Сярод розных Марыйных аб’яўленняў мяне асаблівым чынам прыцягвае сёння адно не вельмі вядомае: амаль трохгадзіннае аб’яўленне ў французскай вёсцы Понтмэн (Pontmain) 17 студзеня 1871 года...
У той час Францыя ваявала з Прусіяй, і прускія войскі былі ўжо за 30 кіламетраў ад вёскі, наводзячы жах на жыхароў. Хлопчыкі 10-ці і 12-ці гадоў штодня маліліся за свайго старэйшага брата, якому давялося пайсці на вайну. Дапамагаючы бацьку па гаспадарцы, яны ўбачылі ў небе над сваім домам постаць маладой прыгожай Жанчыны ў цёмна-блакітнай сукенцы, на якой паблісквалі зоркі, з чорным вэлюмам на галаве ў залатой кароне. Прыгожая Пані глядзела на дзяцей і ўсміхалася ім. Бацькі нічога не бачылі і не верылі сынам, але дзве дзяўчынкі з тых, якія прыбеглі са школы, убачылі тое самае. Заахвочаныя мясцовым пробашчам, дарослыя і дзеці пачалі маліцца і спяваць Марыйныя гімны. Нейкі час Марыя выглядала сумнаю, у Яе руках з’явіўся чырвоны крыж, але потым Яна зноў пачала ўсміхацца. Пад нагамі літара за літараю з’явіўся залаты надпіс: «Але маліцеся, дзеці Мае!», «Бог вас хутка пачуе», «Мой Сын дазволіць крануць сябе». І паступова Яна знікла з вачэй. На наступны дзень прускія войскі пакінулі ваколіцы вёскі, а праз месяц варожыя бакі заключылі перамір’е. У Понтмэне была ўзведзена базыліка ў гонар Марыі Каралевы Надзеі.
Большую частку аб’яўлення, каля дзвюх з паловай гадзінаў, Марыя заставалася нерухомай і толькі ўсміхалася дзецям сярод вайны, цяжкіх прадчуванняў і страху, які, напэўна, вісеў у паветры і які так лёгка зразумець кожнаму, хто зведаў штосьці падобнае, калі дзень за днём слабее надзея і круцяцца ў размовах адны і тыя ж трывогі. Калі паспрабаваць знайсці сваё месца пад тым зорным студзеньскім небам, з якога глядзіць з усмешкаю Каралева Надзеі, то што было б адказам сэрца на Яе прысутнасць? Збянтэжанасць, словы малітвы, паўтарэнне просьбаў ці проста прабыванне ў Яе любові, як у матчыных абдымках?..

Прыходзяць на думку і іншыя згадкі пра ўсмешку Найсвяцейшай Панны: напрыклад, радкі з верша сястры Нуллы (S. Nulla FSK) «Адведзіны», прысвечанага Маці Божай Вастрабрамскай:
А ўсмешка Твая міласэрная
Спавівае мяккай павязкай хворыя душы.
У сваёй «Гісторыі адной душы» святая Тэрэза ад Дзіцяткі Езуса ўспамінае, як у 10-гадовым узросце яна сур’ёзна захварэла і згасала на вачах сваіх блізкіх, але падчас малітвы на кароткае імгненне ўбачыла, як Маці Божая ўсміхнулася ёй. Гэтая ўсмешка, якая «прайшла ў душу да самай глыбіні», прынесла поўнае аздараўленне і вялікую радасць. Калі б сястра не распытвала яе так настойліва, то яна пакінула б гэты досвед у таямніцы, як каштоўны дар. Несумненна, і сярод нас ёсць нямала сведкаў, якія захоўваюць у сэрцы ласкі, атрыманыя праз заступніцтва Маці Божай Будслаўскай, якая кожнага вітае ўсмешкай.
Немагчыма падлічыць, колькі нашых просьбаў, малітваў аб дапамозе выкліканы страхам, таму для іх сама ўсмешка Марыі з’яўляецца ацаленнем, «мяккай павязкай» на глыбокіх ранах, а таксама заклікам смела аддаваць Ёй усе свае перажыванні і трывогі, распавесці не толькі аб крыўдах, але і аб сваіх памылках, сваім сораме за ўдзел у зле і, магчыма, аб знячуленасці, бяссіллі, зняверанасці, за якімі мы спрабуем схавацца ад болю. І як жа добра Яна зразумее нас...
Адной з даўніх традыцый Вялікага посту з’яўляюцца Песні жальбы, у якіх мы спачуваем цярпенням Маці Божай, спрабуючы духоўна падзяліць Яе смутак. Гэтак жа не чужы нам і досвед Яе дабрыні, ласкавасці, дапамогі. Аднак, калі ён жывы, калі мы не стамляемся з удзячнасцю вяртацца да яго і бачыць Яе ўсмешку ў сваім жыцці, то адчуем і запрашэнне несці яе ў свет, вітаць іншых і слухаць гэтак, як Яна, малітоўна і дзейсна заступацца за Яе дзяцей, падтрымліваць надзею сярод цемры. Няпростае заданне, але, на нашае шчасце, ужо апярэджанае любоўю Бога, які даў нам Марыю за Маці.
Тэрэса Клімовіч
Пра аб’яўленне Маці Божай у Понтмане больш падрабязна гл.: kultmaryjny.pl