Пра святую Імшу: вяртанне да Бога

Мы працягваем гаварыць пра святую Імшу.

Калісьці на пачатку часоў Бог задумаў стварыць чалавека. І захацеў стварыць яго па сваім вобразе і падабенстве. Сам Бог стаўся пачаткам і вобразам нашага жыцця. Бог захацеў, каб мы мелі свой розум, волю і жылі ў гармоніі з Ім і з усім стварэннем. Гэта тое, што можна назваць першаснаю святасцю.


Аднак сатана пасеяў у чалавечых сэрцах няўпэўненасць. Няўпэўненасць у любові, у месцы чалавека ў створаным Богам свеце, няўпэўненасць у шчасці. І чалавек пакінуў крыніцу, якая дае жыццё, спакой і ўпэўненасць. Чалавек пакінуў свайго Створцу, каб шукаць апоры ў самім сабе. З той пары нам так цяжка жыць у гармоніі паміж сабою і так цяжка зноў наблізіцца да Бога.

Але Бог не перастае казаць: «Будзьце святымі, як святы Я, Пан Бог ваш» (Лев 19, 2). Гэтыя словы, на першы погляд, — патрабаванне, загад. Але, калі задумацца, у іх можна пачуць запрашэнне, заахвочванне вярнуцца да крыніцы нашага жыцця, да рэалізацыі нашага жыцця паводле своеасаблівага алгарытму, які верне нам першасны вобраз, паводле якога мы створаныя, а ў выніку прывядзе нас зноў да гармоніі з людзьмі і з Богам. Аднак у гэтых словах не толькі запрашэнне. У іх указаны спосаб.

Пан кажа: «Я — Бог ваш», паказваючы,
што Ён не адкінуў нас, застаўся нашым, з намі.
І надалей у Ім, як у крыніцы,
мы можам чэрпаць Яго ласку,
каб мець сілы для рэалізацыі Яго запрашэння.

Усведамляючы гэтую праўду, Касцёл у літургіі вуснамі святара кажа: «Сапраўды, святы Ты, Божа, крыніца ўсялякай святасці». І гэта не дзякуючы дасканаласці таго ці іншага святара, праведнасці той ці іншай супольнасці хрысціянаў здзяйсняецца літургія, адбываецца перамяненне хлеба і віна ў Цела і Кроў Хрыста. Крыніца гэтай моцы не ў чалавеку. «Таму, — кажа святар, — просім Цябе, асвяці гэтыя дары, каб сталіся яны Целам і Крывёю нашага Пана Езуса Хрыста». У гэтых словах увасобленая праўда пра тое, што святар з’яўляецца толькі прыладаю, часта недасканалаю, праз якую дзейнічае Бог у літургіі. Гэта просьба, якую святар скіроўвае да Бога Айца, каб моцаю Духа Святога перамяніў нашыя чалавечыя дары хлеба і віна ў Цела і Кроў Езуса Хрыста. Гэта просьба, якая можа навучыць нас здзяй­сняць усе нашыя чалавечыя намаганні моцаю, якая паходзіць ад Пана, якая вучыць нас быць супрацоўнікамі Божай ласкі. Яна вучыць нас прасіць, каб Бог перамяняў усё нашае чалавечае ў вобраз Божага.

Гэта не праява нашай бездапаможнасці. Гэта паступовае вяртанне да таго парадку, паводле якога Богам можа быць толькі Бог, а не чалавек, да парадку, у якім чалавек займае сваё годнае месца істоты, створанай на Божае падабенства і дзеля жыцця ў святасці. 


 Ксёндз Уладзімір Русак


Чытайце папярэднія артыкулы з рубрыкі «Пра святую Імшу»:

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней