Агульны змест
587 Аднаго разу я нечакана ўбачыла ў агромністай велічы Пана Езуса, які сказаў мне такія словы: Дачка Мая, калі хочаш, Я тут жа ствару новы свет, прыгажэйшы за гэты, і рэшту дзён ты пражывеш у ім. Я адказала: «Я не хачу ніякіх светаў, я прагну Цябе, Езу, я прагну любіць Цябе такою любоўю, якою Ты любіш мяне, аб адным Цябе малю: учыні маё сэрца здольным любіць Цябе. [53] Мне вельмі дзіўна, мой Езу, што Ты задаеш мне такое пытанне, бо навошта мне гэтыя светы — нават калі б Ты даў мне іх тысячу, навошта яны мне? Ты добра ведаеш, Езу, што маё сэрца памірае ад тугі па Табе; усё, што без Цябе, — нішто для мяне». У той момант я ўжо нічога не бачыла, але якаясьці моц ахапіла маю душу, і дзіўны агонь запаліўся ў маім сэрцы, і я пачала як быццам паміраць з-за Яго. І тут я пачула такія словы: Ні з адною душою Я не яднаюся так моцна і такім чынам, як з табою, і гэта з-за глыбокай пакоры і гарачай любові, якую ты адчуваеш да Мяне.
588 Аднаго разу я пачула ў душы такія словы: Мне вядомы кожны рух твайго сэрца; ведай, дачка Мая, што адзін твой позірк на кагосьці іншага раніў бы Мяне [54] больш, чым мноства грахоў, учыненых іншаю душою.
589 Любоў праганяе з душы страх. З таго часу, як я палюбіла Бога ўсёю сваёю істотаю, усёю сілаю свайго сэрца, з таго моманту адступіла боязь, і хоць бы невядома як мне казалі пра Яго правасуддзе, але я зусім Яго не баюся, бо добра Яго спазнала: Бог ёсць Любоў, а Яго Дух — гэта супакой. І цяпер я бачу, што мае ўчынкі, якія выйшлі з любові, больш дасканалыя, чым учынкі, якія я рабіла з боязі. Я даверылася Богу і нічога не баюся, я паддалася Яго святой волі; няхай Ён робіць са мною, што хоча, а я ўсё роўна Яго буду любіць.
590 Калі я прымаю святую Камунію, то прашу і малю Збаўцу, каб Ён аздаравіў мой язык, каб я ніколі не абразіла любові бліжняга.
591 [55] Езу, Ты ведаеш, як горача я жадаю схавацца, каб мяне не ведаў ніхто, апроч Твайго наймілейшага Сэрца. Я хачу быць маленькаю фіялкаю, схаванаю ў траве, невядомаю сярод цудоўнага закрытага саду, дзе растуць прыгожыя ружы і лілеі. Прыгожую ружу і цудоўную лілею відаць здалёк, але каб убачыць маленькую фіялку, трэба нізка схіліцца, — яе выдае толькі водар. О, як я радуюся, што магу так схавацца. О мой Боскі Абраннік, для Цябе — квецень майго сэрца і водар чыстай любові. Мая душа патанула ў Табе, спрадвечны Божа, з тае хвіліны, калі Ты сам паклікаў мяне да Сябе; о мой Езу, чым больш я Цябе спазнаю, тым больш горача Цябе прагну.
592 У Сэрцы Езуса я даведалася, што для выбраных душаў на самым небе ёсць неба, куды не ўсе маюць доступ, а толькі выбраныя душы — неспасцігальнае шчасце, у якім будзе патанаць душа. О мой Божа, я не магу гэтага апісаць, нават самую малую драбніцу. [56] Душы, прасякнутыя Яго Боствам, пераходзяць з аднае ясноты ў другую, гэтая святлынь пастаянная, але ніколі не аднастайная, яна заўсёды новая, хоць ніколі не змяняецца. О Святая Тройца, дай душам спасцігнуць сябе.
593 О мой Езу, няма нічога лепшага для душы, як прыніжэнні: у пагарджанасці ёсць таямніца шчасця, калі душа спазнае, што сама па сабе яна — мізэрнасць і ўбоства, а ўсё, што ў ёй ёсць добрага, — гэта толькі дар Божы, калі душа бачыць, што ўсё ёй дасталося задарма, а сама яна валодала толькі ўбоствам, то гэта трымае яе ў пастаяннай упакоранасці перад Веліччу Божаю, а Бог, бачачы душу ў такім стане, спасылае ёй свае ласкі. Калі душа паглыбляецца ў прорву сваёй мізэрнасці, Бог выкарыстоўвае сваю ўсёмагутнасць, каб узвысіць яе. Калі існуе на зямлі сапраўды шчаслівая душа, то гэта толькі [57] па-сапраўднаму пакорная душа. Спачатку з гэтай прычыны шмат церпіць яе любоў да сябе, але пасля мужнай барацьбы Бог удзяляе душы шмат святла, з дапамогаю якога яна ўсведамляе, якое ўсё мізэрнае і падманлівае. Адзін толькі Бог у яе сэрцы; пакорная душа не давярае сама сабе, але грунтуе свой давер на Богу. Бог абараняе пакорную душу і сам пранікае ў яе справы, а душа тады прабывае ў найвялікшым шчасці, якога ніхто не можа зразумець.
594 Аднойчы вечарам да мяне прыйшла адна з памерлых сясцёр, якая да гэтага ўжо некалькі разоў была ў мяне. Калі я першы раз бачыла яе ў вялікім цярпенні, а пасля, паступова, усё ў меншым цярпенні, то ў гэты вечар я ўбачыла яе прасветленаю шчасцем, і яна сказала мне, што ўжо знаходзіцца ў небе. І яшчэ сказала мне, што Бог [58] спаслаў выпрабаванні на гэты дом, бо маці генеральная паддалася сумненням, як бы не давяраючы таму, што я казала пра гэтую душу. Але зараз у знак таго, што толькі цяпер яна прабывае ў небе, Пан Бог будзе благаслаўляць гэ-ты дом. Потым яна наблізілася да мяне, сардэчна абняла і сказала: “Я ўжо павінна ісці”. Я зразумела, якая цесная сувязь паміж гэтымі трыма перыядамі жыцця душаў, гэта значыць паміж зямлёю, чыстцам і небам.
Пераклад з польскай мовы Крыстыны Лялько.