Ян ХХІІІ — сфармаваны ў школе Сэрца Езуса

Месяц чэрвень прысвечаны Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса. Святы Ян ХХІІІ быў вялікім прыхільнікам набажэнстваў да Сэрца Езуса. Прапануем вашай увазе артыкул «Ян ХХІІІ — сфармаваны ў школе Сэрца Езуса» ксяндза Юзафа Гавела SCJ.

Пра папу Яна ХХІІІ гаворыцца і пішацца цяпер шмат, бо ён блізкі нам, нягледзячы на тое, што мінула ўжо 50 гадоў з дня яго смерці. Індывідуальнасць і справа гэтага Папы па-ранейшаму захапляюць і цікавяць сучасных людзей.

Часцей за ўсё папу Яна ХХІІІ называюць папам дабрыні. Многія звярта­юць увагу на крыніцу гэтай дабрыні, гаворачы, што ён — Папа, які жыў дабрынёю  Сэрца Езуса. Ян ХХІІІ быў сфармаваны набажэнствам да Божага Сэрца. Яго цноты — прастата, пакора, дабрыня і сардэчнасць у кантактах з людзьмі, сведчаць пра тое, што ён фармаваў свой характар у школе Таго, Хто «ціхі і пакорны Сэрцам» і чыё сэрца «поўнае дабрыні і любові». У папскіх прамовах можна знайсці шмат выказванняў пра культ Сэрца Пана Езуса.  «Дзённік душы» з’яўляецца (больш за афіцыйныя выступленні) выключным сведчаннем практыкавання гэтага набажэнства на розных этапах жыцця. Гэты «Дзённік», выдадзены пасля смерці Папы, з’яўляецца зборам яго думак і разважанняў, запісаных падчас рэкалекцый або дзён духоўных сустрэчаў, пачынаючы з 14 гадоў і да 81 года жыцця. Запісы сведчаць пра яго погляды і паказваюць яго шлях да святасці. Для Яна ХХІІІ «крыніцаю жыцця і святасці» было Найсвяцейшае Сэрца Езуса. 

Гаворачы пра святасць Яна ХХІІІ, трэба прыга­даць яго атачэнне, парафію і сям’ю. Людзі ў гарах жылі даволі сціпла, але былі вельмі ветлівыя і добразычлівыя да бліжніх. Яны лічылі, што іх адзіным багаццем з’яўляецца  вера і любоў, а штодзённым хлебам — вера, праца і малітва. Вера была цесна звязаная з глыбокім набажэнствам да Сэрца Пана Езуса і праяўлялася ў розных пабожных практыках ушанавання Божага Сэрца. Яна фармавала іх штодзённае жыццё і ўчынкі. У сваім дзённіку Ян ХХІІІ напісаў: «Набажэнства да Сэрца Езуса су­праваджала мяне на працягу ўсяго жыцця. Добры дзядзька Заверыа прысвяціў мяне — нядаўна народжанага, ахрышчанага — Сэрцу Езуса ў маленькім касцёле маёй вёскі, каб пад апекаю гэтага Сэрца я вырас добрым хрысціянінам. Сярод першых малітваў, якія я вывучыў, седзячы ў яго на каленях, быў прыгожы і ўзнёслы акт, які і сёння я паўтараю з хваляваннем: «Міласэрнае Сэрца Езуса, шчыра прашу Цябе, учыні, каб я любіў Цябе яшчэ больш!». Прыгадваю, што кожны год мая парафія адзначала ў чацвёртую нядзелю верасня свята Сэрца Езуса. Мясцовыя людзі казалі, што гэта свята майго дзядзькі, бо ён рыхтаваўся да яго з вялікай стараннасцю, далучаючы і мяне з улікам маіх магчымасцяў. Мае бацькі і дзядзька Заверыа не планавалі для мяне іншай будучыні, апрача працы селяніна, затое Сэрца Езуса хацела мець мяне сярод сваіх выбраных».

Папа казаў, што словы, прамоўленыя св. Марыя Мар­гарытай Алякок перад смерцю, аказалі на яго вялікі ўплыў у дзяцінстве, бо часта паўтараліся, калі размова ішла пра набажэнства да Божага Сэрца і калі ён удзельнічаў у пабожных практыках: «Мне вельмі спакойна паміраць, бо пастаянна праводзілася набажэнства да Сэрца Кагосцьі, хто будзе судзіць нас».

Пра Яна ХХІІІ можна сказаць тое самае, што сказаў пра сябе Ян Павел ІІ: «Таямніца Хрыстовага Сэрца прамаўляла да мяне з дзяцінства праз сям’ю і парафію. І гэта таямніца была праграмаю майго жыцця вераю». Набажэнства да Сэрца Пана Езуса і жыццё яго духоўнасцю паўплывалі на характар яго рэлігійнасці і фармавання яго сталай хрысціянскай індывідуальнасці. Пазней  як святар, біскуп і папа Ян ХХІІІ багата чэрпаў са свайго духоўнага вопыту. Набажэнства да Сэрца Езуса заўсёды было самым дзейсным фактарам яго духоўнага росту.

З гэтага рэлігійнага вопыту, узятага з сям’і і парафіі, будучы Папа шчодра чэрпаў падчас семінарыйнай фармацыі — Эўхарыстыя і Сэрца Езуса былі тады цэнтрам яго жыцця. 27 лютага 1900 года ён даў урачыстае абяцанне «цалкам прысвяціць сябе назаўсёды Яго Боскаму служэнню і Яго святой любові», каб такім чынам адказаць на бязмежную любоў Божага Сэрца Езуса. Ён зрабіў гэта на заканчэнне рэкалекцый: «Я, семінарыст Анджэла Джузэпэ Ранкаллі, грэшнік, урачыста і шчыра абяцаю Сэрцу Езуса, што з дапамогаю Божай ласкі захаваю цяпер і навекі маю душу, свабодную ад усялякага дабравольнага граху <...>. Сэрца Езуса, палаючае любоўю да нас, распалі сэрцы нашыя любоўю да Цябе». На наступных рэкалекцыях, праведзеных у 1902 г., «пасля бабілёнскай няволі», ці пасля праходжання вайсковай службы, ён запісаў наступныя словы: «Бог, захоўваючы мяне ад граху і не дазваляючы ад Яго аддаліцца, выкарыстаў набажэнства да Найсвяцейшага Сакрамэнту і Сэрца Езуса. Гэтае набажэн­ства застанецца назаўсёды самым дзейсным фактарам майго духоўнага росту. Буду працаваць над тым, каб поўная адданасці любоў да Сэр­ца Езуса Эўхарыстычнага ажывіла мяне ўсяго — мае думкі, словы, учынкі — і прысутнічала ва ўсёй маёй дзейнасці. Адсюль вынікае мая цесная еднасць з Езусам, нібы ўсё жыццё я праводзіў каля табэрнакулюма. Я павінен жыць толькі для Найсвяцейшага Сэрца Езуса». Падобнае ўчыніў будучы Папа на пачатку 1903 г.: «Убачыў бляск новага года. Няхай ён прыходзіць у імя Божае. Прысвячаю яго любячаму Сэрцу Хрыста, каб быў ён для мяне годам, багатым на добрыя ўчынкі, сапраўдным „годам збаўлення“, у якім сапраўды здабуду святасць». Увесь час, праведзены ў семінарыі, быў звязаны з Сэрцам Езуса. Пра гэта сведчыць і яго выказванне: «Хачу цяпер і заўсёды служыць Сэрцу Езуса. Хачу, каб маё набажэнства да Яго, укрытага ў сакрамэнце Любові, стала праверкаю ўсяго майго духоўнага росту».

Як святар Анджэла Джузэпэ Ранкаллі жыў тым жа духам, у якім быў сфармаваны ў семінарыі. «Падчас рэкалекцый 1907 г., праз тры гады пасля святарскага пасвячэння, мяне ахапіла вялікая прага да набажэн­ства ў гонар Найсвяцейшага Сакрамэнту і Сэрца Езуса. Гэтае набажэнства было для мяне ўсім, а цяпер, калі я стаў святаром, я павінен увесь існаваць для Яго <...>. Набажэнства для Найсвяцейшага Сакрамэнту і Сэрца Езуса павінна запоўніць усё маё жыццё, мае думкі, пачуцці і ўчынкі так, каб я жыў толькі для Яго і ў Ім». Каб працаваць больш плённа, кс. Ранкаллі далучыўся да супольнасці святароў Сэрца Езуса з Бергама, заснаванай у 1909 годзе. Святары абралі сабе за мэту паглыбленне духоўнага жыцця і іх апостальскага запалу. Будучы Папа вельмі гэтаму радаваўся, калі пісаў: «Я — святар Сэрца Езуса». Ён стараўся сапраўды быць святаром паводле Сэрца Езуса і працаваць паводле гэтага прынцыпу. «Для дасягнення добрых вынікаў маёй апостальскай працы я не буду выкарыстоўваць іншага педагагічнага метаду апрача школы Божага Сэрца Езуса: „Вучыцеся ад Мяне, бо Я — ціхі і пакорны Сэрцам“. Ужо ведаю з вопыту, што гэты метад беспамылковы і гарантуе сапраўдны поспех».

Гледзячы на святога Яна ХХІІІ, сфармаванага ў школе Сэрца Езуса, кожны з нас павінен таксама фармаваць сябе ў гэтай школе. Фармаванне свайго сэрца павінна адбывацца паводле падабенства да жыцця папы Яна ХХІІІ — праз Эўхарыстыю і культ Сэрца Пана Езуса. Пабожны ўдзел у святой Імшы і адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, а таксама набажэнства да Сэрца Хрыстовага будуць таксама даваць добры плён у жыцці сучасных хрысціянаў. Культ Сэрца Езуса з’яўляецца вялікай спадчынай усяго Касцёла. Ён прынёс шмат плёну ў жыццё чалавека, сем’яў і ўсіх грамадстваў. Шмат плёну прыносілі пабожнае перажыванне першых пятніцаў месяца і практыка прысвячэння сябе Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса. Так было ў мінулым, добра было, каб гэта захавалася і цяпер, а прыкладам няхай будуць для нас кананізаваныя Ян ХХІІІ і Ян Павел ІІ.

Падрыхтавала Іна Ламака.

Паводле: «Niedziela», № 10, 2014 г.   

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней