
Святую Марыю Егіпецкую за апошнія 47 гадоў яе жыцця бачыў толькі адзін чалавек — старац Зосіма з кляштара Яна Хрысціцеля над Ярданам. Дзякуючы яму і дайшла да нас гісторыя вялікай распусніцы і адначасова святой Марыі з Егіпта. Успамін гэтай святой адзначаецца 3 красавіка.
Нарадзілася Марыя ў сярэдзіне V стагоддзя ў Егіпце, а калі ёй споўнілася 12 гадоў, пакінула бацькоўскі дом і адправілася ў Александрыю, вялікі партовы горад. Там дзяўчына аддалася распусце, думаючы, «што ўвесь сэнс жыцця заключаецца ў задавальненні пажадлівасці цела». Так Марыя жыла 17 гадоў: адны маракі адплывалі, а другія прыбывалі ў порт, і з кожным з іх жанчына была гатовая заняцца блудам. «Я не брала за гэта грошай, і не таму, што была заможнаю. Я жыла ва ўбостве і зарабляла прадзівам». Марыі сапраўды падабаўся лад яе жыцця, поўны прыемнасці і забаваў.
Аднойчы жанчына ўбачыла вялікі натоўп людзей, што ішлі з Лівіі ў Егіпет да мора, каб адтуль плысці ў Ерузалем на свята Узвышэння Святога Крыжа. Ёй таксама захацелася далучыцца да іх. «Толькі не дзеля Ерузалема і не дзеля свята, а каб было больш з кім аддавацца распусце». Егіпцянка села на карабель. «Так прыплыла я ў Ерузалем, — расказвала пазней Марыя старцу Зосіму, — і ва ўсе дні да свята,
і на караблі займалася брыдкімі справамі».
У дзень свята Марыя, крочачы за натоўпам веруючых, вырашыла следам за імі ўвайсці ў храм. Аднак далей бабінца яна прайсці не магла: штосьці моцна адпіхвала яе ад уваходу, у той час як іншыя людзі свабодна прасоўваліся бліжэй да алтара і Жыватворнага Дрэва Хрыстовага Крыжа. Жанчына адышла і стала ў куце.
«Тут я адчула, што гэта грахі мае перашкаджаюць мне ўбачыць Жыватворнае Дрэва, да сэрца майго дакранулася Божая ласка, я зарыдала і стала ў пакаянні біць сябе ў грудзі». Марыя ўзняла вочы і ўбачыла перад сабою ікону Божай Маці. Яна пачала горача маліць Багародзіцу, каб тая дазволіла ёй увайсці ў святыню. «Абяцаю Табе з гэтага часу больш не апаганьваць сябе ніякім цялесным брудам, але як толькі ўбачу я Дрэва Крыжа Сына Твайго, адракуся ад гэтага свету і зараз жа сыду туды, куды Ты, мая Заступніца, накіруеш мяне».
Панна Марыя дазволіла жанчыне ўвайсці ў святыню. Упаўшы перад крыжам і пацалаваўшы яго, егіпцянка выйшла з храма, пытаючы Беззаганную Дзеву, дзе б яна магла выканаць дадзенае Святой Панне абяцанне. «Калі пяройдзеш за Ярдан, там знойдзе душа твая благаслаўлёны спакой», — пачула яна словы Багародзіцы.
Ф. Маркантоніа. «Апошняе прычасце св. Марыі Егіпецкай».
Метраполітэн-музей, Нью-Ёрк, ЗША
Дайшоўшы да святой ракі, Марыя Егіпцянка заначавала каля сценаў святыні, а раніцаю, прыняўшы на Літургіі Эўхарыстыю, перайшла за Ярдан і падалася ў самую глыб пустыні. 17 гадоў яе пакуты і спакусы былі такімі ж моцнымі, як і пажадлівасць, у якой жанчына пражыла 17 гадоў сваёй маладосці. Маючы толькі два з паловаю боханы хлеба, яна прагна марыла то пра кавалак рыбы ці мяса, то пра віно, якім абпівалася, жывучы ў свеце. Цярпела Марыя і большыя выпрабаванні: яе ахоплівала жаданне распусных песняў, яны нібы чуліся ёй, хвалюючы сэрца і слых. «Плачучы і б’ючы сябе ў грудзі, я ўспамінала тады абяцанні, якія я, ідучы ў пустыню, дала перад іконаю Святой Багародзіцы, Заступніцы маёй, і плакала, молячы Яе адагнаць ад мяне думкі, якія кроілі маю душу. Калі ў малітве і плачы я каялася, то бачыла ззяючае мне адусюль Святло, і тады замест буры атуляла мяне вялікая цішыня».
17 гадоў духоўнай барацьбы змяніліся абяцаным Найсвяцейшаю Дзеваю спакоем, у якім Марыя Егіпцянка прабывала на пустыні яшчэ 30 гадоў. Калі старац Зосіма сустрэў жанчыну за Ярданам, яна хадзіла зусім голая, са спаленаю сонцам і начнымі халадамі скураю. Марыя папрасіла старца даць ёй яго плашч, каб яна магла падысці да яго бліжэй. Яна не бачыла хрысціянаў ужо 47 гадоў і ніколі не трымала ў руках Святога Пісання, аднак мова яе была напоўнена дакладна паўторанымі радкамі слова Божага. «Павер мне, чалавеча Божы, аніводнага не бачыла я чалавека, апрача цябе, з тае пары, як перайшла Ярдан. Кнігам я ніколі раней не вучылася, ні спеваў узнёслых не чула, ні каб чыталі святыя тэксты. Хіба што само слова Божае, жывое і усёстваральнае, вучыць чалавека ўсялякаму розуму».
Марыя Егіпецкая з’яўляецца апякункаю жанчын, якія перажываюць пакаянне і імкнуцца вярнуць згубленую цялесную і духоўную чысціню. Бясспрэчна, яна будзе вернаю заступніцаю для кожнага, хто перажывае праблемы ў сферы сексуальнасці.
Малітвы да святой Марыі Егіпецкай
О святая Марыя Егіпецкая, Бог упадабаў цябе за тваё праведнае і пакаяннае жыццё. Пачуй нашыя малітвы, выбаві нас, грэшнікаў, ад пажадлівасці, якая ахоплівае нашыя душы, ад усялякага смутку і бедаў, ад раптоўнай смерці і ад усялякага зла. У гадзіну ж развітання душы і цела адгані ад нас, святая апякунка, усялякія нячыстыя думкі і злых духаў, і маліся, каб Хрыстус, Пан Бог наш, прыняў нашыя душы ў супакоі да вечнага святла, бо толькі ў Езусе — крыніца адпушчэння грахоў, толькі Ён — збаўленне нашых душаў, і толькі Яму належыць усялякая хвала, пашана і пакланенне, з Айцом і Духам Святым на векі вечныя. Амэн.
* * *
О святая Марыя Егіпецкая, табе былі дараваныя многія грахі за тое, што ты многа палюбіла! Стоячы на нябёсах каля Трону Божай Велічы, а на зямлі атуляючы нас духам любові, малі Бога збавіць слугаў Яго, якія просяць тваёй апекі. Выпрасі для нас у шчодрага на ласкі Валадара і Збаўцы, каб мы здолелі захаваць чыстаю нашую веру, каб нашыя гарады і вёскі ўзрасталі ў святасці. Няхай Пан Бог выбавіць нас ад смерці і голаду, дасць тым, хто смуткуе, суцяшэнне, хворым — аздараўленне, тым, хто ўпаў, — сілы ўзняцца, а заблукалым — добры кірунак. Малі, святая апякунка, Езуса Хрыста, каб Ён адарыў нас поспехам і благаслаўленнем, быў абаронаю для сіротаў і ўдоваў, а памерлым даў вечны супакой. О Марыя Егіпецкая! Няхай Пан Бог праз тваё святое заступніцтва ў дзень Апошняга Суду адорыць нас ласкаю стаць каля Яго з правага боку і пачуць благаслаўлёны голас Суддзі сусвету: «Прыйдзіце, благаслаўлёныя Айца Майго, прыміце ў спадчыну Валадарства, падрыхтаванае вам ад стварэння свету». Маючы прыклад тваёй веры, мы шчыра вызнаём, што гэтак жа, як і ты, будзем збаўленыя ласкаю Пана Езуса, які жыве і валадарыць на векі вечныя. Амэн.
Падрыхтавала Дар’я Ахламёнак
Паводле жыццяпісу святой Марыі Егіпецкай