
25 студзеня — дзень Навяртання св. Паўла. Прапануем урывак з кнігі кс. Мечыслава Малінскага «Верыць у Хрыста», у якім ідзе гаворка аб навяртанні і дзейнасці Апостала.
Святы Павел, які пераследаваў першых хрысціянаў і які пасля навяртання стаў самаахвярным вызнаўцам хрысціянскай веры. Той, хто так моцна паверыў у Хрыста, што прыняў за Яго пакутніцкую смерць. Ён быў сучаснікам Езуса з Назарэту, але не сустракаўся з Ім у Яго зямным жыцці. Ён сустрэў Яго пасля Кальварыі. І гэтай сустрэчы было дастаткова, каб пераследавацель хрысціянаў Саўл стаў хрысціянскім Апосталам Паўлам. З аднае гэтае прычыны хрысціянам усіх пакаленняў і народаў вучыцца і вучыцца ў яго — як верыць у Хрыста, любіць Хрыста, жыць у Хрысце.
Кажуць, ён быў маленькага росту, крываногі, вакол яго лысіны віліся чорныя кучаравыя валасы, ён меў густую бараду, крывы нос і быў цудоўным прамоўцам. Сіла ўздзеяння ягоных прамоваў была настолькі вялікаю, наколькі вялікаю была ягоная непрывабнасць, а ягоная знешнасць сапраўды адштурхоўвала.
Юдэй, народжаны ў Тарсе, у Малой Азіі, ён прызнаваў грэка-рымскую культуру, але адначасна быў фанатычным прыхільнікам юдэйскіх традыцый. Ён прыехаў у Ерузалем паглыбіць свае рэлігійныя веды. Хоць ягоным настаўнікам быў Гамалель, мудры і памяркоўны рабі, ён усё ж трапіў пад уплыў групы фанатыкаў-фарысеяў. Разам з імі не мог зносіць рыбакоў, якія паўсюль распавядалі пра свайго Настаўніка. Яго да шаленства даводзіла тое, што яны супрацьпаставілі сябе забароне сінагогі навучаць у святыні. I Яго злавала ўжо адно параўнанне кніжнікаў, да якіх ён залічаў і сябе, з гэтымі прастакамі. Ён прысутнічаў пры каменаванні Стэфана. Але разумеў, што недастаткова выгнаць гэтую секту з Ерузалему, і таму ўзяў на сябе адказнасць і знішчыць вызнаўцаў Хрысга ва ўсёй краіне. Дадзім слова св. Луку, вучню св. Паўла, які піша ў Дзеях Апостальскіх: «Саўл усё яшчэ жыў пагрозамі і забойствамі вучняў Пана. Ён прыйшоў да першасвятара і папрасіў у яго лісты да сінагогаў у Дамаску, каб, калі знойдзе якіх-небудзь прыхільнікаў гэтага шляху, мужчын ці жанчын, мог звязаць іх і прывесці ў Ерузалем. Калі падчас падарожжа ён набліжаўся да Дамаска, раптам святло з неба асвятліла яго. Ён упаў на зямлю і пачуў голас, які казаў яму: „Саўле, Саўле, чаму ты пераследуеш Мяне?“ Ён жа сказаў: „Хто Ты, Пане?“ А той адказаў: „Я Езус, Якога ты пераследуеш“» (Дз 9, 1–5).
Звычайна гэты факт мы называем навяртаннем св. Паўла. Але слова «навяртанне» варта разумець шырэй. Гэта не было хрышчэннем Саўла. Гэта было прасвятленне. Дар веры ў Хрыста. Павел прыняў Боскае Адкрыццё. Атрыманая Ісціна з’явілася для яго крыніцай, з якой ён будзе чэрпаць сілы на працягу ўсяго свайго надзвычай цяжкога і поўнага новых праблемаў місіянерскага жыцця. Гэтае Адкрыццё паставіла яго ў адзін рад з Апосталамі — з тымі, «якія ўбачылі Пана ў целе», бо ён таксама ўбачыў, але не «ў целее».
Ён не шукае сустрэчаў з Апосталамі, не спрабуе паглыбіць свае веды з іх дапамогай, але адразу пачынае прапаведаваць навуку Хрыста. I робіць гэта гэтак жа шчыра, як раней змагаўся з ёю. У Дамаску, у сінагозе, ён прамаўляе і робіць ашаламляльнае ўражанне. Ён адразу знайшоў новых сяброў, але тут жа займеў і заклятых ворагаў. Ворагі разумеюць, які грозны праціўнік з’явіўся ў іх і таму вырашаюць яго забіць. Дамаск быў акружаны высокімі сценамі, а вароты на ноч зачыняліся. У апошнюю хвіліну сябры спусцілі Паўла ў корабе, і яму пашчасціла збегчы з горада...
3 гэтага моманту і да самай смерці ў яго ўжо нё было пастаяннага месца жыхарства: пачаліся ягоныя бадзянні з горада ў горад.
Ён заўсёды пачынаў з казання ў сінагозе (калі ўдавалася атрымаць дазвол). Вельмі цаніў сяброўства, клопат аб звычайных чалавечых праблемах. Ніколі не выкарыстоўваў свайго апостальскага аўтарытэту дзеля ўласных выгодаў: на жыццё зарабляў ткацтвам, рабіў палотны для шатроў. Павел быў вельмі ўважлівы да людзей. Калі сам не мог прыйсці на дапамогу, то пісаў Пасланні. Яны даюць нам магчымасць лепей пазнаць яго: ягоную дабрыню, глыбокую веру, гарачую любоў, якія так прыцягвалі да яго людзей. Вось, да прыкладу, фрагмент з Першага паслання да Карынцянаў: «Калі я гавару мовамі людзей і анёлаў, а любові не маю, я — як медзь звонкая або гулкія цымбалы. Калі маю дар прароцтва і спазнаў усе таямніцы, і маю ўсякія веды і паўнату веры, каб перастаўляць горы, а любові не маю, то я — нішто. Калі раздам усю маёмасць сваю і аддам цела сваё на спаленне, а любові не маю, няма мне з гэтага ніякай карысці. Любоў доўгацярплівая, любоў ласкавая, не зайздросціць, любоў не пыхлівая, не ганарыцца, не бессаромная, не шукае свайго, не гневаецца, не памятае зла, не радуецца несправядлівасці, але радуецца разам з праўдай. Усё зносіць, усяму верыць, на ўсё спадзяецца, усё церпіць» (1 Кар 13, 1–7).
Колькасьць ягоных сяброў, людзей, якія паверылі ў ягоную навуку, павялічвалася. Гэта выклікала нянавісць да яго габрэйскіх старэйшын: ад абшчыны да абшчыны распаўсюджвалася папярэджанне не ўпушчаць яго ў сінагогі, не даваць яму магчымасці сустракацца з прававернымі юдэямі, пераследаваць яго як толькі магчыма.
У гэты перыяд Апосталы даручаюць Варнаве і Паўлу наведаць абшчыну ў Антыёхіі. Там утварылася моцная група вернікаў, якая складалася амаль выключна з паганаў. Павел выпраўляецца туды і бачыць цалкам новую з’яву: пагане паверылі ў Хрыста! Стары Запавет для гэтых людзей быў адно што фонам, ды і то вельмі аддаленым, а юдэйскія правілы зусім чужыя.
Многія з ерузалемскай абшчыны былі незадаволеныя гэтым. Трэба было вырашыць: ці варта гэтых вернікаў прымушаць выконваць усе старазапаветныя правілы — ад абразання да ахвярапрынашэння ў святыні. Так адбывалася не толькі ў Антыёхіі. Колькасць нованавернутых паганаў пастаянна расла. I гэта, як мы цяпер бачым, складала будучыню Касцёла.
Але тады вырашыць гэтую праблему было зусім нялёгка. Нельга было прыняць рашэння без папярэдняга адказу на такія пытанні: кім быў Хрыстус, якая Ягоная мэта прыходу на свет, у чым сэнс Ягоных пакутаў і смерці, чым з’яўляецца гэтая новая супольнасць тых, што верылі ў Яго. Павел не толькі яскрава выказаўся аб тым, што старазапаветныя правілы ўжо не абавязковыя ні для паганаў, якія паверылі ў Хрыста і прынялі Хрост, ні для юдэяў, але і назваў прычыну гэтага. Ні на кроплю не парываючы сувязі са Старым, ён паказаў тое Новае, што з’явілася, дзякуючы Езусу Хрысту. Ён паказаў, што сувязь, якою Бог з’яднаў сябе з чалавецтвам, існуе як і раней, толькі цяпер яна набыла новае значэнне. Месца ранейшых ахвяраў заняла Новая Ахвяра, месца Старога Запавету — Новы, месца Ізраіля — Касцёл. Касцёл жа як бы з’яўляецца целам Хрыстовым, а сам Ён — яго Галавою.
Гэта ўсяго толькі некалькі думак з навукі св. Паўла. А тое, што ён гэтак вучыў, мы ведаем з ягоных Пасланняў, якія ён пісаў туды, куды сам не мог дабрацца. Толькі не варта адасабляць ягоную навуку ад светаўспрыняцця іншых Апосталаў. Дух быў адзін. I калі св. Павел выказаў свой погляд Апосталам, то яны на чале з Пятром цалкам прынялі яе.
Аднак ягоныя погляды сустрэлі рэзкае супраціўленне з боку тых навернутых у хрысціянства габрэяў, якія фанатычна прытрымліваліся старазапаветных традыцый і з усяе сілы імкнуліся навязаць іх усім вернікам. Яны чарнілі Паўла, сцвярджаючы, што ён змяняе вучэнне Хрыста, абвяшчае штосьці зусім іншае, чымсьці астатнія Апосталы, і што, нарэшце, ён незаконна прысвоіў сабе тытул Апостала.
Сітуацыя была вельмі напружанай. Павел вырашыў пацвердзіць свой пункт гледжання думкамі іншых Апосталаў. Адбылася вядомая сустрэча ў Ерузалеме, на якой апошняе слова было за св. Пятром. Вось фрагмент апісання гэтай сустрэчы, перададзенай св. Лукою, якая апісана ў Дзеях Апосталаў. «Тады ўсталі некаторыя з кола фарысеяў, якія паверылі, і сказалі: „Трэба абрэзаць іх і загадаць ім, каб яны захоўвалі Закон Майсея!“ Тады сабраліся Апосталы і старэйшыны, каб вырашыць гэтую справу. Калі паўстала вялікая спрэчка, Пётр устаў і сказаў ім: „Браты, вы ведаеце, што з даўніх дзён Бог выбраў мяне сярод вас, каб язычнікі з маіх вуснаў пачулі слова Евангелля і паверылі. Бог, які ведае сэрцы, засведчыў перад імі, даўшы ім, як і нам, Духа Святога. Ён не зрабіў ніякай розніцы паміж намі ды імі і праз веру ачысціў іхнія сэрцы. Навошта ж цяпер выпрабоўваеце Бога, ускладаючы вучням на шыю ярмо, якое не маглі несці ні айцы нашыя, ні мы? Але мы верым, што ласкаю Пана Езуса м ыбудзем збаўленыя таксама, як і яны“» (Дз, 15, 5–11).
Здавалася, усе сумненні знішчаны і спрэчкі аціхлі. Аднак ужо тое, шго хрысціяне з юдэяў як і раней прытрымліваліся старазапаветных традыцый, таіла ў сабе небяспеку, якая ў будучым магла выклікаць сур’ёзныя трагічныя вынікі, прывесці да падзелу хрысціян на «лепшых» — з юдэяў, і на горшых — з паганаў. Ніякія забароны не маглі папярэдзіць гэты раскол. Патрэбна была новая атмасфера. I адбылося наступнае. Пётр прыбыў у Антыёхію ў абшчыну хрысціян — былых паганаў — напачатку трымаўся з імі зусім вольна: разам еў з імі тое ж, што і яны, гэтаксама, як і яны, аднак, потым... Але дадзім слова св. Паўлу, які так апісвае тое, што адбылося, у Пасланні да Галатаў: «Калі Кефас прыбыў у Антыёхію, дык я адкрыта выказаў яму сваю нязгоду, таму што ён заслугоўваў дакору. Бо перш, чым некаторыя прыбылі ад Якуба, ён еў разам з язычнікамі. Калі ж тыя з’явіліся, пачаў аддаляцца і адасабляцца, баючыся абрэзаных. І крывадушнічалі разам з ім таксама іншыя юдэі, так што нават Барнабу звяла іхняя крывадушнасць. Але, убачыўшы, што яны збочылі са шляху евангельскай праўды, я сказаў Кефасу перад усімі: „Калі ты, будучы юдэем, жывеш па-язычніцку, а не па-юдэйску, то чаму прымушаеш язычнікаў жыць па-юдэйску?“» (Гал 2, 11–14).
Нягледаячы на ўсё, што Павел сказаў і зрабіў, ён не пераставаў лічыць сябе часткаю юдэйскага народа. Ён адчуваў сябе адказным за навяртанне ў веру свайго народа. Каб даказаць многім сваім ворагам, што ён не грэбуе старазапаветнай рэлігіяй, ён паехаў у Ерузалем. Там ён удзельнічаў у абрадах і малебнах нароўні з другімі. Праз некалькі дзён адзін з ягоных былых прыяцеляў пазнаў яго і паведаміў пра гэта астатнім. Яны вырашылі скарыстаць момант і забіць яго. Распусцілі плёткі, што Павел зняважыў святое месца, дазволіўшы ўвайсці туды паганам. Раз’ятраны натоўп кінуўся яго забіць. Гэтага не здарылася толькі таму, што кожны прагнуў зрабіць гэта ўласнаручна. Пачуўшы сігнал трывогі, воіны з бліжэйшай крэпасьці — Антоніі — вырвалі яго з рук раз’ятраных юдэяў. Уначы, пад узмоцненай аховай яго адправілі ў Кесарыю (40 юдэяў пакляліся не піць і не есці, пакуль не заб’юць яго).
Так пачаўся самы цяжкі перыяд у жыцці Апостала — зняволенне. Ён, які так імкнуўся прапаведваць веру ў Хрыста, на цэлыя два гады быў пасаджаны ў цэзарэйскую турму, і толькі час ад часу мясцовы начальнік Фэлікс выклікаў яго на допыты з адзінаю мэтаю: змусіць Паўла даць хабар за вызваленне.
Фэлікса змяніў новы намеснік — Фэст, які згадзіўся выдаць зняволенага юдэям для суда ў Ерузалеме. Юдэі планавалі напад на той час, калі Паўла будуць везці ў Ерузалем. Павел, папярэджаны аб гэтым, запатрабаваў, каб судовы працэс адбыўся ў Рыме — як рымскі грамадзянін ён меў на гэта права.
Пасля было падарожжа на караблі і бура. Карабель пацярпеў крушэнне каля берагоў Мальты. I, нарэшце, Рым. I зноў два гады безнадзейнага чакання імператарскага суду, які меўся быць у прысутнасці імператара. У гэты час самага цяжкага жыццёвага выпрабавання праяўляецца ўся веліч Паўла. Вось фрагмент з ягонага Паслання да Эфесцаў, напісанага ў вязніцы: «Таму прашу, не падайце духам з прычыны майго ўціску за вас, бо гэта вашая хвала. Таму я схіляю калені мае перад Айцом, ад якога бярэ сваю назву кожны род на нябёсах і на зямлі, каб Ён вам даў, паводле багацця славы сваёй, умацаваць сілы Ягоным Духам дзеля духоўнага чалавека, каб праз веру Хрыстус пасяліўся ў вашых сэрцах, каб вы, укараніўшыся і ўмацаваўшыся ў любові, змаглі зразумець з усімі святымі, чым ёсць шырыня і даўжыня, і вышыня, і глыбіня, і спазнаць любоў Хрыста, якая перавышае ўсялякае разуменне, каб вы напоўніліся ўсёй Божай паўнатою» (Эф 3, 13–19).
Затым, відаць, быў суд у прысутнасці імператара і вызваленне. Пасля — мабыць, місіянерская дзейнасць на Усходзе, а магчыма, місіянерскае падарожжа ў Іспанію. Потым — вяртанне ў Рым. Арышт. Пакутніцкая смерць у часы праўлення Нерона. Незадоўга да смерці ён піша свайму сябру Цімафею: «У добрай барацьбе я змагаўся, бег скончыў, веру захаваў. Нарэшце рыхтуецца мне вянок справядлівасці, які ў той дзень дасць мне Пан, справядлівы Суддзя. І не толькі мне, але ўсім, хто палюбіў Яго аб’яўленне» (2 Цім 4, 7–8).
Пераклад І. Студзеньскай.