14 жніўня спаўняецца 80 гадоў з дня мучаніцкай смерці святога Максімільяна Марыі Кольбэ

Задоўга да сваёй смерці, калі памёр адзін з работнікаў у Непакалянаве, айцец Максімільян Кольбэ напісаў эпітафію, якая добра пасавала б яму самому: «Ён нічога пасля сябе не пакінуў, бо ўсё аддаў Беззаганнай Марыі».


Раймунд Кольбэ нарадзіўся 8 студзеня 1894 года ў Здуньскай Волі, у Польшчы. Яго бацькі, пабожныя католікі, жылі бедна і цяжка працавалі. Раймунд, калі быў дзіцем, так сваволіў, што маці неяк з адчаем спытала ў яго: «Што з цябе вырасце?» Хлопчык задаў сабе такое ж пытанне. Пайшоў у святыню, каб памаліцца, і спытаў пра гэта ў Маці Божай. Пазней ён распавядаў, што перажыў тады містычнае аб’яўленне. Раймунд убачыў Багародзіцу. Яна трымала ў руках дзве кароны: белую – сімвал чысціні, і чырвоную – сімвал пакутніцтва. Здавалася, Марыя задала пытанне: «Якую ты выбіраеш?» Раймунд, адчуваючы, як калоціцца сэрца, адказаў: «Выбіраю абедзве». Маці Божая ўсміхнулася, даючы яму зразумець, што Яна згодная з такім выбарам, і знікла.

Хоць у сям’і Кольбэ заўсёды не хапала грошай, глыбока веруючыя бацькі былі гатовыя на самыя вялікія ахвяры, каб дапамагчы свайму старэйшаму сыну Францішку пачаць вучобу ў семінарыі. Адной з такіх ахвяраў павінна было стаць тое, што Раймунд застанецца дома, каб дапамагаць бацьку і змяніць яго на працы. Але адзін аптэкар зразумеў, што мае справу з разумным хлопцам і стаў вучыць Раймунда. З часам хлопчык змог распачаць навучанне ў мясцовым тэхнікуме. А ў 1907 годзе ён далучыўся да свайго брата, які вучыўся ў сярэдняй школе ў Львове.

Марыяна Кольбэ, маці святога Максімільяна Кольбэ

Раймунд асабліва добра спраўляўся з матэматыкай і фізікай. Захапляўся астраноміяй і перспектывай палётаў у космас. Ён зрабіў шмат чарцяжоў ракетаў, а пазней, будучы студэнтам у Рыме, спраектаваў касмічны карабель і спрабаваў запатэнтаваць гэты праект. Хоць на парозе дваццатага стагоддзя толькі некаторыя сур’ёзна ставіліся да ідэі касмічных падарожжаў, сёння чарцяжы гэтага маладога семінарыста не ствараюць ўражання наіўных. Наадварот, яны  сведчаць аб дальнабачнасці.

Канвентуальныя францішкане адчынілі малую духоўную семінарыю ў Львове, і абодва браты Кольбэ сталі старацца, каб іх туды прынялі. І такім чынам, 4 верасня 1910 года Раймунд папоўніў шэрагі францішканаў, прыняўшы імя Максімільян.

У перыяд навіцыяту малады францішканін змагаўся са шматлікімі выпрабаваннямі і пэўны час нават думаў пра тое, каб вярнуцца дадому. Свет навукі ўсё больш прыцягваў яго, аддаляючы ад ідэалаў святарства. Але, нягледзячы на ​​тое, што ён ужо быў блізкі да адыходу з манаскай супольнасці, брат Максімільян зноў умацаваўся ў сваіх намерах і 5 верасня 1911 года склаў часовыя манаскія абяцанні. Духоўныя ўлады скіравалі брата Максімільяна на вучобу ў Рым. Там ён вельмі рана, у дваццаць адзін год, атрымаў ступень доктара філасофіі. Пазней атрымаў ступень і доктара тэалогіі.

У 1918 годзе брат Максімільян прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне. У айца Кольбэ не было ніякіх цяжкасцяў з тым, каб паставіць веру вышэй за розум. Пакінуўшы ранейшыя захапленні, ён развіваў у сабе цноту паслушэнства, верна выконваючы распараджэнні духоўных уладаў.

Неўзабаве пасля пасвячэння ён напісаў свайму малодшаму брату, таксама францішканіну:

«Найбольш небяспечным ядам нашага часу з'яўляецца абыякавасць. Яго ахвяраў мы можам знайсці не толькі сярод тых, хто жыве ў свеце, але і ў нашых шэрагах. І так адбываецца, хоць слава Пана нічым не павінна абмяжоўвацца... Таму будзем старацца праслаўляць Яго з усіх сілаў».

Ужо ў той час Максімільян Кольбэ бачыў сваёй місіяй барацьбу з абыякавасцю да рэлігіі. З гэтаю мэтаю ён стварыў Рыцарства Беззаганнай Панны. Айцец Максімільян пачуў калісьці гісторыю навяртання габрэйскага агностыка Альфонса Ратысбонскага і вырашыў, што калі Багародзіца Марыя дзеля пераканання Ратысбонскага выкарыстала цудатворны медалік, то гэты медалік таксама будзе выдатным інструментам і для навяртання іншых душаў.

Праграма Рыцарства была простаю. Мэтаю яго было навяртанне ўсіх душаў для Хрыста праз заступніцтва Марыі. Кожны з членаў Рыцарства асабіста давяраў сябе Беззаганнай і станавіўся Яе прыладаю. Рыцары Беззаганнай мелі абавязак працаваць для ратавання душаў, асабліва тады, калі гаворка ішла пра ворагаў Касцёла.

Усе члены супольнасці насілі цудатворныя медалікі і штодня паўтаралі выгравіраваную на іх простую малітву: «О Марыя, без граху першароднага зачатая, маліся за нас, хто ў Цябе паратунку шукае!», дапаўняючы яе словамі: «асабліва за ворагаў Касцёла і давераных Тваёй апецы». <...>

У 1920 годзе айцец Максімільян захварэў на сухоты і быў вымушаны два наступныя гады правесці ў санаторыі. Яму давялося адмовіцца ад сваёй актыўнасці, нават спыніць супрацоўніцтва з Рыцарствам. Нягледзячы на ​​тое, што яго мучылі духоўныя праблемы, айцец Максімільян сказаў наступнае:

«Беззаганная Дзева і далей будзе перамагаць д’ябла, а каб зрабіць гэтую перамогу яшчэ большаю, Яна ўключыць нас у сваё служэнне, нас, слабых, людзей невялікіх здольнасцяў». <...>

Напрыканцы свайго лячэння айцец Кольбэ вярнуўся ў Кракаў і зноў узяўся за працу, а заснаваны ім рух стаў набіраць сілу. Хутка аўдыторыі ўжо былі занадта цеснымі. Было відавочна, што трэба карыстацца друкаваным словам. У першым нумары «Рыцара Беззаганнай», які складаецца з шаснаццаці старонак, з’явілася і наступнае пасланне ад выдаўца: «З прычыны недахопу фінансавання мы не можам гарантаваць чытачам, што „Рыцар“ будзе выходзіць рэгулярна». Але дзякуючы ахвяраванням, якія паступілі якраз тады, калі выдавецтву пагражала банкруцтва, «Рыцар» працягваў выконваць сваю місію. Браты атрымалі кавалак зямлі, купілі друкарскія машыны. Так з’явіўся на свет новы горад, які стаў называцца Непакалянаў, — цэнтр апостальскай працы, скіраванай на распаўсюджанне хвалы Пана і Яго Беззаганнай Маці. Айцец Максімільян казаў пра гэта так: «Найлепшыя вынаходніцтвы павінны служыць больш за ўсё Ёй...» Супольнасць хутка развівалася. У 1938 годзе было ўжо 762 браты, большасць з якіх спецыялізавалася на розных стадыях паліграфічнага працэсу. Праз год «Рыцар» меў ужо мільён чытачоў і да яго дадаліся іншыя выданні.

У пачатку трыццатых гадоў айцец Максімільян вельмі шмат падарожнічаў, распаўсюджваючы гэтую форму апостальства. Ён пачаў з Японіі і некаторы час там працаваў. Яго асоба заўсёды прыцягвала да сябе перакладчыкаў, гатовых перакладаць тэксты на розныя мовы. Ён заўсёды раіў братам не глядзець на гэтае служэнне скрозь прызму перамогаў і прыбытку. Ён казаў: «Гнеў святога Францішка падзе на гэты горад, калі ён пажадае бяспекі на гэтым свеце. Нябесным благаслаўленнем у такім выпадку было б узарваць яго». Максімільян Кольбэ бачыў у сваёй працы вялікія магчымасці для збаўлення людзей. Ён настойваў, каб усе супрацоўнікі прытрымліваліся беднасці і цалкам аддавалі сябе справе.

У 1939 годзе айца Кольбэ адклікалі з Японіі, каб ён узначаліў правінцыйны капітул ў Польшчы. Яго абвясцілі настаяцелем Непакалянава, і там ён меў намер працягваць сваю працу. Але пачалася Другая сусветная вайна. Як толькі нямецкая армія стала займаць Польшчу, яго апостальства зрабілася мішэнню для непрыемных і моцных нападак. Айцец Кольбэ супакойваў сваіх братоў: «Праўдзівы Непакалянаў знаходзіцца ў вашых сэрцах».

Арыштаваны гестапа, у снежні 1939 года ён быў адпушчаны. У лютым 1941 года яго зноў затрымалі разам з чатырма іншымі святарамі і кінулі ў турму ў Варшаве. Там ён захварэў на запаленне лёгкіх і трапіў у шпіталь. 28 мая 1941 года айца Максімільяна і 320 іншых зняволеных перавезлі ў Асвенцым.

Спачатку айца Максімільяна паставілі на гаспадарчыя работы. А праз тры дні камендант лагера заявіў: «Духоўныя асобы ідуць за мною». Перадаючы некалькіх святароў свайму падначаленаму па прозвішчы Крот, камендант загадаў: «Забяры гэтых нікчэмных стварэнняў, гэтых паразітаў і пакажы ім, што такое праца». Праца гэтая заключалася ў дастаўцы жвіру на будаўніцтва сценаў крэматорыя. Са святарамі абыходзіліся з асаблівай жорсткасцю. Аднойчы айца Кольбэ збілі і кінулі паміраць, заваліўшы кучаю вецця. Але таварышы аднеслі яго ў лагер, дзе праз некаторы час да яго вярнуліся сілы.

Адзін са зняволеных, мастак па прозвішчы Касцельняк, распавядаў, які стан быў тады ў айца Максімільяна. У чэрвені айцец Кольбэ прамовіў адрасаванае адной групе зняволеных казанне, у якім заклікаў іх праявіць мужнасць. Казаў, што пакутамі Хрыстус рыхтуе іх да лепшага жыцця.

«Не, нашыя душы не заб’юць... Не здолеюць пазбавіць нас годнасці веруючых у Хрыста. Мы не паддамося. А калі памром, то памром чыстымі і спакойнымі, сэрцы нашыя аддаючы Богу», — казаў ён.

Айцец Кольбэ заўсёды падкрэсліваў, што ён католік. Таму пакутаў для яго не шкадавалі: яго збівалі, спускалі на яго сабак, пасылалі на самыя цяжкія працы, загадвалі насіць целы памерлых. Зусім стомлены, айцец Максімільян зноў захварэў на запаленне лёгкіх і трапіў у лагерны шпіталь. Па словах аднаго святара, які бачыў там айца Кольбэ, ён быў знясілены, але шаптаў: «Я гатовы перанесці яшчэ большыя пакуты дзеля Езуса Хрыста». Айцец Максімільян маліўся і размаўляў з усімі, хто прасіў яго аб дапамозе, слухаў споведзі, удзяляў кожнаму паміраючаму адпушчэнне грахоў.

Адзін пацыент таго шпіталю распавёў, што, як і некалькі іншых зняволеных, часам ноччу паўзком прабіраўся да ложка айца Максімільяна, каб паспавядацца і пачуць словы надзеі. Айцец Кольбэ шапнуў неяк: «Нянавісць не мае моцы ствараць. Нашыя пакуты неабходныя для таго, каб тыя, хто прыйдзе пасля нас, маглі жыць шчасліва». Ён прасіў зняволеных, каб прабачалі сваіх ворагаў і дабром перамагалі зло.

Урач-пратэстант, які займаўся пацыентамі з барака №12, засведчыў, што айцец Кольбэ заўсёды прасіў аб дапамозе ў апошнюю чаргу. Ён увесь час ахвяраваў сабою дзеля іншых. Гэты лекар прызнаўся: «Па маіх назіраннях... цноты гэтага Божага Слугі не былi плёнам хвілінных імпульсаў, як у большасці людзей. Іх крыніцаю была пастаянная практыка дабрачыннасці, глыбока ўкаранёная ў яго асобе. У Асвенцыме я не знайшоў ніводнага такога прыкладу любові да бліжняга».

Айцец Кольбэ паздаравеў, яго перавялі ў барак №14 і паставілі на работы ў агародзе. У адну ліпеньскую ноч у лагеры выявілі знікненне кагосьці з вязняў. Згодна з правіламі лагера, калі ўцекача немагчыма было злавіць, помстаю станавілася забойства дзесяці іншых вязняў. Увесь наступны дзень тыя, хто жыў у гэтым бараку, прастаялі пад пякучым сонцам. Да вячэрняй пераклічкі ўцекача не злавілі. Камендант Фрыцшэ прайшоўся ўздоўж шэрагу зняволеных, выбіраючы дзесяць ахвяраў. Узброеныя наглядчыкі, не звяртаючы ўвагі на крыкі, аддзялілі дзесяць чалавек ад групы. Адзін польскі салдат, сяржант Францішак Гаяўнічак, расплакаўся: «Што ж будзе з маёй сям’ёй?» Дзіўны эпізод, які адбыўся пасля, вядомы нам з аповеду некалькіх сведкаў.

Айцец Максімільян ціха выйшаў з шэрагу, зняў шапку і стаў перад камендантам. Фрыцшэ запытаўся: «Чаго хоча гэтая польская свіння?» Максімільян Кольбэ паказаў на сяржанта, асуджанага на смерць: «Я — каталіцкі святар з Польшчы. Я хацеў бы заняць яго месца, таму што ў яго ёсць жонка і дзеці».

Тыя, хто назіраў за гэтай сцэнай, з жахам думалі, што раззлаваны камендант не пагодзіцца на такое або нават загадае забіць іх абодвух. Фрыцшэ хвіліну маўчаў. Немагчыма сказаць, пра што ён думаў, бачачы перад сабою гэтага бясстрашнага святара. Самае дзіўнае, што ён задаволіў просьбу айца Максімільяна. Сяржант вярнуўся ў шэраг, а яго месца заняў святар.

Разам з дзевяццю іншымі вязнямі Максімільян Кольбэ ўвайшоў у бункер, дзе ім трэба было памерці ад голаду. Уваходзячы, усе яны павінны былі распрануцца дагала, слухаючы жорсткія насмешкі наглядчыка: «Выйдзеце адсюль, як ссохлыя цыбуліны цюльпанаў». З гэтага моманту ні адзін з гэтых няшчасных не атрымліваў ужо ні вады, ні ежы. Пісара — і заадно перакладчыка, — які працаваў у гэтым бункеры, гераізм айца Кольбэ настолькі ўразіў, што ён дакладна занатаваў яго апошнія дні — нашмат больш падрабязна, чым гэта ўваходзіла ў яго абавязкі.

Ахоўнікі штодня выносілі целы памерлых. Замест бясконцага плачу і галашэнняў, з бункера даносілася малітва, словы Ружанца, якія прамаўляў айцец Максімільян, а таксама гімны ў гонар Беззаганнай Марыі.

Калі ахоўнікі пакідалі свой пост, пісар заходзіў у бункер, каб пагаварыць з вязнямі і падбадзёрыць іх. Часам асуджаныя так засяроджваліся на малітве, што толькі крыкі нагадвалі ім аб вяртанні наглядчыкаў.

Некаторыя зняволеныя, прыніжаныя да ўзроўню жывёлаў, прасілі наглядчыкаў ежы або вады, стараліся быць каля дзвярэй камеры. Здаралася, што іх жорстка штурхалі нагамі, і яны паміралі ад гэтых удараў. Айцец Кольбэ ўвесь час захоўваў спакой, нічога не прасіў і не плакаў.

Ён суцяшаў іншых і надаваў ім адвагі. Ахоўнікі бачылі, як ён увесь час маліўся. Калі не мог гучна прамаўляць словы, то шаптаў. Яны былі ўражаны.

У канцы другога тыдня толькі чацвёра з дзесяці былі яшчэ жывыя. Трэба было вызваліць камеру, таму што на смерць ужо былі асуджаныя іншыя ахвяры, таму кат лагера ўвёў кожнаму з гэтай чацвёркі смяротную дозу карболавой кіслаты. Апошні зняволены, айцец Кольбэ, не перарываючы малітвы, працягнуў кату сваю руку. Было 14 жніўня, напярэдадні дня Унебаўзяцця Найсвяцейшай Багародзіцы. На наступны дзень парэшткі айца Максімільяна былі спаленыя ў крэматорыі.

Задоўга да сваёй смерці, калі памёр адзін з работнікаў у Непакалянаве, айцец Максімільян Кольбэ напісаў эпітафію, якая добра пасавала б яму самому: «Ён нічога пасля сябе не пакінуў, бо ўсё аддаў Беззаганнай Марыі».

Максімільян Кольбэ быў беатыфікаваны папам Паўлам VI 17 кастрычніка 1971 года. Праз няпоўныя адзінаццаць гадоў, 10 кастрычніка 1982 года, папа Ян Павел II кананізаваў айца Максімільяна як мучаніка.

З 1922 г. па 1927 г. святы Максімільян працаваў ў францішканскім касцёле ў Гродна. Пры кляштары францішканаў ён арганізаваў выдавецтва «Рыцара Беззаганнай». Сёння ў гродзенскім касцёле Маці Божай Анёльскай размешчана памятная табліца ў гонар айца Максімільяна Марыі Кольбэ.


Пераклад з рускай мовы паводле: «Вверяясь Христу. Жизнеописания некоторых святых». Гродненская епархия Римско-католической Церкви в Республике Беларусь.

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней