«Пан ёсць Духам, а дзе Дух Пана, там свабода» (2 Кар 3, 17).
Св. апостал Павел
«Калі вы будзеце трываць у слове Маім, то сапраўды будзеце вучнямі Маімі і пазнаеце праўду, а праўда вызваліць вас» (Ян 8, 31–32).
Св. Ян Евангеліст
«Лічы свабодным не тых, хто вольны па сваім стане, а тых, хто вольны па сваім жыцці і звычках. Нельга, напрыклад, называць сапраўды свабоднымі шляхетных і багатых, калі яны злыя і нястрыманыя, бо яны — нявольнікі пачуццяў і жарсцяў. Свабода і шчасце душы заключаюцца ў сапраўднай чысціні і пагардзе да часовага».
Св. Антоній Вялікі
«Ніхто не свабодны, апроч таго, хто жыве для Хрыста; такі чалавек вышэй за ўсе нягоды, і калі ён не захоча сам учыніць сабе зло, ніхто іншы ніколі не ў стане гэта яму ўчыніць». «Хрыстус вызваліў нас ад цяжару нявольніцтва і даў нам свабоду рабіць, што мы хочам, не для таго, каб мы карысталіся гэтаю свабодаю, чынячы зло, але каб карысталіся ёю як сродкам для атрымання большай узнагароды, узыходзячы да дасканалай мудрасці».
Св. Ян Хрызастом
«Воля чалавека не мае ласкі ў свабодзе, але мае свабоду ў ласцы. Добры чалавек, нават калі ён нявольнік, насамрэч свабодны, а злы, нават калі ён валадар, насамрэч жыве ў няволі».
Св. Аўгустын
«Ён прыйшоў, каб прывесці нашае жыццё ад знішчэння да сябе самога і даць нам свабоду замест нявольніцтва».
Св. Атаназій з Антыёхіі
«Няма чалавека, які быў бы далёкі ад Пана Бога. Бог любіць свабоду, Ён не навязвае сваю любоў. Ён не прыспешвае чалавечыя сэрцы. Кожнае сэрца мае свой час, якога мы не можам ведаць. Бог стукае і стаіць каля дзвярэй. Калі сэрца будзе гатовае, яно адчыніць дзверы Богу».
Благаслаўлёны пакутнік Джузэпэ Пульізі
«Свабода заключаецца не ў тым, каб рабіць усё, што захочацца, а ў тым, каб мець права рабіць тое, што павінен рабіць». «Езус не гаворыць “не” шчырым памкненням сэрца, Ён гаворыць яснае гучнае “так” жыццю, любові, свабодзе, супакою і надзеі. Разам з Ім няма нічога немагчымага, і нават маленькі шчыры і добры ўчынак можа вырасці і прывесці да зменаў». «Памятайце, што вы ніколі не застаецеся ў адзіноце: Хрыстус побач з вамі ў кожны дзень вашага жыццёвага падарожжа! Ён паклікаў вас і выбраў, каб жыць у свабодзе Божых дзяцей. Звяртайцеся да Яго ў малітве і любові. Прасіце Яго даць вам смеласць і моц заўсёды жыць у гэтай свабодзе. Ідзіце з Ім разам, бо Ён — дарога, праўда і жыццё».
Св. Ян Павел ІІ