
Святы Дамінік дэ Гусман — заснавальнік ордэну дамініканаў і апякун няплодных, цяжарных жанчынаў і парадзіхаў. Знакам гэтай апекі з’яўляецца яго асвечаны пасак, на якім запісаныя лацінскія словы: «O spem miram, quam dedisti mortis hora te flentibus» («О цудоўная надзея, якую ты даў у гадзіну смерці тым, хто аплакваў цябе»).
Гісторыя паска звязаная з цудадзейным абразом святога Дамініка ў мястэчку Сарыяна (Італія), дзе ў 1510 г. па даручэнні святога Дамініка была заснаваная дамініканская супольнасць. Згодна з легендай, цудадзейны абраз быў дарам з самога неба.
Аднойчы на світанні брат Ларэнца рыхтаваў алтар для цэлебрацыі св. Імшы. Калі святло свечак асвяціла святыню, ён заўважыў постаці трох жанчын. Старэйшая з іх падышла да манаха і запыталася, у гонар каго названы гэты касцёл. Пачуўшы, што ён прысвечаны св. Дамініку, яна вельмі здзівілася, бо ў святыні не было ніводнага абраза святога. Тады незнаёмая госця ўручыла брату Ларэнца скрутак і раптоўна знікла ў паўзмроку разам са сваімі спадарожніцамі. Манахі разгарнулі падараваны скрутак і ўбачылі на ім выяву святога Дамініка. У наступную ноч аднаму з братоў у сне аб’явілася св. Кацярына і патлумачыла, што жанчынамі, якія нечакана з’явіліся ў святыні, былі св. Марыя Магдалена, яна сама і Маці Божая, якая і падаравала брату Ларэнца выяву айца Дамініка. Шматлікія цуды і ласкі, якімі адразу праславіўся абраз, пераканалі братоў у тым, што гэта сапраўдны дар нябёсаў.
У старых хроніках занатавана каля 70-ці выпадкаў вяртання да жыцця людзей, якія знаходзіліся ў стане клінічнай смерці, аздараўлення скалечаных і хворых. Сапраўднасць гэтых здарэнняў з ХVІІ ст. даследавала і пацвердзіла спецыяльная камісія.
Адзін з незвычайных цудаў адбыўся ў 1620 годзе. Нейкі заможны чалавек і яго жонка праз заступніцтва св. Дамініка ўзносілі малітвы да Бога за сваё ненароджанае дзіця. Уночы, напярэдадні свята Маці Божай Грамнічнай, святы Дамінік аб’явіўся ў сне прыёру кляштара ў Сарыяне, даручаючы яму выслаць заможнаму чалавеку свечку, асвечаную ў іх кляштары. Прыёр дакладна выканаў просьбу святога, а той з удзячнасцю прыняў ахвяраваны яму дар. У лістападзе наступнага года жонка заможнага чалавека без праблемаў, якія мела падчас папярэдніх родаў, нарадзіла яму здаровага сына. Радасці бацькі і здзіўленню не было межаў. Праз два дні пасля родаў у пакой, дзе знаходзіліся шчаслівая маці і яе дзіця, праз акно ўляцела маланка, якая пашкодзіла акно, падлогу, але не ўчыніла ніякай шкоды людзям.
Ласкамі праславіўся не толькі цудоўны сарыянскі абраз св. Дамініка, а таксама звязаныя з ім сакрамэнталіі. Напрыклад, сярод мясцовага насельніцтва ўсталяваўся звычай адразаць белыя баваўняныя паскі даўжынёю ў перыметр абраза (1,5 метра), а потым асвячаць іх каля яго. Гэты адрэзаны кавалак тканіны называюць паскам св. Дамініка. Выкарыстоўваючы пасак св. Дамініка, трэба заўсёды памятаць, што ён не з’яўляецца ні талісманам, ні магічным прадметам, гэта своеасаблівы знак веры ў сілу заступніцтва гэтага святога і знак-заклік сужэнцаў да шчырай і даверлівай малітвы ў пэўнай інтэнцыі.
З асаблівым даверам пасак святога Дамініка
носяць цяжарныя жанчыны,
каб выпрасіць ласку асаблівай апекі
і шчаслівага нараджэння дзіцяці.
Святому Дамініку моляцца таксама бяздзетныя сужэнствы,
каб ён выпрасіў у Бога цуд зачацця новага жыцця.
Малітва да св. Дамініка
O spem miram!
О цудоўная надзея,
якую ты даў у гадзіну смерці тым,
хто аплакваў цябе,
калі ты абяцаў і пасля смерці
быць карысным братам.
Споўні, ойча, што сказаў ты,
і ўспамагай нас сваімі малітвамі.
Ты праславіўся многімі цудамі
ў целах знямоглых,
несучы нам дапамогу Хрыста,
дык аздараві нашы душы нябеснаю сілаю.
Споўні, ойча, што сказаў ты,
і ўспамагай нас сваімі малітвамі.
Няхай цяпер і заўсёды гучыць хвала Айцу
і Сыну, і Духу.
Споўні, ойча, што сказаў ты,
і ўспамагай нас сваімі малітвамі.
Молімся.
Усёмагутны Божа, няхай святы Дамінік,
які быў руплівым прапаведнікам аб’яўленай праўды,
падтрымлівае Твой Касцёл праз свае заслугі
і вучэнне і няхай ён будзе для нас
клапатлівым апекуном.
Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
Літанія да святога Дамініка
(для прыватнага чытання)
Кірые, элейсон,
Хрыстэ, элейсон, Кірые, элейсон.
Хрыстэ, пачуй нас, Хрыстэ, выслухай нас.
Ойча з неба, Божа, — змілуйся над намі.
Сыне, Адкупіцель свету, Божа, — змілуйся над намі.
Духу Святы, Божа, — змілуйся над намі.
Святая Тройца, Адзіны Божа, — змілуйся над намі.
Святая Марыя, — маліся за нас.
Святая Панна над паннамі,
Каралева Ружанца Святога,
Святы Дамінік, айцец і патрыярх наш,
Імем Пана прывілеяваны,
Маці Божай сынам названы,
Светач Божага Касцёла,
Асвета ўсіх народаў,
Палаючая паходня веры,
З даўніх часоў ззяючая зорка,
Прапаведнік Божага слова,
Ружа цярплівасці,
Руплівец збаўлення чалавецтва,
Мучаніцтва прыняць ахвотны,
Чалавек Евангелля,
Прыклад глыбокай пакоры,
Прыхільнік паслухмянасці,
Паслядоўнік убоства Хрыстовага,
Стоўп манаскага жыцця,
Багаты на ўсялякія цноты,
Адданы прапаведнік,
Вястун святога Евангелля,
Дасканалы лекар хваробаў цела і душы,
Апякун убогіх і засмучаных,
Нястомны шанавальнік Марыі,
Распаўсюджвальнік Святога Ружанца,
Анёле цнатлівага жыцця,
Трох ордэнаў мудры заснавальнік,
Адданы апостал навяртання душаў,
Верны евангеліст у абвяшчэнні Езусавай навукі,
Сапраўдны прыклад утаймавання цела,
Годны прыхільнік шматлікіх цнотаў,
Свету навукі сапраўдны доктар,
Дасканалы ўзор чысціні душы і цела,
Духоўны айцец, багаты на заслугі перад Богам,
Настаўнік і правадыр,
Каб мы верна наследавалі цябе,
Каб мы служылі збаўленню чалавецтва,
Каб мы цнотамі славіліся ў свеце,
Каб мы прыносілі карысць святому Касцёлу,
Каб мы жылі ў чысціні,
Каб дзякуючы твайму заступніцтву мы былі
вольныя ад усялякіх памылак і няправеднасці,
Каб мы былі захаваныя ад нечаканай і неспадзяванай смерці,
Каб мы заслужылі апошнюю ласку,
Каб пасля смерці мы былі далучаныя да хвалы вечнай, — маліся за нас.
Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету, — даруй нам, Пане.
Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету, — выслухай нас, Пане.
Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету, — змілуйся над намі.
С.: Святы Дамініку, маліся за нас!
Н.: Каб сталіся мы годнымі абяцанняў Хрыстовых.
Молімся. Божа, няхай святы айцец і патрыярх наш, Дамінік, адданы прапаведнік Тваёй праўды, падтрымлівае Касцёл Твой сваімі заслугамі і вучэннем і няхай заўсёды заступаецца за нас. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
З часопіса «Ave Maria», №3 за 2011 год