«Воля Божая — гэта вашае асвячэнне». Думкі святых аб святасці

 «Ніякіх праяваў цнатлівасці, пабожнасці і сапраўднай святасці нельга дасягнуць без удзелу Божай ласкі». 
Св. Аўгустын

***

«Святасць — гэта настрой сэрца, які чыніць нас пакорнымі і маленькімі ў Божых руках, з усведамленнем уласнай слабасці і дзёрзка, нават адчайна ўпэўненымі ў Яго Айцоўскай дабрыні».
Св. Тэрэза ад Дзіцятка Езуса

***

«Чым больш чалавек любіць Бога, тым больш у яго прычынаў спадзявацца на Яго. Гэтая надзея стварае ў святых невымоўны спакой, які яны захоўваюць нават у няшчасці, бо, любячы Пана Бога і ведаючы, які цудоўны і добры Ён да тых, хто Яго любіць, святыя ўскладаюць усю надзею на Яго і толькі ў Ім знаходзяць спакой і гармонію».
Св. Альфонс Лігуоры

***

«Наш Пан стварыў людзей для розных жыццёвых пакліканняў, і ў кожным пакліканні ёсць людзі, якія дасягнулі святасці, добра выконваючы свае абавязкі».
Св. Антоній Марыя Кларэт

***

«Няма больш надзейнага спосабу даведацца, што нехта ёсць святым, чым бачыць, што ён вядзе святое жыццё і ўсё адно пакутуе ад адзіноты, выпрабаванняў і бедаў».
Св. Луіджы Ганзага

***

«Заклік Бога да святасці скіраваны да ўсіх людзей, а не да некаторых. Таму святасці можа дасягнуць кожны. У чым яна заключаецца? У вялікай актыўнасці? Не. Ва ўменні чыніць незвы­чайныя рэчы? Не, гэта можа не кожны і не заўсёды. Такім чынам, святасць заключаецца ў тым, каб рабіць дабро, рабіць яго заўсёды, у любых умовах, у любым месцы, дзе Бог нас паставіў. Нічога больш, нічога апроч гэтага».
Бл. Луіджы Тэцца

***

«Калі Бог пасылае вам мноства выпрабаванняў — гэта знак таго, што Ён жадае зрабіць вас вялікімі святымі… Агонь Боскай любові найярчэй палаў, загарэўшыся ад дрэва крыжа, на якім бязмерная любоў Збаўцы завяршыла Яго ахвяру».
Св. Ігнацый Лаёла

***

«У нашай уладзе пажадаць быць дасканалымі. А хто пажадаў быць дасканалым, мусіць прадаць сваю маёмасць, не частку яе, як Ананія і Сапфіра, а ўсё, і, прадаўшы, раздаць бедным, падрыхтаваўшы сабе скарб у Божым Валадарстве. Але гэтага недастаткова для дасканаласці, калі не пайсці за Збаўцам, гэта значыць, калі, пакінуўшы злое, не зрабіць добрага. Ідзе за Панам той, хто наследуе Яго па Ягоных слядах. Хто кажа, што верыць у Хрыста, павінен сам чыніць так, як Ён чыніў».
Св. Геранім

***

«Усе мы можам дасягнуць хрысціянскай цнатлівасці і святасці, незалежна ад таго, у якіх умовах мы жывем, і якой працай займаемся… Уся навука святасці заключаецца ў дзвюх рэчах: рабіць і пакутаваць. Хто найлепш робіць гэтыя дзве рэчы, дасягае большай святасці».
Св. Францішак Сальскі

***

«Святасць заключаецца не ў тым, каб рабіць незвычайныя рэчы. Яна заключаецца ў тым, каб з усмешкаю прымаць усё, што нам пасылае Езус. Яна заключаецца ў тым, каб прымаць волю Божую і ісці за ёю».
Св. Тэрэза з Калькуты

***

«Святасць заключаецца ў барацьбе, калі мы ведаем, што маем хібы і гераічна імкнемся іх пераадолець. Я настойліва паўтару, што святасць заключаецца ў тым, каб пераадольваць хібы, хоць усё адно мы ўсе, паміраючы, будзем мець хібы, бо інакш мы паддадзімся спакусе пыхі… Вялікая святасць заключаецца ў тым, каб выконваць маленькія абавязкі ў кожны момант».
Св. Хосэмарыя Эскрыва

***

«Вяршыня святасці і дасканаласці не ў чыненні цудаў, а ў чысціні любові. Гэта справядліва, бо цуды павінны спыніцца і знік­нуць, а любоў трывае заўжды… Душы святых, пры тым, што яшчэ злучаны з целам, і ў гэтым свеце злучаюцца з ласкаю Духа Святога, аднаўляюцца, змяняюцца да лепшага і ўваскрасаюць ад смерці розуму, а пасля, разлучыўшыся з целам, адыходзяць у славу і святло Валадарства».
Св. Ян Касіян

***

«Не бойцеся быць святымі! Майце адвагу і пакору паказаць свету, што вы жадаеце святасці, бо поўная і сапраўдная свабода нараджаецца ў святасці».
Св. Ян Павел ІІ

***

«Вось сапраўдная дасканаласць — не як нявольнікі, не ад страху пакарання адыходзіць ад заганнага жыцця, не ў чаканні ўзнагароды чыніць дабро… але адно лічыць для сябе страшным — быць пазбаўленым еднасці з Богам, і адно лічыць каштоўным і жаданым — зрабіцца сябрам Божым, што па маім разуменні і ёсць дасканаласцю жыцця… Тыя, хто дасягнуў дасканаласці ў цнатлівым жыцці і ачысціў сябе, праслаўляюць Бога і прабываюць у такім жа стане, што і анёлы, бо ў іх, як нам вядома, няма іншага занятку, як толькі праслаўляць Бога, і няма іншага клопату, як толькі будаваць сваё жыццё так, каб яно было хвалою Богу».
Св. Грыгорый Назіянскі


Падрыхтавала Юлія Шэдзько

 

 

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней