Споведзь – крыніца ласкі і святасці

Святая Брыгіта пачула ў адным з аб’яўленняў, што той, хто хоча прыпадобніцца да Езуса і яднацца з Ім на працягу ўсяго жыцця, павінен часта спавядацца, прычым не толькі з грахоў, але таксама з недасканаласцяў і слабасцяў.


Святы Ян Павел ІІ у адгартацыі «Reconciliatio et paenitentia» назваў сакрамэнт пакаяння і паяднання крыніцай ласкі і святасці. Гэтак жа гавораць вернікі, якія рэгулярна прыступаюць да сакрамэнту споведзі. Яны ведаюць, што Хрыстус праз паслугу святара не толькі адпускае грахі, дапамагае духоўна расці, але і напаўняе чалавечую асобу сваёю прысутнасцю і любоўю, якая спрыяе набліжэнню да Бога – крыніцы ўсялякай святасці.

Святасць для кожнага

Калі б выпадкова сустрэтых людзей на вуліцы спытацца, ці хочуць яны быць святымі, то, магчыма, не ўсе адказалі б станоўча. Мяркую, што нават ва ўдзельнікаў нядзельнай або святочнай Эўхарыстыі падобнае пытанне магло б выклікаць разгубленасць, што вынікае з памылковага разумення святасці, бо слова «святы» асацыіруецца з тым, хто вынесены да хвалы алтара праз акт кананізацыі.

Цікавым было б пытанне: «Ці ведаеш каго-небудзь святога?». Прапаную чытачам запытацца пра гэта ў сябе, зрабіць такі міні-тэст. Віншую тых, хто, апроч кананізаваных святых, узгадаў кагосьці са сваіх родных ці блізкіх (як жывых, так і памерлых). Кажуць жа пра некаторых людзей яшчэ пры жыцці: яна святая, ён святы… Можа, хтосьці падумаў гэтак пра сябе, прынамсі ў перспектыве імкнення да святасці. Шмат хто, разважаючы пра веру, думае, што яе мэтаю ёсць збаўленне душы і цела пасля смерці. Такім чынам, удзел у жыцці Касцёла, прыняцце сакрамэнтаў, у тым ліку споведзь ды наогул вера, маюць мэтаю прывесці чалавека да збаўлення, г. зн. да ўваходу на неба па завяршэнні зямнога жыцця. Такі падыход, хоць і не пазбаўлены тэалагічных і лагічных падставаў, абмяжоўвае і пераносіць жыццё з Богам на час пасля смерці.

Святасць у разуменні значнай колькасці людзей – гэта маральная або этычная дасканаласць, дзякуючы якой чалавек прыпадабняецца Богу і атрымлівае за гэта ўзнагароду. Людзі часам задаюць пытанне чалавека з Евангелля (гл. Мк 10, 17): «Што мне рабіць, каб унаследаваць жыццё вечнае?». Езус тлумачыць, што найважнейшае – гэта еднасць з Ім і любоў. Такім чынам заўважаем, што хрысціянская маральнасць не абмяжоўваецца абавязкамі і выкананнем закону, але вынікае са з’яднання з Богам. Менавіта гэта хачу выразна падкрэсліць: маральныя паводзіны ёсць вынікам жыцця з Богам!

У фільме Юрыя Гарулёва пра кардынала Казіміра Свёнтка «Канікулы кардынала» аўтар сцэнарыя Аркадзь Шпунт цытуе словы святога Аўгустына, якія вельмі добра ілюструюць нашу тэму:

«Пакліканыя не таму, што святыя, але святыя таму, што пакліканыя».

Бог паклікаў кожнага чалавека да жыцця вечнага з самім сабою, а яно распачынаецца ўжо тут, на зямлі. Дзякуючы сакрамэнтам хрысціянскага ўтаямнічання мы атрымліваем ласку быць святымі! Еднасць з Богам – гэта не час пасля смерці, яна распачынаецца ўжо на зямлі і рэалізуецца ў кожным з нас, згодна з жыццёвым пакліканнем.

Папа Францішак у адгартацыі «Gaudete et exultate» піша: «Для таго, каб быць святым, неабавязкова быць біскупам, прэзбітэрам, законнікам ці законніцай. Часта мы схільныя думаць, што святасць прызначана толькі для тых, у каго ёсць магчымасць адысці ад звычайных абавязкаў, каб праводзіць шмат часу ў малітве. Але гэта не так. Мы ўсе пакліканы быць святымі, жывучы ў любові і даючы асабістае сведчанне ў нашым штодзённым жыцці там, дзе кожны знаходзіцца».

Вялікі містык і святы Ян ад Крыжа сцвярджае, што святасць – гэта з’яднанне з Богам і адкрытасць на Яго дзеянне, якое дае моц, сілы і радасць адкупленым. Няхай жа напаўняе нас жаданнем святасці заклік папы Францішка: «Будзь святой, жывучы радасна сваім дарам. Ты жанаты ці замужам? Будзь святым, кахаючы і клапоцячыся аб сваім мужы або сваёй жонцы, як Хрыстус клапоціцца аб Касцёле. Ты работнік? Будзь святым, выконваючы сумленна і кампетэнтна сваю працу ў службе братам. Ты бацька, маці, дзядуля ці бабуля? Будзь святым, цярпліва навучаючы дзяцей ісці за Езусам. Маеш уладу? Будзь святым, памнажай агульнае дабро і выракайся сваіх асабістых інтарэсаў». 

Споведзь вядзе да святасці

Неяк адзін семінарыст спытаўся, ці ёсць людзі, якія ніколі не грашаць? Безумоўна, шмат хто жыве без смяротных грахоў, аднак у кнізе Прыпавесцяў Саламона (24, 16) чытаем: «сем разоў упадзе праведнік і ўстане». Некалькі гадоў таму, у часе ўрачыстасцяў Маці Божай Гудагайскай, новапрэзбітэр на заканчэнне начной святой Імшы выклікаў радасць у прысутных словамі: «За малітву і падтрымку хачу асабліва падзякаваць вам, дарагія грэшнікі» (ён хацеў сказаць «вернікі»). Праўда пра грэх і навяртанне ёсць часткаю жыцця кожнага верніка. Папа Францішак слушна заўважыў, што ў кожнага святога ёсць мінулае са спакусамі і грахамі, а ў кожнага грэшніка — будучыня святасці.

Тэалогія духоўнасці вылучае тры этапы духоўнага развіцця: ачышчэнне, прасвятленне і з’яднанне з Богам. Шлях ачышчэння распачынаецца з навяртання, гэта значыць з жадання паставіць Бога ў цэнтр свайго жыцця. Чалавек хоча жыць у асвячальнай ласцы, таму ўступае ў барацьбу са сваімі схільнасцямі, якія могуць знішчыць альбо зламаць яго добрыя намеры. Паколькі сувязь з Хрыстом на дадзеным этапе недастаткова трывалая, то чалавек усё яшчэ здзяйсняе цяжкія (смяротныя) і шматлікія лёгкія (штодзённыя) грахі. Як ведаем, першыя цалкам знішчаюць сяброўства паміж чалавекам і Богам, а другія яго аслабляюць.

Катэхізіс Каталіцкага Касцёла вучыць, што споведзь з’яўляецца галоўным спосабам вызвалення чалавека ад цяжкіх грахоў (гл. ККК, 1497), таму яна неабходная і вельмі карысная для ўсіх, хто вырашыў увайсці на дарогу ачышчэння. Калі веруючы, дзякуючы ласцы Божай, пераадолеў розныя грэшныя тэндэнцыі, якім раней быў падданы, то можна казаць пра наступны этап духоўнага развіцця: прасвятленне. Цяпер чалавек імкнецца да ўдасканалення цнотаў і наследавання Хрыста, атрымлівае Божае святло, якое дапамагае яму больш яскрава бачыць свае чыны, якія могуць быць толькі лёгкімі грахамі, а таксама недасканаласць і занядбанні, якія парушаюць сувязь з Богам. Рэгулярная споведзь на дарозе прасвятлення, хоць і не абавязковая (калі няма цяжкіх грахоў), спрыяе больш дасканаламу фарміраванню сумлення, дапамагае змагацца з дрэннымі схільнасцямі, а перадусім адкрывае пэнітэнта на дзеянне гаючай моцы Езуса Хрыста і развівае духоўнае жыццё (гл. ККК, 1458).

Споведзь святых

Калі хтосьці дайшоў да з’яднання з Богам праз любоў, споведзь стане для яго сустрэчай з жывым Богам і спосабам камуніі з Ім. З біяграфій кананізаваных святых мы можам даведацца, наколькі важнай для іх была споведзь і як часта яны спавядаліся. Споведзь у такім стане матываваная не грахамі, але пабожнасцю. Адрыенна фон Шпэйр сцвярджае, што споведзь з пабожнасці накіраваная не на тое, каб вырваць хрысціяніна з супольнасці, у якой ёсць грахі, але каб дапамагчы яму жыць сярод грэшнікаў, удзельнічаць у іх лёсе. Такім чынам, пэнітэнт, які крочыць па сцежках святасці, імкнецца да таго, каб у нейкай ступені духоўна дапамагчы тым, хто не спавядаецца, а, можа, нават не ведае пра споведзь, асабліва праз як мага часты ўдзел у святой Імшы і прыняцце святой Камуніі. Варта нагадаць, што вызваленне ад цяжкіх грахоў (дзякуючы ласцы Божай) не азначае ні свабоды ад усіх спакусаў, ні паўнаты дасканаласці. Хто сур’ёзна ставіцца да свайго духоўнага жыцця, ведае, што заўсёды мог бы рабіць больш дабра, і ўсведамляе, што, нягледзячы на добрую волю, не раз занядбоўваў практыкаванне любові. Кожная споведзь можа быць добрым напамінам аб тым, што ўсё ў нашым жыцці ёсць плёнам супрацоўніцтва з Божай ласкай. Можа таму, святыя людзі ў пакоры кажуць, што яны нікчэмныя слугі, бо зрабілі тое, што павінны былі зрабіць (гл. Лк 17, 10).

Прыпамінаецца мне сястра Юзэфа, святая жанчына з Гудагаю, якая ад усяго сэрца служыла пры касцёле. На словы падзякі або пахвалы яна заўсёды казала: «Гэта ж нічога не значыць, што я раблю дзеля Бога…»

Хачу закончыць свае разважанні ўспамінам пра святой памяці кардынала Свёнтка, які ў сакавіку 2011 года сказаў мне, што вельмі хоча (між іншым), каб умілаваныя ім семінарысты, а пазней святары, часцей спавядаліся, бо гэта найпрасцейшая дарога да святасці. Чытачам жадаю, каб споведзь яны разумелі не ў катэгорыі сродка, але як жывую сустрэчу з Богам, пра якога ведаем, што Ён нас любіць.


Айцец Аркадзь Куляха OCD — духоўны айцец Вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску. Пасля заканчэння сярэдняй школы ўступіў у ордэн кармэлітаў босых. Семінарыю пры ордэне скончыў у Кракаве, дзе ў 1993 г. атрымаў святарскае пасвячэнне. Працаваў у Гудагаі і Нарачы. Абараніў ліцэнцыят па маральнай тэалогіі ў Люблінскім каталіцкім універсітэце.

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней