Рэліквіі святой Фаўстыны ў Мінску

5 мая ў мінскім касцёле святых Сымоны і Алены адбылася значная падзея — урачыстае ўнясенне арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам рэліквій святой Фаўстыны Кавальскай. Незадоўга да гэтага Чырвоны касцёл прымаў таксама рэліквіі Вялікага Папы, благаслаўлёнага Яна Паўла II, які ў свой час кананізаваў сястру Фаўстыну. Неверагоднае шчасце, цуд Божай любові, ласка, якую немагчыма пераацаніць, — вось далёка не ўсе эпітэты, якімі суправаджаюць вернікі гэтыя падзеі. Выказваецца вялікая ўдзячнасць пробашчу касцёла святых Сымона і Алены ксяндзу Уладзіславу Завальнюку, які стаў ініцыятарам і арганізатарам прыбыцця рэліквій нашых любімых святых у Беларусь. Мы сустрэліся з ксяндзом Уладзіславам, каб пачуць пра ўсё гэта з першых вуснаў.

— Шаноўны ксёндз Уладзіслаў, як даўно ўзнікла ў Вас ідэя прывезці рэліквіі благаслаўлёнага Яна Паўла II і святой сястры Фаўстыны?

— Вядома, што рэліквіі святых — гэта каштоўны скарб Касцёла, крыніца вялікіх духоўных ласкаў і цудаў. Нашай краіне, нашым людзям, нашаму Касцёлу на Беларусі вельмі патрэбныя гэтыя ласкі, патрэбна заступніцтва святых, і асабліва тых, якія блізкія нам, родныя нашаму сэрцу. У свой час благаслаўлёнага Яна Паўла II запрашаў прыехаць у Беларусь святой памяці кардынал Казімір Свёнтэк і нават Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. Але... не было дадзена. Пасля  адыходу Вялікага Папы ў вечнасць наша любоў да яго не зменшылася. Мы молімся ўжо праз яго заступніцтва, шануем яго і спадзяемся мець помнік каля нашага касцёла. І вось шчасце: Ян Павел II, які не змог прыбыць да нас у зямным жыцці, прыбывае ў сваіх рэліквіях з жыцця нябеснага. Ва ўсім гэтым ёсць Провід Божы...

Што тычыцца рэліквій святой Фаўстыны Кавальскай, натхненне прывезці іх узнікла пасля перэгрынацыі абраза Езуса Міласэрнага па парафіях нашай дыяцэзіі. Вядома, што благаслаўлёны Міхал Сапоцька, які быў духоўным настаўнікам сястры Фаўстыны, — наш зямляк, а святая Фаўстына пэўны час жыла ў Вільні, у Кангрэгацыі Сясцёр Маці Божай Міласэрнасці. Тэрыторыя Віленшчыны на той час даходзіла да Ракава — так што яна таксама звязана з нашым краем, наша родная святая. І я ўпэўнены, што святая Фаўстына дапаможа нам усім глыбей пазнаць таямніцу Божай міласэрнасці, стане для нас правадніком на дарозе даверу да Пана Бога, а таксама будзе пасрэдніцай у выпрошванні патрэбных ласкаў.

— Клопатная гэта справа: прывезці рэліквіі святой Фаўстыны на Беларусь?

— Дамовы з сёстрамі з Кракава працягваліся каля года. Потым, калі быў вызначаны час, мы арганізавалі туды пілігрымку. Набралася тры аўтобусы вернікаў. Нас сустрэлі вельмі радасна. У Кангрэгацыі Сясцёр Маці Божай Міласэрнасці, дзе ў свой час была святая Фаўстына, праходзяць навіцыят чатыры дзяўчыны з Беларусі. У той дзень там быў так званы бацькоўскі дзень. Да сясцёр з усёй Еўропы наведаліся бацькі, а да нашых родныя не змаглі прыехаць. І, калі з’явілася 148 пілігрымаў з Беларусі, колькі ж было радасці ў гэтых сясцёр! Яны ўсклікалі: «Вось нашыя бацькі і браты, і сёстры!». Потым, падчас урачыстай святой Імшы, нам перадалі рэліквіі святой Фаўстыны. Я запрасіў сясцёр з Кангрэгацыі Маці Божай Міласэрнасці перыядычна нас наведваць. Дамовіліся, што ў верасні, а таксама ў перыяд Божага Нараджэння і ў Велікодны час будзе нехта прыязджаць калі не з Кракава, дык з нашых Паставаў, дзе таксама служаць сёстры з гэтай супольнасці.

— Магчыма, плануеце праводзіць у парафіі спецыяльныя малітвы ці набажэнствы да святой Фаўстыны?

—  Адгукаючыся на просьбу сясцёр з Кракава, мы маем намер арганізаваць малітоўна-фармацыйную суполку святой Фаўстыны, якая будзе займацца пашырэннем культу Божай Міласэрнасці.  У гэтай інтэнцыі праводзім цяпер навэнну з малітвай і шчырым пастом. Дзевяць чалавек па чарзе посцяцца адзін дзень на хлебе і вадзе. Магчыма, з часам і месяц так будзем пасціцца, а потым і цэлы год. Спадзяюся, што знойдзецца 365 чалавек, якія б адзін дзень у год папасціліся на хлебе і вадзе пад апекаю святой Фаўстыны. Вядома, што шчырым пастом і малітвай можна вымаліць многае.

Плануем таксама штодзённа перад кожнай святой Імшой маліцца Вяночак да Божай Міласэрнасці. Сёстры з Кракава просяць таксама, каб кожную трэцюю пятніцу месяца цэлебравалася святая Імша з набажэнствам, звязаным з таямніцай Божай Міласэрнасці і святой Фаўстынай. Падумаю, у які час мы гэта зробім. Інтэнцыя гэтай спецыяльнай святой Імшы будзе прыблізна такая: «Каб людзі адкрывалі свае сэрцы на Божую Міласэрнасць».

— Дзе будуць захоўвацца рэліквіі і як часта яны будуць выстаўляцца для ўшанавання вернікамі?

— Падчас кожнай Імшы, якую я цэлебрую, даю людзям магчымасць ушанаваць святыя рэліквіі. Пакуль што яны знаходзяцца ў галоўным алтары касцёла, але плануем перанесці іх у спецыяльных капсулах у бочны алтар, дзе змешчаны абраз Езуса Міласэрнага. Дарэчы, гэты абраз з’явіўся ў нас у 1994 годзе. Я тады падсвядома яго выбраў. Папрасіў мастака Бекіра Смольскага намаляваць менавіта так, як вы бачыце: Езус Міласэрны — над нашай зямлёю, дзе стаяць Божыя святыні, квітнеюць пашы і лугі, і тут жа гуляюць дзеці. Вельмі сімвалічна. Думаю, што своеасаблівы знак, звязаны з Божай Міласэрнасцю, Пан Бог даў мне яшчэ ў 1974 годзе. Тады сёстры анелянкі ў Рызе падаравалі мне арнат, на якім вышылі Езуса Міласэрнага. У той час пра святую Фаўстыну і яе місію
апосталкі Божай Міласэрнасці амаль што не гаварылася.

— Дзякуем Вам, шаноўны ксёндз Уладзіслаў, за старанні ў справе распаўсюджвання культу Божай Міласэрнасці, за прывезеныя рэліквіі благаслаўлёнага Яна Паўла II і святой Фаўстыны; і ад імя ўдзячных вернікаў абяцаем малітву ў справах, якія Вы акрэслілі.

— А я менавіта і хацеў звярнуцца да ўсіх чытачоў з просьбай аб малітве ў інтэнцыях, пра якія мы ўзгадалі. Памятайма, што, молячыся аб пашырэнні культу Божай Міласэрнасці, мы молімся і за сваіх родных, блізкіх, за будучыню нашага краю. Жадаю таксама, каб прысутнасць святой Фаўстыны ў яе рэліквіях стала для вернікаў крыніцай радасці і шматлікіх ласкаў, а словы благаслаўлёнага Яна Паўла II — «Не бойцеся даверыцца Езусу» — сталі дэвізам штодзённага жыцця.


Размаўляла Галіна Калевіч.
Фота Міколы Новікава.

{gallery}219-02{/gallery} 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней