Ян Павел ІІ «Вялікі пост: памятай, што ты — прах»

Напэўна, ніколі слова Божае не прамаўляла так наўпрост. Не звярталася да кожнага чалавека без выключэння: «Памятай, што ты — прах і прахам станеш».


Таксама кожны прымае гэтыя словы, бо яны вельмі красамоўныя. Іх праўду надзвычай дакладна пацвярджае гісторыя чалавецтва і досвед кожнага чалавека.

Словы гэтыя кажуць пра смерць, якою заканчваецца кожнае жыццё на зямлі. Разам з тым гэтыя словы заклікаюць кожнага з нас да «пачатку». Яны былі сказаныя першаму Адаму як наступства граху: «Калі будзеце спажываць плод з гэтага дрэва, памрэце» (гл. Быц 2, 17).

Смерць — як плод дрэва пазнання дабра і зла. Плод граху. Гэтыя словы кажа Бог-Створца. Той, які паклікаў, і пастаянна кліча з небыцця да існавання свет і чалавека. А чалавека стварыў «з праху зямлі»: сфармаваў яго з тае самай матэрыі, з якой збудаваны ўвесь бачны свет.

Калі Бог кажа: «памятай, чалавеча, што ты — прах і прахам станеш» (гл. Быц 3, 19), гэтыя словы гучаць як суровы прысуд. І Бог, які іх прамаўляе, аб’яўляецца ў іх як Створца і як Суддзя.

Аднак разам з тым гэтыя словы напоўненыя цярпеннем. У іх выяўляецца прадказанне Вялікай пятніцы. У іх выяўляецца цярпенне Божага Сына, які кажа: «Абба, Ойча! Ты ўсё можаш. Адхілі ад Мяне гэты келіх» (Мк 14, 36).

Так, у гэтых суровых словах — боль Бога! Ён жа прамаўляе іх да чалавека, якога стварыў паводле свайго вобраза і падабенства; вобраз і падабенства Бога… павінны ператварыцца ў прах?

«Пан успыхнуў раўніваю любоўю да сваёй зямлі і злітаваўся над сваім народам» — абвяшчае прарок Ёэль (гл. 2, 18).


Пераклад з польскай мовы: Крыстына Лялько
Паводле: Jan Paweł II
«Modlitwy i rozważania na każdy dzień roku».
«Świat książki», Warszawa, 2009

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней