Мы завяршаем конкурс «Урэшце Маё Беззаганнае Сэрца затрыумфуе!» публікацыяй верша спадарыні Таццяны Трафімчык, прысвечанага перэгрынацыі фігуркі Маці Божай Фацімскай, якая адбывалася сёлета па беларускіх парафіях з нагоды 100-годдзя аб'яўленняў Маці Божай у Фаціме. Нагадаем, што конкурс праводзіўся часопісам «Ave Maria», з красавіка па кастрычнік гэтага года можна было даслаць у рэдакцыю верш, эсэ або апавяданне, прысвечаныя фацімскаму пасланню Марыі і яго ролі ў нашай штодзённасці. Пра вынікі конкурсу мы напішам у снежаньскім нумары «Ave Maria».
Перэгрынацыя фігуркі Маці Божай Фацімскай
Харугвы Маці Беззаганнай
Касцёл Андрэя аздабляюць,
Блакітнай стужкаю гірлянды
З дубовых лісцяў праслаўляюць
Яе, Марыю з Фацімы, вітаюць Каралеву свету.
Ля брамы кветкі на зямлі —
То сэрцаў любячых дары,
Бо сэрцы святасцю сагрэты.
Шлях да касцёла ўжо прыбраны:
Вяргіні, астры заміраюць,
Яны сустрэчы з Беззаганнай
Фацімскай Матачкай чакаюць.
Прыбраны дзеці, ксёндз і людзі,
А свята блізіцца да шчасця.
Міг — з Фацімы да нас прыбудзе
Ў свой юбілей Хрыстова Маці.
Касцёл прыбраны, чысты, белы,
У стужках свецяць жырандолі,
І ветрык лашчыцца нясмелы
Да абразоў ў старым касцёле.
І вось Яна... Натоўп ўздыхае...
Яе карона зіхаціць,
Ружанчык у руках трымае,
А сэрца кожнага дрыжыць.
Яна ж галоўку нахіліла,
У малітве ручанькі узносіць,
Ружанцам пальцы перавіла —
За ўсіх пакорна Сына просіць.
У касцёле ціха, хоць шматлюдна,
Святар прачулена вітае
Матулю Бога, і паўсюдна
Малітва вернікаў лунае.
Ты сэрца, Маці, ускалыхнула!
Таму прысутныя маўчаць.
Святар ціхутка і прачула
Стаў словы шчырыя казаць.
Яна ж малілася, схіліўшы
Сваю галоўку ў цішыні,
І мову заняло, між іншым,
Людзям ад гэткай дабрыні.
Заціхлі вернікі — ні слова!
І толькі у душы: — Гасанна!
Глядзяць і прагна-прагна ловяць
Пагляд вачэй Вяльможнай Панны.
Дзяўчынка потым прыгадала:
— Вачэй не зводжу з Беззаганнай!
І цуд — усмешка напаткала
Мяне прачыстай нашай Панны.
Дзяўчынка у малітве туліць
Дзве ручкі, славячы Матулю,
І чуе голас, што гаворыць:
— Так! Маё Сэрца трыумфуе!
Таццяна Трафімчык,
парафія св. Андрэя г. Слоніма