Стогадовы францішканін, які асабіста ведаў 6 святых

Францішканін памёр нядаўна, пражыў амаль стагоддзе і сведчыў аб сваёй веры словамі і ўчынкамі. Ён успамінаў, што калісьці ўбачыў рукі айца Піо, пацалаваў іх і запытаўся, ці стыгматы балесныя, на што а. Піо адказаў: «Што ж, Бог не даў мне іх як раскошу».


Айцец Джузэпэ Унгаро памёр у маі гэтага года. Згодна з агульнапрынятым падлікам італьянскаму францішканіну было 99 гадоў. Аднак — як ён сам любіў падкрэсліваць — яго жыццё пачалося за 9 месяцаў перад нараджэннем. Згодна з такім падлікам на момант смерці яму споўнілася 100 гадоў. У 2018 г. францішканін атрымаў пячатку горада Падуя як знак пашаны за прысвячэнне свайго жыцця службе бліжнім. На працягу 10 дэкадаў сваёй зямной вандроўкі а. Джузэпэ асабіста пазнаёміўся, як мінімум, з шасцю святымі. Сваімі ўспамінамі ад гэтых сустрэчаў ён падзяліўся з а. Марыё Контэ, адным з законных братоў, які напісаў пра гэта ў 2016 г. (хоць з таго часу, пасля кананізацыі Паўла VI, да кола асабіста вядомых айцу Унгаро святых быў далучаны яшчэ адзін).

Сярод святых, з якімі быў знаёмы а. Джузэпэ, трое былі Папамі. Францішканін пазнаёміўся з Янам XXIII, калі той быў яшчэ іерархам Венецыі, айцец Джузэпэ тады быў накіраваны на працу ў мясцовую базыліку Святой Марыі Gloriosa dei Frari.

Пра святога Папу фрнцішканін распавядаў у інтэрв'ю часопісу «Веснік св. Антонія»: «Мы добра ведалі адзін аднаго. Ён часта прыходзіў у наш кляштар у Венецыі на абед». Павел VI і Ян Павел ІІ наведалі базыліку св. Антонія ў Падуі, дзе айцец Джузэпе жыў на працягу амаль 50 гадоў.Францішканін быў знаёмы таксама з трыма вялікімі святымі з уласнай манаскай сям'і. 

Леапольд Мандзіч — святы капуцын з Харватыі, вядомы як апостал сакрамэнту пакаяння. А. Джузэпэ апісваў яго як «чалавека вялікай пакоры, спагадлівасці да бліжніх і вялікай мудрасці». А. Джузэпэ быў пад уражаннем ад сумесна праведзенага часу: «Кожную сераду ён прыходзіў да магілы св. Антонія, а пасля накіроўваўся адразу ў канфесіянал, дзе спавядаў на працягу шматлікіх гадзін».

Св. Максіміліян Кольбэ — добра вядомы нам мучанік, закатаваны фашыстамі ў канцэнтрацыйным лагеры Аўшвіц. Айцец Кольбэ таксама быў францішканінам, таму іх жыццёвыя сцежкі часта перакрыжоўваліся. А. Джузэпэ апісаў адну з такіх сустрэчаў наступным чынам:

«А. Кольбэ якраз вярнуўся з Японіі
і быў вельмі сумны з-за прыніжэння, якое там зведаў.
Нягледзячы на ўсё гэта, ён захаваў вялікую веру
і вялікую любоў да Маці Божай.
Менавіта а. Максіміліян заахвоціў мяне
скласці Маці Божай прысягу адмаўлення ад цыгарэтаў,
і з таго дня я кінуў гэтую дрэнную звычку назаўсёды».

Св. айцец Піо з Петральчыны. А. Джузэпэ сустрэўся з ім падчас Другой сусветнай вайны, калі быў пробашчам у рэгіёне Сабаўдзіі, у цэнтральнай Італіі. Іх ядналі асабістыя адносіны. Айцец Унгро ўспамінаў, што калісьці ўбачыў рукі айца Піо, пацалаваў іх і запытаўся, ці стыгматы балесныя, на што а.Піо адказаў: «Што ж, Бог не даў мне іх як раскошу».

Ці сам а. Джузэпэ таксама можа быць прызнаны святым?

З упэўненасцю можна сказаць, што ён цяжка працаваў. Ва ўзросце 99 гадоў працягваў уставаць у 3.30 раніцы на малітву і адарацыю, пасля цэлебраваў св. Імшу і наведваў сем'і, якія патрабавалі духоўнай і проста чалавечай дапамогі, у тым ліку былых вязняў. Як сам казаў: «Кожны мужчына і кожная жанчына маюць сваю ўласную годнасць, і яе трэба абараняць. У кожным чалавеку прысутны Езус».

Падчас урачыстасці ўручэння францішканіну пячаткі горада Падуя бурмістр гэтага горада апісаў а. Джузэпэ наступным чынам:

«Калі я з ім пазнаёміўся, я быў у захапленні. У хвіліны, калі мы ўсе па-чалавечы перажывам цяжкасці, а. Джузэпэ нагадвае нам, што кожны з нас можа быць місіянерам на сваёй зямлі, а для таго, каб чыніць дабро, нам не трэба быць кіраўнікамі ў свеце, вакол нас шмат людзей, якім патрэбна нашая дапамога. Ён кажа, што мы можам рабіць дабро ціха і пакорна, не таму, што беднасць трэба ўтойваць як штосьці абразлівае, але найперш таму, што мы павінны шанаваць годнасць тых, хто ў сваім жыцці спазнаў убоства».

А. Джузэпэ, пакорны і пабожны францішканін, адышоў у дом Нябеснага Айца 22 мая 2019 г., за пяць дзён да свайго стагоддзя, але амаль дзевяць месяцаў пасля 100 гадоў, калі ўлічваць час ва ўлонні маці. Няхай ён дасягне вечнасці ў небе, адкуль будзе заступацца за нас і натхняць нас распазнаваць вакол сябе як святых людзей, так і тых, хто патрабуе менавіта нас, каб самому стаць святым!


Пераклад з польскай мовы
Кацярыны Дурко
паводле pl.aleteia.org

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней