Святы Гэрыбэрт. Пераадолей унутраную сухасць


Св. Гэрыбэрта ўшаноўваюць перш за ўсё ў Кёльнскай дыяцэзіі. Яго ўспамін адзначаецца 16 сакавіка. Гэты святы лічыцца апекуном дажджу. Св. Гэрыбэрт — гэта гістарычная асоба, пра якую мы шмат ведаем. Але і яе ахутваюць легенды, у якіх адлюстравана сапраўдная сутнасць гэтага чалавека.

Нарадзіўся ён ў 970 г. у сям’і графа Вормскага Гуга. Атрымаў добрую адукацыю ў саборнай школе роднага горада і ў бэнэдыктынскім кляштары Горцэ ў Латарынгіі. На самай справе ён жадаў стаць манахам бэнэдыктынцам, але бацька загадаў вяртацца дадому. Ён атрымаў сакрамэнт святарства і быў запрошаны ў саборны капітул. Біскуп заўважыў яго здольнасці, і ўжо хутка ён стаў дарадчыкам і канцлерам імператара Аттона III, які прызначыў яго арцыбіскупам Кёльна. Вечарам у вігілію Божага Нараджэння ў 999 годзе св. Гэрыбэрт басанож увайшоў у горад, дзе знаходзілася яго біскупская катэдра. Ён рэфармаваў дыя­цэзію, ліквідаваў парушэнні сярод духавенства, падтрымліваў кляштары і, перш за ўсё, клапаціўся пра бедных, будуючы прытулкі і бальніцы. Падчас голаду тыя, хто жылі ў нястачы, з усёй акругі ішлі ў Кёльн, бо спадзяваліся на яго дапамогу. Св. Гэрыбэрт памёр у Кёльне ў 1021 годзе і быў пахаваны ў сваім любімым абацтве Дойц. На яго магіле адбывалася шмат цудаў.

Легенда апавядае пра жудасную засуху і вялікі голад. Св. Гэрыбэрт падзяліў апошнія запасы паміж галадаючымі. Калі бедства прымала ўсё большыя памеры, ён прапанаваў жыхарам Кёльна правесці супольны Крыжовы шлях, бо толькі адзін Бог мог прыйсці на дапамогу. Пасля гэтага набажэнства прайшоў вялікі дождж. Засохлыя палі ізноў прынеслі ўраджай, і голад скончыўся. Людзі па­лічылі, што дапамогу яны атрымалі дзякуючы малітве святога. З таго часу да св. Гэрыбэрта звяртаюцца, калі не хапае дажджу.

Адсутнасць дажджу для аграрнага грамадства здавалася бедствам. Калі сёння не хапае дажджу, фермеры паліваюць свае землі, і пра небяспечныя перыяды засухі мы чуем толькі ў навінах пра далёкія краіны, напрыклад, Афрыку ці Лацінскую Амерыку. Але дождж таксама можа быць сімвалам плёну. І бедства, ад якога мы тут і цяпер пакутуем у нашым грамадстве, — гэта ўнутраная бясплённасць. У нас складваецца ўражанне, што наш час сёння прыносіць мала плёну. Гэта не творчы час, гэта не той час, калі людзі з запалам шукаюць новых ідэяў. Палітыцы не хапае глыбіні дыхання. Адказныя ў галіне эканомікі на самай справе гавораць пра тыя высновы, якія выніка­-юць з вопыту ўласных фірмаў. Але гэтыя высновы наўрад ці маюць дычыненне да будучыні чалавецтва, перш за ўсё — да павелічэння поспеху і прыбытку ўласнай фірмы. Легенду пра св. Гэрыбэрта трэба разумець у яе больш глыбокім сэнсе, так, каб яна стала вобразам надзеі на тое, што наш час ізноў будзе плённым і спорны дождж пра­льецца на засохлыя палі нашых сэрцаў. Альфрэд Дэльп* у 1944 г. гаварыў пра «ня­творчае пакаленне». Гэтае азначэнне, здаецца, мае прароцкую выразнасць і таксама адносіцца да нашага часу: цэламу народу, цэламу пакаленню не прыходзіць у галаву, што ў палітыцы і мастацтве, у філасофіі і тэалогіі, усюды, здаецца, падаграваюцца старыя ідэі. Бясплённасць, засуха, унутраная сухасць — гэта цалкам бедства нашага часу. Легенды пра св. Гэрыбэрта расказваюць пра чалавека, які рэалізоўваў новыя ідэі ў сваім часе, штосьці прыводзіў у рух. Такім чынам, малітва да гэтага святога і праз яго заступніцта малітва з надзеяй да Бога дапамагае, і Бог пасылае дождж нашаму часу, каб засохлыя палі нашых душаў прыносілі новы плён і ўнутраны голад быў пераадолены.

Усе мы часам адчуваем унутраную сухасць. Кожнаму знаёмае пачуццё выгарання, змарнеласці, бясплённасці. Праўда, ты яшчэ працягваеш функцыянаваць, але гэта ўжо адбываецца незалежна ад цябе. Усё застыла ў руціне. У такім выпадку гэта можа дапамагчы шукаць судакранання з унутранымі крыніцамі. У табе самім ёсць крыніца Святога Духа. Калі ты будзеш кантактаваць з ёю, тады тваё жыццё будзе плённым, тады гэта крыніца хлыне з цябе і ўсё навокал расквітнее. Прасі Бога, каб Ён адарыў цябе дажджом свайго Духа, каб засохлыя палі ізноў прыносілі ў табе плён для цябе самога і для людзей навокал.

Пераклад з нямецкай мовы Алены Шымак.

Паводле: Anselm Gru-n. Fu-nfzig Helfer in der Not. Die Heiligen fu-rs Leben entdecken. — 

Freiburg, 2002.

 

Працяг будзе. 

 

* Альфрэд Дэльп (15.09.1907–02.02.1945) — каталіцкі святар, езуіт, удзельнік Руху супраціўлення ў Германіі. Па загадзе гестапаўцаў быў забіты ў берлінскай турме.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней