Колькі ж разоў мы чулі, як пілігрымка змяняе жыццё… Гэта можа быць пазнанне жывога Бога, выхад з крызісу веры, цудоўнае аздараўленне або выслуханыя малітвы. Вядома, усё гэта не заслуга дарогі. Гэтай дарогай проста ў пэўны перыяд нашага жыцця можа скарыстацца Бог. У Яго дзіўныя шляхі — мы гэта ведаем. І калі нас саміх можа напаткаць такі шлях, невядома.
Дзяўчына па імені Марыя таксама не магла ведаць, якія ласкі чакаюць яе наперадзе, а таксама нават не здагадвалася, што менавіта ў час яе найбольшага падзення ў грахах распусты Бог ужо спяшаўся ёй на дапамогу. Гаворка ідзе пра Марыю Егіпецкую, пустэльніцу, хрысціянскую святую V–VI стст., вядомую рэзкай зменай свайго жыцця пасля пілігрымкі ў Ерузалем.
Пілігрымка Марыі Егіпецкай была для яе спачатку звычайным падарожжам у Ерузалем разам з паломнікамі, якія накіроўваліся на свята Узвышэння Святога Крыжа. Марыя не мела нейкіх святых намераў, яна хацела ў гэтым падарожжы аддавацца распусце...
Будучая святая нарадзілася ў Егіпце ў V ст., але ўжо ў 12 гадоў пакінула бацькоў і адправілася ў Александрыю пазнаваць дарослае жыццё, марнае і разгульнае. Марыя аддавалася распусце не дзеля заробку, бо зарабляла прадзівам, а з-за таго, што лічыла наталенне сваіх цялесных жарсцяў натуральным. Быццам апанаваная прагай грашыць усё цяжэй і цяжэй, Марыя атрымлівала асалоду ад распусты настолькі, што жыла такім жыццём ажно да 29-ці гадоў, пакуль Божы Провід не скіраваў яе ў Ерузалем.
Згадзіцеся, даволі часта такое здараецца, калі чалавек выпраўляецца ў пілігрымку, не разумеючы яе сутнасці. Ён думае, што проста танней едзе ў Еўропу пад выглядам хрысціянскіх сустрэчаў, едзе на Святую Зямлю для «павышэння агульнай культуры», ідзе ў Будслаў «за кампанію».
А дзесьці глыбока знутры Бог ціхім шэптам кліча чалавека, запрашае яго выплысці на глыбіню і здабыць сэнс.
Пасля падарожжа на караблі Марыя апынулася ў Ерузалеме каля святыні Гробу Пана. Вядома, яна захацела зайсці туды разам з усімі, але нейкая невядомая сіла не дазволіла ёй гэтага зрабіць, быццам адкідваючы яе назад. Так паўтарылася некалькі разоў. І Марыя раптам зразумела сваё вялікае духоўнае падзенне і грэшную немач. Жанчына пачала маліцца перад іконаю Багародзіцы каля ўваходу ў святыню, і толькі пасля гэтага Марыя змагла зрабіць крок унутр і пакланіцца Святому Крыжу. Выйшаўшы са святыні, яна ўзнесла малітву падзякі Богу і Найсвяцейшай Багародзіцы. Гарачая сэрцам, рашучая, яна хацела змяніць сваё жыццё, заклікаючы: «Уладарка, скіруй мяне на шлях пакаяння!» І ціхі голас нібы здалёк сказаў ёй ісці за Ярдан, дзе яна здабудзе сапраўдны супакой. Прыступіўшы да святой Камуніі, Марыя пайшла ў пустыню за ракою Ярдан, дзе пражыла да канца свайго жыцця.
Сапраўдная пілігрымка да Дому Айца пачалася для яе менавіта ў пустыні, дзе першыя 17 гадоў Марыя Егіпецкая змагалася са сваімі жарсцямі — тугою па смачнай ежы, віну, цялесных уцехах. І магчыма, мы нічога б не ведалі пра гэтую святую, калі б у той пустыні не апынуўся манах Зосіма, які, сустрэўшы Марыю, пачуў ад яе аповед жыцця і запісаў яго, убачыў яе ўзнесенай па-над зямлёю падчас малітвы, бачыў, як яна ішла па водах Ярдана і, урэшце, пахаваў яе пасля смерці там, у пустыні, з дапамогаю ільва, які цудоўным чынам вырыў магілу для святой.
Такім чынам звычайная зямная пілігрымка на Святую Зямлю, якая была для Марыі пошукам новых сексуальных уцехаў, скіравала яе да сапраўднай жыццёвай пілігрымкі даўжынёю ў палову стагоддзя, вузкім і цярністым шляхам прывяла яе да Неба. Гэты пустынны шлях даў нам святую апякунку жанчынаў, якія згубілі цялесную і духоўную чысціню, але праз пакаянне імкнуцца зноў быць чыстымі перад Богам.
Марыя Егіпецкая заступаецца за людзей з праблемамі ў сексуальнай сферы.
Прыклад Марыі ўражвае… Сёння цяжка сабе ўявіць падобную сітуацыю, бо час пустэльніцтва даўно застаўся ў гісторыі. Але цярністай пілігрымкай пакаяння зусім неабавязкова ісці кудысьці далёка: гэта можа быць нашае звычайнае жыццё, у якім мы штодня змагаемся з самімі сабою. А можа, зусім блізка ёсць людзі, якіх трэба запрасіць у пілігрымку, нават «за кампанію», каб вырваць іх з безвыходнага кругавароту. Магчыма, звычайнае падарожжа стане для іх пачаткам пілігрымкі праз усё жыццё?
Вольга Адамовіч