Кожны дзень ва ўсім свеце праз паслугу святароў здзяйсняецца вялікая таямніца паяднання чалавека з Богам. Для большасці вернікаў споведзь з’яўляецца Божым дарам, які дапамагае ў зямной пілігрымцы крочыць па выбраных сцежках ды пры неабходнасці вяртацца на правільны шлях. Ёсць, аднак, людзі, якія задаюць пытанне, а часам ставяць пад сумнеў месца і ролю святара ў сакрамэнце пакаяння і паяднання.
Дар і таямніца святарства
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у пінскай катэдры падчас Імшы падзякі за 30 гадоў свайго біскупскага служэння прыгадаў адну падзею з жыцця святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка, які, вярнуўшыся з лагераў, зайшоў у нядзелю ў пінскі катэдральны касцёл. Сабралася даволі шмат людзей, яны маліліся, спявалі песні, але не было святара. Мітрапаліт эмацыянальна і кранальна працягваў аповед пра вялікую радасць вернікаў, якім мужчына ў фуфайцы паведаміў, што ён — святар і што неўзабаве будзе святая Імша. Тагачасныя вернікі, якія сумавалі па Эўхарыстыі, споведзі ды іншых сакрамэнтах, бачылі ў святарах самога Хрыста. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч часта прыпамінае, што святары не з’яўляюцца ніадкуль, яны ўзятыя з людзей, з сем’яў нашай краіны, з нашага грамадства.
Як глядзець на святара сёння, калі з розных бакоў чуем і пра гераічнае, высакароднае служэнне, часам ажно да праліцця крыві, і пра грахі, у тым ліку вялікія, некаторых пасвечаных? Патрэбна вера, каб умець аддзяліць чалавечае ад Божага і не загубіць ні аднаго ні другога. Езус Хрыстус расказаў прыпавесць пра вернага і нявернага слугу (гл. Лк 12, 41-48). З дапамогай прыходзіць святы Павел, які сцвярджае: «Няхай кожны лічыць нас слугамі Хрыста і распарадчыкамі Божых таямніц» (1 Кар 4, 1). Святы Ян Павел ІІ, які сутнасць святарства перадае словамі «дар» і «таямніца», каментуючы ўзгаданы фрагмент Святога Пісання, заўважае, што «распарадчык» не з’яўляецца гаспадаром, а тым, каму даручаны даброты. Святар атрымлівае ад Бога дары, якімі павінен дзяліцца з людзьмі дзеля іх духоўнага дабра і збаўлення. Без веры нельга зразумець святара. Ягоныя словы і жэсты ў сакрамэнце хросту, споведзі, у Эўхарыстыі, у намашчэнні хворых ды іншых сакрамэнтах перадаюць і актуалізуюць дзеянні самога Езуса Хрыста, які прысутны ў святары (гл. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, 1548). Канешне, гэта не значыць, што прысутнасць Хрыста ў біскупах, святарах, дыяканах аберагае іх ад чалавечых слабасцяў ці грахоў. Хрыстус так дзейнічае праз сваіх распарадчыкаў, што нават іхнія грахі не перашкаджаюць плённасці ласкі, якая вынікае, напрыклад, з сакрамэнту пакаяння (адпушчэнне грахоў і паяднанне з Богам, самім сабою, бліжнімі і светам).
Святы Ян Віянэй, які з’яўляецца прыкладам для святароў, асабліва ў паслузе споведзі, вучыў, што «дзякуючы веры мы б маглі бачыць Бога, укрытага ў святары, як праз шкло бачаць святло». Святы пробашч з Арса на пытанне, хто такі святар адказвае, што ён той, хто адкрывае скарбніцы Божых ласкаў. У адным з яго казанняў чытаем: «Ідзіце паспавядацца Найсвяцейшай Панне або анёлам. Ці атрымаеце адпушчэнне грахоў? Ці яны дадуць вам Цела і Кроў нашага Пана? Не, Найсвяцейшая Панна не можа зрабіць, каб Яе Боскі Сын сышоў у Гостыю. Нават дзвесце анёлаў не маглі б табе даць адпушчэння грахоў. Святар настолькі просты, наколькі гэта магчыма. Ён можа табе сказаць: ідзі ў спакоі, я адпускаю табе. Ах! Такім чынам святар — гэта хтосьці вялікі!». Сказанае не азначае, што вернікі павінны заўсёды і ва ўсім бачыць у святарах толькі Бога. На жаль, здараюцца выпадкі, калі пасвячаныя здраджваюць Хрысту і сваімі злачынствамі крыўдзяць давераны ім народ. Тады вернікі не толькі не павінны маўчаць, а маюць маральны абавязак паведаміць пра зло свайму біскупу або Апостальскай Сталіцы ды іншым кампетэнтным установам, каб абараніць Хрыстовы Касцёл ад «ваўкоў у авечай скуры» (Дз 20, 29).
Абавязак спавядацца
Касцёл, г. зн. Містычнае Цела Хрыста, верыць, што святары працягваюць на зямлі справу Збаўцы, абапіраючыся на словы Пана: «Як паслаў Мяне Айцец, так і Я пасылаю вас». Сказаўшы гэта, дыхнуў і сказаў: «Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаныя; на кім пакінеце, на тым застануцца» (Ян 20, 21-23). Каталіцкі Касцёл вызнае веру ў тое, што сам Бог выбраў сакрамэнтальнае пакаянне (споведзь) як звычайны спосаб адпушчэння грахоў і ўсклаў на святароў, сваіх слугаў, заданне і ўладу прабачаць грахі ў імя Найсвяцейшай Тройцы. У Кодэксе Кананічнага Права чытаем, што «вернікі, якія ў сакрамэнце пакаяння вызнаюць свае грахі законнаму распарадчыку, шкадуюць за іх і пастанаўляюць выправіцца, праз адпушчэнне грахоў, удзеленае гэтым распарадчыкам, атрымліваюць ад Бога прабачэнне грахоў, здзейсненых пасля хросту, і адначасова атрымліваюць паяднанне з Касцёлам, які яны сваімі грахамі паранілі» (ККП, кан. 959). Святы Ян Павел ІІ, спасылаючыся на веру Касцёла, напісаў, што «было б недарэчна і саманадзейна хацець самавольна ігнараваць Божыя прылады ласкі і збаўлення ды адначасова шукаць прабачэння без сакрамэнту, усталяванага Хрыстом, менавіта для прабачэння» (адгартацыя Reconciliatio et Paenitentia, 31). Святы Папа заахвочвае таксама вернікаў абудзіць у сабе большую руплівасць дзеля аднаўлення і больш глыбокага разумення натуры сакрамэнту пакаяння, каб прымаць яго з жывой верай, прасякнутай не пачуццём пагрозы ці страху (у тым ліку споведзі перад святаром), а даверам, перакананнем, што споведзь прасякнутая міласэрнай любоўю Хрыста, што ў сваю чаргу можа паспрыяць часцей спавядацца (гл. тамсама).
Святар таксама патрабуе прабачэння грахоў. Святы Ян Віянэй вучыў вернікаў: «Святар не ўстаноўлены дзеля сябе самога. Ён не можа адпусціць сабе грахі або здзяйсняць для сябе іншыя сакрамэнты. Ён не належыць сабе, ён — для вас». Разумеем, што святар пакліканы абвяшчаць вялікую любоў Бога, які багаты на міласэрнасць (гл. Эф 2, 4), што найбольш спазнае, калі спавядаецца. Каталіцкія распарадчыкі Божых дароў (дыяканы, святары, біскупы, у тым ліку і Папа) згодна з духоўнаю практыкаю Касцёла, якая фарміравалася і ўмацоўвалася на працягу стагоддзяў, самі спавядаюцца і маюць сваіх духоўных кіраўнікоў, што ў сваю чаргу спрыяе іх духоўнаму ўзрастанню. Святы з Арса кажа, што святарства — гэта любоў Сэрца Езуса, якая павялічваецца, калі святар вельмі рупліва дбае пра сваё асабістае жыццё ва ўсіх яго вымярэннях.
Перамагчы страх
Служэнне ў канфэсіянале з’яўляецца адным з найпрыгажэйшых і адначасова найбольш складаных святарскіх заданняў. Прыгажосць выяўляецца ў таямніцы паяднання чалавека з Богам. Святар у пэўным сэнсе становіцца сведкам новага нараджэння свайго бліжняга, што заўсёды выклікае невыказную радасць і ўдзячнасць Богу за дар паклікання да святарства. Складанасць жа паслугі вынікае з неабходнасці выслухоўваць грахі і выносіць «прысуд», што ў сваю чаргу патрабуе ўвагі ды ўмеласці праўдзіва ацаніць шчырасць, адкрытасць і гатоўнасць пэнітэнта прыняць адпушчэнне грахоў. Святару часам складана бывае даваць парады, весці духоўнае кіраўніцтва, а таксама прызначаць адпаведную «пакуту» (уміласціўленне), якія б паспрыялі духоўнаму сталенню, дапамаглі змяніць жыццё і шчыра пакаяцца.
Часам здараецца, што людзі, якія разважаюць пра споведзь і ставяцца да яе адмоўна, празмерна канцэнтруюцца на знешнім і не самым галоўным. Калі ў споведзі засяроджвацца толькі на вызнанні грахоў, іх адпушчэнні і неабходнасці выправіцца, абапіраючыся на ўласныя сілы (без сапраўднай веры), а не на сустрэчу з міласэрным Богам, які паслугуецца святаром у гэтым сакрамэнце, то складана пераадолець свой сорам, страх і нежаданне вызнаваць грахі перад святаром, які таксама з’яўляецца чалавекам. Нельга звесці споведзь толькі да фармальнага атрымання адпушчэння грахоў і забываць пра прысутнасць Бога. Выява, якая ілюструе споведзь, паказвае трох удзельнікаў гэтай таямніцы: пэнітэнта, святара і Хрыста, які сам прабачае і благаслаўляе. Там змешчаны таксама словы Езуса да святой Фаўстыны: «Калі ты прыходзіш на споведзь, ведай, што Я сам чакаю цябе ў канфесіянале; Я толькі засланяюся святаром, але сам дзейнічаю ў душы» (Дз. 1602).
З найлепшымі пажаданнямі — Аркадзь Куляха OCD
Іоюстрацыя: Hofman Vlastimil, «Spowiedź», 1906
Айцец Аркадзь Куляха OCD — духоўны айцец Вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску. Пасля заканчэння сярэдняй школы ўступіў у ордэн кармэлітаў босых. Семінарыю пры ордэне скончыў у Кракаве, дзе ў 1993 г. атрымаў святарскае пасвячэнне. Працаваў у Гудагаі і Нарачы. Абараніў ліцэнцыят па маральнай тэалогіі ў Люблінскім каталіцкім універсітэце.