Сэрца Езуса і святая сястра Фаўстына

Вядома, што сястра Фаўстына была вялікаю шанавальніцаю Сэрца Езуса і ў сваім «Дзённіку» часта звярталася да міласэрнага Сэрца Збаўцы як да «жывой крыніцы самых розных ласкаў». Прапануем чытачам некаторыя фрагменты «Дзённіка» св. Фаўстыны.


«Наймілейшае Сэрца Пана майго, поўнае літасці і неспа­сцігальнай міласэрнасці, малю Цябе за бедных грэшнікаў. О Сэрца Найсвяцейшае, крыніца міласэрнасці, з якой льюцца промні неспасцігальных ласкаў на ўвесь род чалавечы, малю Цябе аб святле для бедных грэшнікаў» (Дз. 72).

«У адзінаццаць гадзін Езус сказаў мне: Гостыя Мая, ты — прахалода для Майго змучанага сэрца. Я думала, што пасля гэтых словаў маё сэрца згарыць. Ён прывёў мяне да такой блізкай еднасці з сабою, што маё сэрца павянчалася ў любові з Яго Сэрцам, і я адчула самы ціхі стук Яго Сэрца, а Ён — майго» (Дз. 1056).

«Сёння мяне наведаў Пан, прытуліў да свайго Сэрца і сказаў: Адпачні, дзіця Маё. Я заў­сёды з табою» (Дз. 1011).

«О мой Езу, кожны з Тваіх святых адлюстроўвае ў сабе адну з Тваіх цнотаў. Я прагну адлюстраваць Тваё літасцівае і поўнае міласэрнасці Сэрца, я хачу яго праславіць» (Дз. 1242).

«Як дзіця, я адчувала, што ўсё, чым валодае нябесны Айцец, — маё, Ён сам узняў мяне з зямлі ажно да свайго Сэрца» (Дз. 1279).

«Разважаючы над стацыямі Крыжовага шляху, пры дванаццатай стацыі я перажываю глыбокае ўзрушэнне. Тут я разважаю пра ўсемагутнасць міласэрнасці, якая прайшла праз Сэрца Езуса. У гэтай адкрытай ране Сэрца Езуса я ўкрываю ўсё беднае чалавецтва… і асобных людзей, якіх люблю, — кожны раз, калі разважаю над стацыямі Крыжовага шляху» (Дз. 1309).

«У гэту хвіліну промень святла асвяціў маю душу і я спасцігла ўсю бездань сваёй мізэрнасці; у той жа момант я прытулілася да Найсвяцейшага Сэрца Езуса з такім вялікім даверам, што нават калі б на маім сумленні былі грахі ўсіх асуджаных, я не ўсумнілася б у Божай [59] міласэрнасці, але са скрушаным у пыл сэрцам кінулася б у бездань Тваёй міласэрнасці. Я веру, о Езу, што Ты не адкінуў бы мяне ад сябе, але рукою свайго намесніка адпусціў бы грахі» (Дз. 1318).

«Будзь прывітана, наймі­ла­сэрнае Сэрца Езуса,
Жывая крыніца самых розных ласк,
Адзіная наша сховань і наш прытулак,
У Табе — маёй надзеі бляск» (Дз. 1321).

«Я перанеслася ў душы да табэрнакулюма і адкрыла цыборый, схіліўшы сваю галаву на край келіха, а ўсе слёзы [66] ціхенька сцякалі да Сэрца Таго, хто адзін разумее, што такое боль і цярпенне» (Дз. 1454).

«О Езу мой, у страшнай горычы і цярпеннях
Я ўсё ж адчуваю, што мяне Тваё Боскае Сэрца песціць» (Дз. 1479).

«Я іду па жыцці з вясёлым усклікам і годна ўзнятаю галавою,
Бо аб Тваё Сэрца, Езу, поўнае любові,
Разаб’юцца ўсе ворагі і рассеецца цемра» (Дз. 1479).

«Езус: Мая міласэрнасць большая, чым твая мізэр­насць і мізэрнасць усяго свету. Хто змераў Маю дабрыню? Дзеля цябе Я зышоў з неба на зямлю, дзеля цябе дазволіў прыбіць сябе да крыжа, дзеля цябе дазволіў прабіць дзідаю сваё найсвяцейшае сэрца і адкрыў для цябе крыніцу міласэрнасці; прыходзь і чэрпай ласкі з гэтай крыніцы начыннем да­веру. Прыніжанага сэрца Я ніколі не адкіну, твая мізэр­насць патанула ў бездані Маёй міласэрнасці» (Дз. 1485).

«Езус: Дзіця, кажы ўсё без аніякіх засцярогаў, бо цябе слухае любячае сэрца, сэр­ца найлепшага сябра» (Дз. 1486).

«Езус: <...> О Маё асабліва любае дзіця, святло Маіх вачэй, адпачні хвіліну каля Майго сэрца і скаштуй той любові, якою ты будзеш цешыцца цэлую вечнасць» (Дз. 1489).

«Але няшчасная душа, якая зачыніла дзверы для Божай міласэрнасці, — нават у апошнюю гадзіну. Такія душы апусцілі Езуса ў Аліўным садзе ў смяротны смутак, аднак з Яго найлітасцівейшага Сэрца выплыла Божая міласэрнасць» (Дз. 1507).

«Сёння Пан сказаў мне: Я адкрыў сваё сэрца як жывую крыніцу міласэрнасці; няхай усе душы чэрпаюць з яе жыццё, няхай з вялікім даверам набліжаюцца да гэтага мора міласэрнасці» (Дз. 1520).

«Найміласэрнейшае Сэрца Езуса, захавай нас ад справядлівага гневу Божага» (Дз. 1526).

«Езус мне скардзіўся на тое, што Яго моцна засмучае нявернасць выбраных душаў, — а яшчэ больш раніць Маё сэрца іх недавер пасля ўпадку. Калі б яны не ведалі пра дабрыню Майго сэрца, Мне было б не так балюча» (Дз. 1532).

«О Езу, праз Тваё найлітасцівейшае Сэрца, як скрозь крышталь, да нас прайшлі [132] промні Божай міласэрнасці» (Дз. 1553).

«Аднак падчас малітвы вяночка я ўбачыла Езуса ў тым абліччы, у якім Ён намаляваны на гэтым абразе. Прамяні, якія выйшлі з Сэрца Езуса, атулілі хворага, і цёмныя сілы ўцяклі ў паніцы» (Дз. 1565).

«І мы спадзяемся, што атрымаем усё, што нам абяцаў Езус, нягледзячы на ўсё нашае ўбоства, бо Езус — гэта наш давер, праз Яго міласэрнае Сэрца, як праз адчыненую браму, мы праходзім у неба» (Дз. 1570).

«О Рана Міласэрнасці, Сэрца Езуса, укрый мяне ў сваёй глыбіні, як адну кропельку ўласнай крыві, і не выпускай мяне ніколі» (Дз. 1631).

«Сёння я бачыла Пана Езуса ўкрыжаванага. З раны Ягонага Сэрца сыпаліся каштоўныя перліны і брыльянты. Я бачыла, як мноства душаў збірала гэтыя дары, але была там душа, якая знаходзіцца найбліжэй да Яго Сэрца, і яна вельмі рупліва збірала не толькі для сябе, але й для іншых, ведаючы, які гэта вялікі дар. Збаўца сказаў мне: Вось скарбы ласкаў, якія сплы­ваюць на душы, але не ўсе ўмеюць карыстацца Маёю шчодрасцю» (Дз. 1687).

«У адну хвіліну на гэтых двух слупах паўстала вялікая святыня — і ўнутраная, і знешняя часткі. Я бачыла руку, якая завяршала стварэнне святыні, але самой асобы не бачыла. Вялікае мноства людзей было ў святыні і вакол яе, і на ўсіх сплывалі струмені, што выхо­дзілі з Найлітасцівейшага Сэрца Езуса» (Дз. 1689).

«О літасцівы Божа, толькі Ты адзін можаш мяне апраўдаць і ніколі не адкінеш мяне, калі я з пакаяннем звярнуся да Твайго міласэрнага Сэрца, якое нікому не адмовіць, нават найвялікшаму грэшніку» (Дз. 1730).

«Дазволіўшы прабіць свой найсвяцейшы бок, Ты адкрыў нам невычэрпную крыніцу сваёй міласэрнасці; Ты даў нам самае дарагое, а менавіта, кроў і ваду са свайго Сэрца» (Дз. 1747).

«Дачка Мая, ведай, што Маё сэрца — гэта сама мі­л­асэрнасць. З гэтага мора міласэрнасці ласкі разліваюцца на ўвесь свет. Ніводная душа, якая наблізілася да Мяне, не адышла без суцяшэння» (Дз. 1777).

«Сёння я бачыла Найсвяцейшае Сэрца Езуса на небе ў вялікім ззянні; з раны выходзілі прамяні і разыходзіліся на ўвесь свет» (Дз. 1796).

«Няхай Твая ласка, якая сы­ходзіць на мяне з Твайго літасцівага Сэрца, умацуе мяне для змагання і цярпенняў, каб я засталася вернаю Табе; і хоць я такая мізэрнасць, я не баюся Цябе, бо добра ведаю Тваю міласэрнасць» (Дз. 1803)

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней