Аддаў сваё жыццё за іншага. Сёння — успамін святога Максімільяна Марыі Кольбэ

14 жніўня ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца ўспамін святога Максімільяна Марыі Кольбэ, які 79 гадоў таму ахвяраваў сваё жыццё за іншага чалавека ў канцэнтрацыйным лагеры ў Асвенцыме.


Як апавядаў сам будучы святы, ва ўзросце 12-і гадоў яму з’явілася Маці Божая, якая трымала ў руках дзве кароны: белую — сімвал чысціні, і чырвоную — сімвал мучаніцтва. «Якую ты выбіраеш?» — спыталася ў падлетка Багародзіца. Максімільян без ваганняў выбраў абедзве.

Францішканскі манах і місіянер, Максімільян Марыя Кольбэ актыўна распаўсюджваў культ Марыі Беззаганнай. З гэтай мэтай ён заснаваў апостальскі рух «Рыцарства Беззаганнай» і выдаваў часопіс «Рыцар Беззаганнай», які доўгі час выходзіў на тэрыторыі Беларусі, у Гродне.

Натхнёны пабожнымі памкненнямі святога Максімільяна часопіс для дзяцей «Маленькі рыцар Беззаганнай» быў найбольш папулярным каталіцкім перыядычным выданнем на беларускай мове, адрасаваным маленькім чытачам.

У лютым 1941 г. айца Максімільяна арыштавала Гестапа. Пасля трох месяцаў зняволення манах быў скіраваны ў канцэнтрацыйны лагер у Асвенцым. У ліпені таго ж года з лагера ўцёк адзін зняволены, што стала прычынай нялюдскай карнай акцыі, прыдуманай гітлераўцамі. З усяго бараку, у якіх трымалі людзей, кожны дзясяты быў асуджаны на смерць ад голаду. Сярод няшчасных быў вызначаны таксама Францішак Гаёўнічак, муж і бацька сям’і.

Айцец Максімільян дабравольна прапанаваў узамен за яго ацаленне сваё жыццё. Два тыдні працягвалася галодная пакута, падчас якой айцец Максімільян суцяшаў і духоўна падтрымліваў асуджаных разам з ім. Урэшце напярэдадні ўрачыстасці Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі манах, які адзіны яшчэ заставаўся ў жывых, быў забіты смяротнай ін’екцыяй фенолу.

У 1971 г. папа Павел VI абвясціў Максімільяна Кольбэ благаслаўлёным, а 10 кастрычніка 1982 г. папа Ян Павел ІІ кананізаваў святара, які аддаў сваё жыццё за іншага чалавека, даўшы такім чынам сведчанне сапраўднай Хрыстовай любові да бліжняга.


Паводле catholic.by
Выява: misericors.org

Дарагія чытачы, на старой версіі нашага сайта змешчаны экст кнігі святога Максімільяна Марыі Кольбэ «Даручэнне сябе Беззаганнай». Гэтая кніга — асноўны прынцып духоўнага жыцця і шлях дасягнення святасці для св. Максімільяна Марыі Кольбэ, які ў 1917 г. разам з субратамі-францішканамі заснаваў Рыцарства Беззаганнай (Militia Immaculatae). Запрашаем да чытання!

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней