Аздараўленне праз заступніцтва Маці Божай Будслаўскай

Я захварэла 9 ліпеня 2018 года. Ультрагукавое абследаванне паказала ў мяне рак малочнай залозы з метастазамі ў лімфавузлах. 10 ліпеня прафесар В. Ф. Зайцаў у Мінску пацвердзіў гэты дыягназ і скіраваў мяне ў анкалагічны дыспансэр у Бараўляны. Два дні абследаванняў выявілі рак 4-й стадыі з метастазамі ва ўсіх лімфавузлах, нават надключычныя на здаровым баку, а абследаванне на пазітроннай эмісійнай тамаграфіі (ПЭТ) выявіла таксама метастазы ў косці 10-га рабра, у падуздышнай косці, грудзіне і мышцы грудзіны. Прагноз урачоў быў вельмі несуцяшальны: згодна са статыстыкай, мне заставаўся адзін, максімум два гады жыцця — рак вельмі агрэсіўнай формы і высокай ступені злаякаснасці, які распаўсюджваўся па маім арганізме з маланкавай хуткасцю.

Знаёмыя пераконвалі мяне ў тым, што дапамагчы ў маёй безнадзейнай сітуацыі могуць толькі т. зв. бабкі, таму я запісалася на «прыём» да адной з такіх лекарак у Зембіне. На той момант я адчувала сябе вельмі кепска, мне задавалася, што я паміраю... Раніцай 16 ліпеня я прачнулася і аб’явіла мужу, што мы едзем у Будслаў да Маці Божай (было адчуванне, нібы мяне хтосьці туды паклікаў), і да ніякіх лекарак я не паеду. Мы так і зрабілі. Калі мы прыехалі ў Будслаў, святыня была зачыненая, таму я малілася да Маці Божай, стоячы на парозе за кратамі ўваходных дзвярэй. Пасля прыйшла манашка, якая адчыніла касцёл. Я ўвайшла і ахвяравала сябе Багародзіцы: я ляжала крыжам на халоднай падлозе і прасіла, маліла... Так пачаўся мой шлях выздараўлення.

Ад лячэння я не адмаўлялася, мяне наведваў таксама кс. Ян з глыбоцкай парафіі, які спавядаў мяне, удзяляў св. Камунію і сакрамэнт намашчэння хворых. Святар благаславіў мяне на лячэнне і сказаў, што адмаўляцца ад яго нельга, неабходна прасіць Бога аб выздараўленні, і Ён дасць сваю сілу ўрачам.

Так і адбылося... Пасля першай хіміятэрапіі сцынтыграфія і камп’ютарная тамаграфія не выявілі метастазаў, а пухліна зменшылася ў 10 разоў. Урач-рэнтгенолаг не мог нічога зразумець, ён два разы выклікаў мяне і паўторна аглядаў. Нягледзячы на гэта, мне зрабілі шэсць моцных хіміятэрапій, пасля якіх зрабілі УГД грудзі. Пухліны і метастазаў у лімфавузлах не было... Урач, якая рабіла УГД, не разумела, як такое магло адбыцца, яна тры разы чытала маю картку і нарэшце сказала мне: «З дакументаў я ведаю, што ў вас рак, але я не магу напісаць тое, чаго няма, бо абследаванне паказвае, што ў вас усё чыста». Мне яшчэ раз зрабілі пазітронна-эмісійную тамаграфію (абследаванне ўсяго арганізма з дапамогай радыеактыўнага ізатопу), якая нічога не выявіла, апрача запалення зубоў і міндалінаў. Усё гэта запісана і пацверджана ў маіх медыцынскіх дакументах.

Паўстала пытанне аб аперацыі. Я разумела, што мне давядзецца адрэзаць здаровую грудзь і лімфавузлы. Я плакала і не зга­джалася з рашэннем, а мой урач, звычайны практыкуючы хірург першай катэгорыі, быў разгублены... Падобна, што з такімі выпадкамі ў сваёй практыцы ён яшчэ не сутыкаўся.

Я малілася і прасіла дапамогі ў Бога. У гэты ж час у аўторак 18 снежня ў будслаўскай святыні ксёндз цэлебраваў св. Імшу ў маёй інтэнцыі і інтэнцыі ўрачоў, якія мяне лячылі.

Раніцай 19 снежня, калі праваслаўныя вернікі ўспамінаюць святога Мікалая, я прачнулася і спакойна пайшла на аперацыю. Лячэнне было скончана. Праз тры тыдні пасля аперацыі ўрачы сабраліся на кансіліум, на якім абмяркоўвалі маю сітуацыю. Я бачыла твары няверуючых лю­дзей, якія разгубіліся і ўжо самі не ведалі, што адбылося. Яны казалі: «У цуды мы не верым, але тое, што мы бачым, супярэчыць статыстыцы. Мы не можам вас вылечыць цалкам, вы хворая, і мы будзем працягваць лячэнне». Я збянтэжана глядзела на іх. Прыйшлі вынікі марфалагічнага абследавання адрэзаных органаў, і ў іх не было ніякіх слядоў раку, а ўрачы гавораць, што я хворая... Мне назначылі яшчэ дзве хіміі, залендранат (залендронавую кіслату) на год і 25 апраменьванняў. Я запыталася: «Навошта?». У адказ пачула, што на ўсялякі выпадак.

Дадаткова я паехала на кансультацыю да вельмі вопытнага ўрача, доктара медыцынскіх навук, прафесара Л. А. Путырскага. Я не паказвала яму дакументы, а проста распавяла сваю гісторыю, расказала пра лячэнне і аперацыю і папрасіла назначыць мне лячэнне. Л. А. Путырскі сказаў мне наступнае: «Усё, што з вамі адбылося, падобна на цуд... Вы ўжо не павінны былі жыць. Калі ўлічваць тое, што вы расказалі, у вас вельмі агрэсіўная форма раку, і метастазы ў косці не знікаюць ад адной хіміі. Я б уважліва вас назіраў і толькі на ўсялякі выпадак, улічваючы былую 4-ю стадыю раку, я б назначыў апраменьванне». Я паказала прафесару дакумент кансіліума, і ён сказаў, што ўрачы проста не вераць у тое, што хвароба адступіла, таму страхуюцца.

Цяпер я адчуваю сябе вельмі добра, з Божай дапамогай я хутка папраўляюся, у мяне ўсе аналізы добрыя, і я адчуваю, што мне не патрэбна больш ніякае лячэнне. Мой арганізм пратэстуе.

У нядзелю мы ехалі з будслаўскай святыні ў Мінск і знайшлі чалавека, які ляжаў на ўзбочыне. Мы паднялі гэтага чалавека і адвезлі дадому. Мяркую, што гэта сам Хрыстус выпрабоўваў мяне такім чынам...

Мая душа радуецца! Я веру ў тое, што мяне вылечыла сама Багародзіца, якой я сябе даверыла. Я веру, што хвароба не павінна вярнуцца, але як гэта растлумачыць урачам, я не ведаю...


Вольга
Ілюстрацыя: Сяргей Шэмет «Маці Божая Будслаўская»

 

Цэтлікі: Сведчанні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней