Святы Юда Тадэвуш — заступнік у складаных і безнадзейных справах

Святы Юда Тадэвуш з’яўляецца апекуном людзей, якія знаходзяцца ў цяжкіх і безвыходных сітуацыях. Таму той, хто з вераю моліцца да святога, абавязкова атрымае ў яго дапамогу. І нават калі не здабудзе таго, аб чым просіць, будзе ўзмоцнены Божаю ласкаю, каб несці свой крыж да канца.


Апостал Юда Тадэвуш з’яўляецца апекуном хворых і работнікаў службы аховы здароўя. Ён чувае над паспяховасцю аперацый, спрыяе правільнай дыягностыцы. Святы заступаецца за людзей прафесій з высокай ступенню рызыкі, падтрымлівае ў  небяспечных сітуацыях пажарных, міліцыянераў. Апостал з’яўляецца таксама заступнікам сужэнскага жыцця. Да яго ўзносяць малітвы аб аздараўленні адносінаў з блізкаю асобаю, аб дапамозе сужэнствам у пагрозе разводу.

Адзін з найменш вядомых вучняў Хрыста

Інфармацыі аб жыцці Юды Тадэвуша не надта шмат. Вядома, што ён нарадзіўся ў габрэйскай сям’і ў Галілеі, рос у той самай мясцовасці, дзе і Хрыстус. Яго бацька, Клеоп, быў братам св. Юзафа, цесляра і апекуна Езуса. Маці, Марыя Клеопава, – сваячкай Марыі. 

Юда Тадэвуш належаў да кола дванаццаці Апосталаў. Падчас Апошняй Вячэры менавіта ён запытаўся ў Езуса: «Пане, як сталася, што Ты хочаш аб’явіцца нам, а не свету?» (Ян 14, 22). Быў таксама на малітве разам з дзесяццю Апосталамі, Марыяй, вучнямі і сваякамі Езуса, чакаючы спаслання Святога Духа (гл. Дз 1, 13).

Далейшы лёс Юды Тадэвуша дакладна не вядомы. Існуюць значныя адрозненні ў захаваных пераказах. Яны датычаць месцаў, у якіх Апостал прабываў, і заканчэння яго зямнога жыцця. Сярод тэрыторый яго евангелізацыйнай дзейнасці называюць Палестыну, Сірыю, Месапатамію, Персію, Арменію, Аравію, Егіпет і Лівію. Паводле адных крыніцаў, ён памёр натуральнай смерцю, а паводле іншых – мучаніцкай (быў распяты, распілаваны ці закатаваны палкаю).

Чаму мы можам навучыцца ў св. Юды Тадэвуша?

Апостал з’яўляецца для нас прыкладам сапраўднага вучня Хрыста. Ён цалкам даверыўся Езусу, пайшоўшы за Ім. Увесь час быў побач са Збаўцам, адкрываючы сваё сэрца на Яго словы і моц. А потым стаў Апосталам, які нясе Добрую Навіну і ласку збаўлення людзям. Рабіў гэта мужна і старанна, з вераю ў Божую дапамогу, ва ўсім праслаўляючы Усемагутнага.

Цікава!

Сярод Апосталаў двое мужчынаў мелі імя Юда: Юда Тадэвуш і Юда Іскарыёт. Прозвішча Тадэвуш азначае «адважны» (ад арам. «tadda»). Імя Юда – «годны пашаны» (ад іўр. «jada» – хваліць, дзякаваць).

З вуснаў святога

Апостал Юда Тадэвуш пакінуў пасля сябе ліст, які ўваходзіць у склад Новага Запавету Бібліі, дзе перасцерагаў ад фальшывых настаўнікаў і заклікаў вернікаў да малітвы і міласэрнасці. «Але вы, умілаваныя, будуйцеся на найсвяцейшай веры вашай і маліцеся ў Духу Святым. Захоўвайце сябе ў любові Божай і чакайце міласэрнасці нашага Пана Езуса Хрыста дзеля жыцця вечнага.» (Юд 1, 20–21).

Літургічны ўспамін

Касцёл ушаноўвае памяць св. Юды Тадэвуша 28 кастрычніка. У гэты дзень вернікі, якія памоляцца каля яго рэліквій у базыліцы св. Пятра ў Рыме, могуць атрымаць поўны адпуст (зацверджаны папам Паўлам ІІІ у 1548 годзе).

Кс. Юрый Марціновіч,
slowo.grodnensis.by

Літанія да св. Юды Тадэвуша, Апостала

Кірые, элейсон,
— Хрыстэ, элейсон, Кірые, элейсон.
Хрыстэ, пачуй нас,
— Хрыстэ, выслухай нас.

Ойча з неба, Божа, — змілуйся над намі.
Сыне, Адкупіцель свету, Божа,
Духу Святы, Божа,
Святая Тройца, адзіны Божа,
— змілуйся над намі. 

Святая Марыя, — маліся за нас.
Святая Багародзіца,
Каралева Апосталаў,
Святы Юда Тадэвуш,
Святы Юда, слаўны Апостал,
Святы Юда, адданы веравызнаўца,
Святы Юда, сапраўдны сябар Хрыста,
Святы Юда,верны слуга Божы,
Святы Юда, пакліканы абвяшчаць Евангелле,
Святы Юда, нястомны прапаведнік Божага слова,
Святы Юда, які абуджаў у людскіх душах любоў да Бога,
Святы Юда, які смела выступаў у абарону веры,
Святы Юда, прыклад хрысціянскага жыцця,
Святы Юда, які цярпеў пераслед дзеля святой веры,
Святы Юда, які крывёю сваёй сцвярджаў святую веру,
Святы Юда, асаблівы апякуне ў складаных і безнадзейных спрвах,
Святы Юда, магутны заступнік, — маліся за нас. 

Каб мы з грахоў нашых паўсталі, — маліся за нас.
Каб мы шчыра за грахі шкадавалі,
Каб мы Богу аддана служылі,
Каб мы ў цнотах узрасталі,
Кабы мы ў еднасці і згодзе жылі,
Каб мы ў веры непахісна трывалі,
Каб мы адчаю ніколі не паддаваліся,
Каб мы ў роспач ніколі не ўпадалі,
Каб мы заблукаўшых на шлях праўды прывялі,
Каб мы самі ад еднасці з каталіцкім Касцёлам не адышлі,
Каб мы ад усялякай духоўнай небяспекі былі вызваленыя,
Кабы мы пасля нашага зямнога жыцця з табой паядналіся, — маліся за нас.

Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету, — даруй нам, Пане.
Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету, — выслухай нас, Пане.
Баранку Божы, які бярэш на сябе грахі свету, — змілуйся над намі.

Хрыстэ, пачуй нас, Хрыстэ, выслухай нас!
Кірые, элейсон, Хрыстэ, элейсон, Кірые, элейсон! 

Молімся. Божа, які праз святога Юду Апостала меў ласку давесці нас да пазнання Імені свайго, учыні, просім Цябе, каб мы, аддаючы яму належную пашану, усё больш узрасталі ў цнотах. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

 

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней