Біёграфы згодныя ў тым, што, напэўна, ні адзін са святых не спрыяе так ззянню вобраза Хрыста ў гэтым свеце, як св. Францішак. Ён — святы любові і радасці, беднасці і ўнутранай свабоды, святы з любячым сэрцам і вялікай прастатою, якая скарыла людскія сэрцы яшчэ пры яго жыцці. Яго ўспамін ад­значаецца 4 кастрычніка.


Св. Францішак нарадзіўся ў 1182 г. у Асізі ў Умбрыі ў сям’і багатага гандляра тканінамі П’етра Бэрнардонэ. Як дзіця з багатага дому ён вывучаў лацінскую і французскую мовы, спяваў песні трубадураў, перанятыя ад маці, якая была родам з Праванса. Паводле легенды, калі св. Францішак маліўся ў невялікім касцёле Сан Дам’яна, просячы Бога паказаць яму, якім павінен быць яго шлях, з візантыйскага крыжа пачуўся голас: «Ідзі, Францішак, сын Мой, адбудуй Мой дом, які можа абрушыцца». Спачатку св. Францішак узяўся за аднаўленне старога касцёла Сан Дам’яна, але неўзабаве ён адчуў, што заданне Хрыста датычылася ўсяго Касцёла. Ён зняў з сябе вопратку і, аддаючы яе бацьку, сказаў: «З сённяшняга дня я не буду больш казаць “айцец Бэрнардонэ”, бо айцец толькі той, хто ў небе».

Св. Францішак сабраў вакол сябе людзей, якія падзялілі з ім простае жыццё. Малітва накі­роўвала іх супольнасць, і яны ізноў і ізноў ішлі па краіне, каб абвяшчаць Добрую Навіну. Каб зарабіць сабе на хлеб, яны працавалі ў сялянаў. Мець грошы яны не хацелі і згаджаліся на аплату толькі ў выглядзе пра­дуктаў харчавання. Св. Францішак за­ставаўся сціплым братам, які спяваў Богу поўныя жыццярадаснасці песні і сваімі словамі скіроўваў людзей да Бога. У 1209 г. Папа зацвердзіў ордэн, а ўжо праз некалькі гадоў у ім налічвалася больш за 5000 братоў. Св. Францішак адчуваў, што многія з братоў не могуць ісці за яго высокімі ідэаламі. Некаторыя з братоў жадалі надаць ордэну больш выразную структуру. Св. Францішак заўсёды адмаўляўся напісаць адзінае правіла: ён жадаў, каб яго правілам было Святое Пісанне. Урэшце св. Францішак адышоў ад кіравання і хацеў жыць у адзіноце. Праз пакуты ён падрыхтаваўся да новай любові. Хрыстус узнагародзіў яго сваёй любоўю, даруючы стыгматы. Пакутуючы, ён спяваў цудоўную Песню брату сонцу.

Пра св. Францішка апавядаюць шматлікія легенды. На яго думку, не толькі людзі, але таксама і ўсе жывёлы з’яўляюцца братамі і сёстрамі. Дзікі воўк Губбіа пасля настаўлення святога стаў цалкам добразычлівым. З любоўю св. Францішак абыходзіўся з раслінамі і жывёламі. Усюды ён бачыў Божую любоў да стварэння і нагадваў усім істотам, што трэба любіць свайго Творцу. Ён прапаведаваў нават птушкам, якія слухалі яго і да­звалялі сябе пагладзіць. Св. Францішак быў настолькі глыбока напоўнены любоўю, што мог заахвочваць любіць не толькі людзей, але і жывёлаў.

Цяпер св. Францішак абраны экалагічным рухам у якасці свайго апекуна. Гэта, вядома, мае рацыю. Але св. Францішак не быў змрочным змагаром. Ён быў напоўнены такой вялікай любоўю і павагай да ўсіх рэчаў таму, што бачыў у стварэннях Божую лю­боў. Ён умеў радавацца цяплу сонца, вадзе, што дае прахалоду, месячнаму святлу. Усюды ён бачыў, як Бог праз свае стварэнні даказвае людзям сваю любоў. Св. Францішак паказвае нам, што ахова навакольнага асяроддзя мае патрэбу ў духоўным вымярэнні. Яна патрабуе досведу любові да ўсіх стварэнняў, у адваротным выпадку яна ператворыцца ў жорсткую барацьбу, якая выклікае ў людзей толькі горыч і не служыць ні лю­дзям, ні стварэнням.

Св. Францішак паказвае нам, як беднасць можа зрабіць лю­дзей свабоднымі і шчаслівымі. Хто ні ад чаго не залежыць, той можа з любоўю павярнуцца да кожнага чалавека, кожнай жывёлы і расліны. Св. Францішак свабодны ад аскетычных ідэалаў. Ён жыве вельмі проста, але можа радавацца добрай ежы. Ён не збірае запасаў і жыве ў даверы. Ён сур’ёзна ўспрымае словы Езуса і паказвае, як бы чалавек змяняўся, калі б цалкам кіраваўся Словам і Духам Езуса. Праўда, наўрад ці пры яго жыцці яго браты маглі перажываць так, як ён, такую вялікую любоў і беднасць. Таксама і мы сёння не можам капіраваць св. Францішка, бо мы проста згарым. Але мы можам заахвочваць сябе да жыцця ў прастаце, беднасці, любові і радасці.

Дзякуючы св. Францішку ў гэты свет прыйшло штосьці добрае, што немагчыма знішчыць. Калі была думка, яна ўжо не знікне. Яна лунае ў свеце і выклікае хвалі. Жыццё св. Францішка выклікала хвалі ў гэтым свеце. Вясёлы святы прывёў у рух тое, што немагчыма спыніць. Захапленне, якое ён і сёння выклікае ў многіх людзей, паказвае: яго духоўнасць працягвае існаваць праз стагоддзі. Пілігрымы, якія прыязджаюць сёння ў Асізі, яшчэ адчуваюць дух св. Францішка, што напаўняе ўвесь горад. Яны адчуваюць радасць, любоў, пяшчоту і надзею, калі разглядаюць выдатныя фрэскі Джотта*.

Аднойчы св. Францішак, ідучы са сваім спадарожнікам братам Лео, размаўляў пра са­праўдную радасць. Сапраўдную радасць, як лічыў святы, яны маглі б перажыць тады, калі б усе людзі праганялі іх і насміха­ліся. Для нас гэта дзіўна, але гэтая размова паказвае, якую глыбокую радасць у сэрцы адчувае св. Францішак. Непрыняцце людзьмі не можа разбурыць радасць. 

Мы ўсе шукаем радасці, і часта шукаем яе ў падзеях, якія абяцаюць нам задавальненне і выгоды, але яны не прыводзяць нас да саміх сябе. Непарушная і трывалая радасць праяўляецца якраз падчас знешніх непрыемнасцяў. Але ў тваім сэрцы ўжо ёсць радасць. Ты часта адарваны ад гэтага. Дакраніся да тваёй радасці. Няхай яна натхняе цябе. Тады тваё жыццё больш не бу­дзе залежаць ад прызнання і паводзінаў, ад поспеху і няўдачы, а будзе залежаць ад унутранай радасці, якая ёсць у табе і якую ты не можаш прыняць, бо гэтая радасць плыве з больш глыбокай крыніцы.


 Пераклад з нямецкай мовы Алены Шымак
Паводле: Anselm Grün. Fünfzig Helfer in der Not.
Die Heiligen fürs Leben entdecken. — Freiburg, 2002.

*Джотта (каля 1267–1337) — італьянскі мастак і архітэктар, адна з ключавых фігур у гісторыі заходняга мастацтва. Стварыў шэраг фрэскаў на тэму жыцця св. Францішка.

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней