У кароткіх нататках пра святых, сабраных у кнізе «Пяцьдзясят памочнікаў у нягодах», Анзэльм Грун хацеў данесці, што мы не павінны адчуваць сябе самотнымі ў нашых нягодах. Той, хто ўважліва разглядае сцены ў старых святынях, можа ўсвядоміць, што святыя сапраўды знаходзяцца вакол нас. Святыя могуць расплюшчыць нам вочы, і мы будзем ведаць, як падтрымаць і абараніць сябе ў сваім жыцці, і ва ўсіх нашых нягодах будзем глыбока верыць ў дапамогу Найвышэйшага.
У Танзаніі, дзе працуюць святары з нашага ордэну, калі адзначаецца ўспамін св. Блажэя і веруючым удзяляецца асаблівае благаслаўленне, касцёл перапоўнены хрысціянамі. Але таксама шмат мусульманаў прыходзяць у гэты дзень, 3 лютага, у каталіцкі касцёл. Відавочна, што людзі шукаюць Божага благаслаўлення менавіта тады, калі ім пагражае хвароба. Благаслаўленне св. Блажэя адносіцца да горла і звязаных з ім немачаў. Горла — напэўна, адна з самых успрымальных частак чалавечага цела. Нават калі паназіраць за нашым маўленнем, можна заўважыць гэту псіхасаматычную сувязь. Даволі часта нам холадна, бо не хапае адчування цеплыні і любові. Альбо страх сціскае наша горла. Мы ледзьве можам гаварыць. Іншым разам гавораць, што нехта ўсё праглынуў. Або мы кажам, што ў горле сядзіць ком ад страху, ад суму, ад злосці і перашкаджае вольна дыхаць. З усімі гэтымі праблемамі мы ідзем да Бога, каб ва ўспамін св. Блажэя атрымаць надзею, што Бог клапоціцца не толькі пра нашую душу, але і таксама пра нашае цела, што Ён выводзіць нас на прастору, дзе мы адважваемся вольна дыхаць.
Св. Блажэй, якога з даўніх часоў шануюць як аднаго з чатырнаццаці святых памочнікаў (хрысціянскія мучанікі II–IV стст., ушанаванне якіх асабліва распаўсюдзілася на тэрыторыі Германіі), быў біскупам Себасты на тэрыторыі Арменіі (маецца на ўвазе гістарычная вобласць Малая Арменія ў вярхоўях ракі Еўфрат; Себаста — сучасны горад Сівас у Турцыі). Яго імя — гэта скажоны варыянт грэцкага слова «басілеўс», што азначае «цар». Паводле легенды, св. Блажэй быў чалавекам ад Бога. Ён быў урачом, які аднолькава ставіўся да лячэння бедных і багатых, хрысціянаў і язычнікаў. Маладая хрысціянская супольнаць выбрала яго біскупам. Падчас пераследу хрысціянаў св. Блажэй хаваўся ў пячоры, мірна жывучы там сярод звяроў і лечачы іх, калі яны хварэлі. За гэта птушкі прыносілі яму неабходную ежу. Калі губернатар праводзіў вялікае паляванне, пераследуючы звяроў, ён натрапіў на месца, дзе ўсе яны знайшлі сховішча, — пячору Блажэя. Святы быў кінуты ў засценак. Цяпер хрысціяне прыносілі сваіх хворых пад вакно турмы, просячы яго дапамогі. Сярод іх — маці, якая прыносіць да св. Блажэя свайго сына: ён падавіўся рыбнай косткай і мог памер-ці ад удушша. Св. Блажэй вызваляе яго ад косткі. Губернатар вырашае ўкінуць св. Блажэя ў сажалку, але святы робіць над ёй знак крыжа, і ў той жа момант яна высыхае. Нарэшце яму адсякаюць галаву. Але яшчэ перад сваёй смерцю, як кажа легенда, ён моліцца, каб усе, хто церпіць ад хваробаў горла, калі папросяць у яго імя аб здароўі, былі выслуханыя.
Сёння св. Блажэй можа дапамагчы справіцца з той бядой, якой з’яўляецца страх. Страх скоўвае. Сціснутае горла — фізічны вобраз скаванасці, якая ўзнікае ад боязі. Сёння людзі кіруюцца шматлікімі страхамі. Адны баяцца няўдачы, другія — меркавання іншых людзей і іх адмовы. Адны маюць страх перад хваробай і смерцю, другія — перад адзінотай і перад тым, што могуць быць пакінутымі. Пасля тэрактаў у ЗША многія баяцца дыверсій, баяцца лётаць на самалётах, баяцца лістоў з узбуджальнікамі хваробы, біялагічнай зброі, якая атруціць ваду і паветра. Св. Блажэй не можа так проста вызваліць ад гэтых перажыванняў. Але, вывучаючы легенду пра яго, разважаючы пра яго гісторыю, мы ўсведамляем, якім чынам справіцца з нашай бояззю. Рыбная костка, якая засела ў горле, — гэта трапны вобраз страху. Штосьці застопарылася ў нас. Чым больш мы гэта цягнем, тым менш яно рухаецца. Наадварот, мы намульваем сябе да крыві. Што мы можам тады рабіць? Нам неабходна прымірыцца з косткай, якая сядзіць у нас, са страхам, які нас ахоплівае. Калі мы размаўляем з тым, што нас палохае, становіцца непрыкметнай атмасфера страху. І чым больш мы адпусцім свае намаганні, тым лягчэй костка можа растварыцца і выйсці.
Легенда пра св. Блажэя запрашае зірнуць на свой страх перад змрочнай рэчаіснасцю. Ты павінен прызнацца Богу ў тваім страху. Аднак выкарыстоўвай Яго не для таго, каб вызваліцца ад твайго страху як мага лёгка і хутка. Наадварот, дазволь Яго позірку пранікнуць у твой страх. Гэта робіць страх нечым адносным. Павер, што ты са сваёй бояззю — у Божых руках, і што на самым дне твайго страху знаходзіцца прадчуванне супакою і свабоды. Ідзі скрозь твой страх у глыб тваёй душы, дзе жыве праўдзівы супакой і сапраўдная свабода. Падчас благаслаўлення ў дзень св. Блажэя, якое існуе ў каталіцкай літургіі з даўніх часоў, дзве запаленыя свечкі трымаюць каля твайго скаванага горла. Такім чынам, праз свечкі дапамога любячага Бога ўдзяляецца хвораму месцу. Гэта абрад аздараўлення, які паказвае, як можа знікнуць страх.
Цеплыня любові знімае ўсё напружанне. У таго, хто ведае, што яго з увагаю і пяшчотаю прымаюць менавіта там, дзе ён моцна чапляецца, знікае ўсялякая скаванасць. Не чапляйся за свой страх, але ідзі скрозь яго. Тады ты адчуеш у глыбіні твайго сэрца тую далікатную любоў, якая прымае цябе з тваім страхам і растварае ўвесь яго цяжар і небяспеку. Твой страх таксама мае права на існаванне. Але ён сутыкаецца з Божай любоўю, якая яго перамяняе і растварае.
Пераклад з нямецкай мовы Алены Шымак.
Паводле: Anselm Grün. Fünfzig Helfer in der Not. Die Heiligen fürs Leben entdecken. — Freiburg, 2002.
Малітва праз заступніцтва св. Блажэя
Пане Божа, праз заступніцтва святога Блажэя, біскупа і мучаніка, збаў нас ад усялякіх хваробаў душы і цела, асабліва ад усіх хваробаў горла. Дай, просім, ласку добрай споведзі, каб мы з надзеяй маглі атрымаць Тваё прабачэнне і заўсёды маглі годна праслаўляць Тваё найсвяцейшае імя. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.