«Благаслаўляць Мяне будуць усе пакаленні…» Цытаты святых пра Марыю

Уся гісторыя хрысціянства пранізаная пашанаю і любоўю да Божай Маці, без якой не ўявіць збаўлення. Няма такога хрысціянскага святога ці мысляра, які не задумваўся б аб Яе ролі ў гісторыі чалавецтва. Давайце ж зазірнем у гэтыя невычэрпныя скарбы мудрасці, захаваныя Касцёлам...


«О грэшнік, не ўпадай у адчай, а прыбягай да Марыі ў кожнай патрэбе. Заклікай Яе аб дапамозе, бо воля Божая ў тым, каб Яна магла дапамагчы ў любой патрэбе».

Святы Базыль Вялікі (330–379)

«Свет быў няварты атрымаць Божага Сына проста з рук Айца, таму Ён даў свайго Сына Марыі, каб свет атрымаў Яго праз Яе».

Святы Аўгустын Гіпонскі (354–430)

«Пакланенне Табе, о Найсвяцейшая Маці, — гэта сродак збаўлення, які Бог дае тым, каго жадае ўратаваць. <…> Дзень, калі нарадзілася Божая Маці, — гэта дзень радасці для ўсяго свету, бо праз Божую Маці адрадзілася ўсё чалавецтва і гора прамаці Евы ператварылася ў радасць».

Святы Ян Дамаскін (675–749)

«У небяспецы, у сумненнях, у цяжкасцях узгадвай Марыю, заклікай Марыю. Няхай Яе імя не сыходзіць з тваіх вуснаў, не дазволь, каб яно знікла з твайго сэрца. Не занядбоўвай магчымасці ісці па Яе слядах, каб атрымаць Яе заступніцкую малітву. Пакуль Яна цябе вядзе, ты ніколі не заблукаеш, заклікаючы Яе, ты ніколі не зазнаеш адчаю. Пакуль Яна пануе ў тваім розуме, ты не падуладны хлусні; пакуль Яна трымае цябе за руку, ты не ўпадзеш. Пад Яе заступніцтвам табе няма чаго баяцца; калі Яна ідзе наперадзе, ты ніколі не стомішся. Калі Яна будзе да цябе міласціваю, ты дасягнеш таго, да чаго імкнешся. <…> Не думайце, што можна зацьміць славу Сына, аддаючы вялікую пашану Маці. Чым больш мы ўшаноўваем Яе, тым большая слава Яе Сына. Няма сумнення ў тым, што ўсе словы на хвалу Маці гэтак жа моцна ўхваляюць і Сына».

Святы Бэрнард Клервоскі (1090–1153)

«Шукайце прытулку ў Марыі, бо Яна — горад прыстанішча. Вядома, што Майсей заснаваў гарады прыбежышча для тых, хто незнарок забіў бліжняга. Цяпер Пан Бог учыніў прыстанішча міласэрнасці ў Марыі нават для тых, хто дабравольна чыніць зло. Марыя дае прытулак і сілу грэшнікам».

Святы Антоній Падуанскі (1195–1231)

«Людзі так не палохаюцца магутнай варожай арміі, як сілы пекла палохаюцца імя і заступніцтва Марыі».

Святы Бонавэнтура (1217–1274)

«Як маракі кіруюцца ў порт па зоркавым святле, так і хрысціяне кіруюцца ў рай праз Марыю».

Святы Тамаш Аквінскі (1225–1274)

«Мы найбольш ушаноўваем Езуса, калі аддаем пашану Яго Маці, і мы ўшаноўваем Яе толькі дзеля таго, каб ушаноўваць Яго яшчэ дасканалей. Мы звяртаемся да Яе як да адзінага шляху, які вядзе да мэты, якой мы прагнем, — Езуса, Яе Сына. <…> Найбольшыя святыя, найбагацейшыя ў пабожнасці і цнотах — таксама самыя палымяныя ў малітве да Найсвяцейшай Дзевы, бо бачаць у Ёй дасканалы прыклад, які варта наследаваць, і магутную Памочніцу, якая іх падтрымлівае».

Святы Людовік Марыя дэ Манфор (1673–1716)

«Падумайце, што святыя рабілі дзеля бліжняга з любові да Бога. Але ж любоў якога святога да Бога можа параўнацца з любоўю Марыі? Яна любіла Яго з першай хвіліны жыцця больш, чым усе святыя і анёлы ў мінулым і ў будучыні. Калі б зямля і неба пагрузіліся ў гэтую любоў, яны адразу былі б паглынутыя. Палымянасць серафімаў у параўнанні з Ёю, як прахалодны ветрык. Як няма сярод святых таго, хто любіць Бога гэтак жа, як Марыя, няма і таго, апроч Бога, хто любіць нас гэтак жа моцна, як Яна, пяшчотная Маці. Больш за тое, калі б мы сабралі разам усю любоў, якую маці даюць сваім дзецям, усю любоў, якую даюць адно аднаму мужы і жонкі, усю любоў анёлаў і святых да тых, хто просіць у іх заступніцтва, усё гэта не параўналася б з любоўю Марыі нават да адной душы».

Святы Альфонс Марыя Лігуоры (1696–1787)

«Як радасна памятаць, што Марыя — наша Маці! Яна любіць нас і ведае нашую слабасць, дык чаго ж нам баяцца?»

Святая Тэрэза з Лізьё (1873–1897)

«Не бойцеся занадта моцна палюбіць Найсвяцейшую Дзеву. Немагчыма палюбіць Яе больш, чым любіў Езус. <…> Адна толькі Беззаганная атрымала ад Бога абяцанне перамогі над д’яблам. Яна шукае душаў, якія цалкам прысвецяць сябе Ёй, стануць у Яе руках магутнаю прыладаю, каб перамагчы д’ябла і пашыраць Божае Валадарства. <…> Той, хто не жадае мець Беззаганную Дзеву за Маці, не будзе мець Хрыста за свайго Брата».

Святы Максімільян Марыя Кольбэ (1894–1941)

«Заўсёды будзь блізкі да Нябеснай Маці, бо Яна — мора, якое трэба пераплысці, каб дасягнуць берагоў Вечнай Славы».

Святы айцец Піо (1887–1968)

«У дзяцінстве, ідучы па цёмнай вуліцы або чуючы, як сабакі на нас брэшуць, мы прыціскаліся бліжэй да маці. Цяпер, адчуваючы цялесныя спакусы, варта бегчы да Нябеснай Маці, усведамляючы, кім Яна з’яўляецца для нас, імкнучыся да Яе. Яна абароніць нас і правядзе да святла. <…> Дазвольце мне даць вам параду, якой варта трымацца штодня: калі ў сэрцы ўзнікнуць нізкія памкненні, павольна прамоўце, звяртаючыся да Беззаганнай Дзевы: “Узглянь на мяне са спачуваннем. Не пакідай мяне. Не пакідай мяне, мая Маці!” Райце гэтую малітву таксама іншым людзям».

Святы Хосэмарыя Эскрыва (1902–1975)

«Ад Марыі мы вучымся ва ўсім быць паслухмянымі Божай волі. Ад Марыі мы вучымся давяраць нават тады, калі, здаецца, ужо няма ніякай надзеі. Ад Марыі мы вучымся любіць Хрыста — Яе Сына і Божага Сына!»

Святы Ян Павел ІІ (1920–2005)


Падрыхтавала Юлія Шэдзько

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней