Развагі над кнігаю Я. Янушкевіча «Апостал Палесся: Святы Андрэй Баболя ў паэмах Янкі Купалы» («Pro Christo», 2013).Магчыма, у многіх падсвядома можа ўзнікнуць пытанне: якое значэнне ў жыцці канкрэтнага сучаснага чалавека мае даўняя гісторыя пра жыццё і пакутніцкую смерць святога Андрэя Баболі? Ужо ж прайшло больш за 350 гадоў... Змяніліся часы, норавы, мінула тая страшная эпоха... Дзякуй Богу, сёння нашы суайчыннікі не мусяць цярпець катаванні за веру... Якую ж тады актуальнасць мае гэтая даўняя страшная гісторыя пра святога, якога Касцёл штогод успамінае ў літургіі 16 мая?
Нас, як правіла, не вельмі турбуе тое, што не з’яўляецца рэальнасцю нашага жыцця. Прызнаюся, і мне жыццяпіс святога Андрэя Баболі пэўны час больш нагадваў сюжэт страшнай чарадзейнай казкі, а не той гістарычнай праўды, якую я таксама мушу неяк перажыць.
Мы больш усвядомлена прымаем падобныя факты як рэальнасць і набліжаемся да іх у двух выпадках: па-першае, калі судакранаемся з чымсьці рэчыўным, што захавалася з той эпохі як канкрэтнае сведчанне (напрыклад, калі ўшаноўваем рэліквіі святых); па-другое, калі перажываем моцнае эмацыйнае ўзрушэнне пад уплывам... твораў мастацтва.
Гэты, другі пункт, у вялікай ступені абумоўлівае значнасць кнігі «Апостал Палесся», укладзенай Язэпам Янушкевічам. «Ядром» выдання з’яўляюцца дзве таленавітыя беларускія паэмы пра Андрэя Баболю, напісаныя ў 1910 годзе (больш за стагоддзе таму!) і ўведзеныя ў літаратуразнаўчы ўжытак Я. Янушкевічам. Мастацкім творам у кнізе папярэднічае нарыс, у якім даследчык распавядае пра адкрыццё гэтых паэмаў і разгадку іх аўтарства. Я. Янушкевіч прыводзіць пераканаўчыя аргументы на карысць таго, што яны напісаныя народным песняром Беларусі Янкам Купалам.
Па сутнасці гэтыя творы — два варыянты аднаго сюжэта: першы («Святы Андрэй Баболя. Мучанік беларускі») — больш разгорнуты, другі («Святы Андрэй Баболя. Мучанік беларускі за веру») — сціслы, па форме нагадвае доўгі верш. Вобразныя малюнкі кожнай з паэмаў — лаканічныя і пластычныя, менавіта таму яны лёгка западаюць у памяць, і надоўга ажываюць ва ўяўленні чытача ўсе катаванні і здзекі над Баболем «на разьнічым стале». Мастацкая рэальнасць твора не заканчваецца проста на паэтычнай перадачы і без таго вядомай нам гісторыі. У эпілогу аўтар спалучае яе з рэальнасцю сённяшняга дня — бачнаю нам і нябачнаю:
Заліваючы ценямі
Небагатыя паляны,
Ціха плаваюць туманы
Над палескімі палямі.
А над імі з Божай Волі,
У нябеснай ціхай далі,
Ў ясным сонечным крыштале
Дух уносіцца Баболі.
Першая з працытаваных строфаў рэфрэнам паўтараецца ў самым канцы паэмы. Такім чынам, «цені» і «туманы» — гэта тое, што так ці інакш даступна нашаму позірку, тое, што абмяжоўвае нас у дні сённяшнім і змушае думаць: гісторыя гэта сапраўды жудасная, але ўсё гэта прамінула і пакрылася ценямі даўніны...
Але тут жа аўтар робіць спробу прыадкрыць нябачнае: над усімі нашымі туманамі — дух Баболі ў «сонечным крыштале». Ці верым мы самі ў гэта? Ці, можа, «дух Баболі» памёр для нашага духу ў тым страшным 1657 годзе? Ці верым мы, што хмары ўтвараюцца, праплываюць і рассейваюцца, а сонца ззяе ўвесь час, хоць бывае нябачным з-за цяжкае шэрасці хмараў? Як канкрэтна гэта ўплывае на кожнага з нас?
Святы Андрэй Баболя жыве — і ў нашым часе таксама. Часта ён, напэўна, самотна чакае нашых малітваў, бо мае моц выпрасіць для Беларусі шмат дароў у Пана Бога, але для гэтага яму патрэбны ў дапамогу і наш дух, здольны ўлоўліваць голас сапраўднай рэальнасці.
Згадаю, што кніга «Апостал Палесся» падрыхтаваная з нагоды 75 гадавіны кананізацыі святога Андрэя Баболі. Тэксты паэмаў, у арыгінале напісаныя лацініцаю, падаюцца ў кнізе ў кірылічнай транскрыпцыі, а таксама ў выглядзе факсіміле машынапісных старонак са сшытка Браніслава Эпімаха-Шыпілы. Не апошнюю ролю адыгрывае ў выданні і «Дадатак», куды ўключаны запісы народных песень, прысвечаных святому і занатаваных у канцы ХІХ стагоддзя. Гэтыя тэксты і іх багаты вобразны змест — яшчэ адно сведчанне таго, што Андрэй Баболя на працягу стагоддзяў заставаўся жывым у народнай памяці.
Ганна Шаўчэнка