бога за дар Яго міласэрнасці і любові. Плённым будзе таксама малітва пэнітэнта за святара, якога Бог выбраў і ўчыніў распарадчыкам сакрамэнтаў: такім чынам мы дапамагаем спаведнікам у нялёгкім служэнні ў канфесіянале. Спадзяёмся, што і святары часта моляцца за сваіх пэнітэнтаў, дапамагаючы ім спазнаваць веліч і прыгажосць абмыцця ў Крыві Хрыстовай.
Усё сказанае вышэй можна лічыць у пэўным сэнсе ідэалам, да якога ўсім трэба імкнуцца. І хоць далёка не кожны вернік мае такія магчымасці, як, напрыклад, кансэкраваныя асобы ў манаскіх установах, але відавочна, што чалавеку, які стараецца часта карміцца Божым словам і вядзе рэгулярнае малітоўнае жыццё, значна лягчэй падрыхтавацца да споведзі і прыступаць да яе. Згадаем пра важны прынцып святла: чым бліжэй да яго, тым лепш мы бачым сябе і тое, што вакол нас. Такім духоўным святлом для нас ёсць сам Езус Хрыстус. У наступным выпуску часопіса гаворка пойдзе пра рахунак сумлення як першую ўмову добрай споведзі. Запэўніваючы ў заступніцтве перад Богам за чытачоў часопіса «Ave Maria», сам таксама прашу аб малітве ў маёй інтэнцыі.
Айцец Аркадзь Куляха OCD —
духоўны айцец Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі
імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску. Пасля заканчэння сярэдняй школы ўступіў
у ордэн кармэлітаў босых. Семінарыю пры ордэне скончыў у Кракаве,
дзе ў 1993 г.атрымаў святарскае пасвячэнне. Працаваў у Гудагаі і Нарачы.
Абараніў ліцэнцыят па маральнай тэалогіі ў Люблінскім каталіцкім універсітэце.